«Жартачкі» інтэрнэт-хулігана прывялі на лаву падсудных

Яшчэ ў сакавіку 2020 года ў праваахоўныя органы з заявай звярнулася Л., жыхарка Івацэвічаў.
Сутнасць: неўстаноўлены зламыснік скарыстаўся, што яе старонка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» адкрытая, і здзейсніў брудны ўчынак: да фотаздымка Л. з дапамогай фотамантажу гэты неўстаноўлены інтэрнэт-хуліган «прымацаваў»… геніталіі мужчыны. І размясціў дадзены «фотавыраб» на старонку Л.
Супрацоўнікі Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта накіравалі запыт у Расійскую Федэрацыю адміністратарам сеткі «Вконтакте». І ў хуткім часе мы даведаліся, хто стаіць за нікам Андрэй Рыбкін. Інтэрнэт-хуліган устаноўлены, узбуджана крымінальная справа па арт. 343 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў».
Хто ж гэты чалавек, які дазваляе сабе абражаць іншых? Перад намі паўстаў малады 25-гадовы хлопец з Брэста, крыху спужаны, нялоўкі і нясмелы, як кажуць, мамін сыночак; тлумачыў, што хацеў пажартаваць, не верыў, што яго знойдуць… Цяпер ён сядзе на лаву падсудных.
Шаноўныя грамадзяне! Інтэрнэт – гэта месца, дзе мы ўжо, прабачце, жывём. Зразумейце, што далікатнасць і павагу да іншых карыстальнікаў сусветнай павуціны трэба дэманстраваць гэтых жа, як і да суседзяў, знаёмых, сяброў. Калі ж вы лічыце, што тут можна абражаць, здзекавацца і насміхацца, то не здзіўляйцеся, што некалі да вас завітаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.