У Вялікай Гаці рамантуецца помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам

На сённяшні дзень помнік патынкаваны, завершана ўкладка пліткі на пляцоўцы вакол яго. Працэс ідзе шпарка, хоць на момант фотаздымкі ішоў толькі другі дзень работ.
У кнізе «Памяць. Івацэвіцкі раён» сказана, што абеліск быў устаноўлены аж у 1967 годзе. Зразумела, што касметычнага рамонту гэтаму помніку з паўвекавой гісторыяй было ўжо не дастаткова. У мінулым годзе на сродкі Святавольскага сельвыканкама набылі новыя мармуровыя пліты, на якіх выбітыя пяць дзясяткаў імёнаў вяскоўцаў, якія не вярнуліся з фронту ці загінулі падчас вайны. Аднак прыгожыя сучасныя пліты выбіваліся на фоне састарэлага пафарбаванага помніка.
На адным з апошніх вясковых сходаў было вырашана набыць новы крыж, яго ўжо ўстанавілі акурат насупраць нашага абеліску. А сур’ёзны рамонт помніка вяскоўцы б матэрыяльна не пацягнулі. Але да кіраўніцтва сельсавета з прапановай звярнуўся івацэвіцкі прыватнік з вялікагацкімі каранямі. Ураджэнец вёскі Віктар Квашэвіч і выступіў спонсарам добрай справы. І зараз у Вялікай Гаці жывуць яго родзічы, а ў вёсцы не засталося ў жывых ужо ніводнага ветэрана… Мужчына вырашыў дапамагчы аднавяскоўцам у такой важнай справе: ён плаціць за будматэрыялы, за паслугі рамеснікаў з Целяхан.
– Так, рабочыя ўзяліся за справу 19 красавіка, а на мінулым тыдні тут шчыравалі работнікі Вялікагацкай СШ і мясцовыя жыхары, – расказвае старшыня Святавольскага сельвыканкама Анатоль Шчурко. – За некалькі дзён работнікі знялі слаі старой фарбы, зачысцілі помнік, знялі грунт навокал пад укладку пліткай. З неабходным транспартам дапамагае і ААТ «Святая Воля», многія арганізацыйныя моманты на сябе ўзяў стараста вёскі Аляксей Кудравец. У такой справе не бывае дробязей, усім я дзякую за падтрымку, спадзяюся, усе разам мы паспеем з рамонтам да 9 мая.
Дарэчы, помнік вырашылі прыўзняць, яго падсыпалі, не будзе тут больш і агароджы – так яго будзе добра бачна з розных бакоў. Кожны зможа нават здалёк прачытаць імёны і прозвішчы, выбітыя на плітах. Помнік стаіць на перакрыжаванні адразу трох вуліц – Партызанскай, Анодзіна і Лугавой. Гэтае месца ў мясцовых даўно завецца цэнтрам. Зараз на розных баках вуліц размешаны адразу тры экспазіцыі, калі можна так сказаць: помнік загінуўшым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны, крыж і памятны камень з указаннем года заснавання вёскі. Ёсць у планах яшчэ адна экспазіцыя, ідэю пакуль трымаюць у сакрэце, аднак тады, па словах кіраўніцтва, будзе сапраўдны прыгожы цэнтр вёскі. Зараз хапае сіл, энтузіязму і сродкаў на крыж і на помнік – хопіць, упэўнена, і на іншыя задумкі. Галоўнае, каб бераглася памяць, каб былі ў вёсцы прыгажосць і парадак.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.