Выратаваць зялёную зону дапаможа турнікет

У рэдакцыю «ІВ» звярнулася жыхарка Івацэвічаў, якая прасіла пасадзейнічаць у абмежаванні руху аўтамабіляў праз зялёную зону на вул. Леніна ў раёне інтэрната ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» (д. 16).
Справа ў тым, што ўжо дастаткова даўно аўтамабілісты, што рухаюцца ад інтэрната, «зразаюць» шлях і выязджаюць на цэнтральную вуліцу горада праз газон, хоць гэта можна зрабіць па прадугледжанай для гэтага асфальтаванай дарозе. Жанчына сама спрабавала прыняць меры – пагутарыць з вадзіцелямі, абмеркаваць праблему з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі і іншыя. Толькі гэта не дапамагло. І тады яна афіцыйна звярнулася ў рэдакцыю.

Была

У пісьмовай форме разам з фотаматэрыяламі, якія зрабіла рэдакцыя, зварот быў накіраваны ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Адтуль зварот адрасавалі ў ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» і аддзяленне ДАІ – для разгляду і вырашэння праблемы. Прапанавалася ўсталяваць бардзюрны камень ці іншыя тэхнічныя сродкі для абмежавання руху, а таксама прыняць меры ў адносінах уласнікаў транспартных сродкаў, якія ездзяць праз зялёную зону.
У выніку праблема вырашаная. На мінулым тыдні сіламі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» правялі мерапрыемствы па ўстаноўцы металічнай агароджы (турнікета) каля інтэрната па вул. Леніна, якая стала перашкодай для руху транспарту. І яшчэ адна агароджа з’явілася на газоне непасрэдна каля праезнай часткі, дзе колы аўтамабіляў таксама пакінулі след.

Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.