Сяргей Носенка з Целяхан узнагароджаны медалём і Пісьмом падзякі за подпісам міністра абароны Расійскай Федэрацыі Сяргея Шайгу

Праз некалькі месяцаў споўніцца 80 гадоў, як на нашу мірную беларускую зямлю абрушылася фашысцкая армада. Апошнія дні чэрвеня 1941 года былі жахлівымі для Чырвонай арміі, часці якой хаатычна адступалі на Усход. Менавіта на тыя чэрвеньскія дні прыходзяцца максімальныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, хаця, канешне, цяжкімі былі і вызваленчыя баі ў 1944 годзе; нядзіўна, што пошукавыя работы на Брэстчыне і зараз – справа звычайная.
Герой нашай публікацыі добраахвотны памочнік 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Сяргей Носенка з Целяхан сцвярджае і ацэньвае: зроблена толькі каля паловы работы. Нашых самалётаў, да прыкладу, збіта значна больш, чым паднята; паводле інфармацыі, якой раней дзяліліся старажылы з Целяханшчыны, яны, падбітыя, падалі за Краглевічамі, Коланскам, Клятной… Металашукальнік, якім узброены Сяргей, толькі пацвярджае вышэйзгаданыя сцвярджэнні.
Але спачатку давайце пазнаёмімся бліжэй з Сяргеем Носенка. Хаця ён нарадзіўся ва Украінскай ССР (каля Днепрапятроўска), большую частку свайго жыцця – целяханец. Мама – ураджэнка Святой Волі. Чалавек звычайнай працоўнай біяграфіі, зараз працуе звальшчыкам у ПМК-60, жанаты, выхоўвае дзяцей…
Але за стандартнай біяграфіяй – гарачае і неспакойнае сэрца мужчыны, які свае час, сілы і магчымасці накіроўвае на тое, каб рэалізаваць знакамітую максіму вялікага палкаводца: «Вайна скончана толькі тады, калі пахаваны апошні салдат». І, па словах Сяргея Носенкі, Целяханскі край у гэтым сэнсе – месца, дзе яшчэ работы – неаранае поле. Так, цяпер Сяргей і яго аднадумцы праводзяць работу па будаўніцтве магільнага помніка над месцам пахавання воіна царскай арміі ў гады Першай сусветнай вайны.
– Целяханшчыну ў значнай ступені закранулі і Першая сусветная вайна, і Вялікая Айчынная. Нямецкі бок зрабіў максімальна магчымае, каб увекавечыць магілы сваіх салдат і афіцэраў, а вось з нашага боку зроблена яшчэ мала… За гэтай адзінокай магілкай салдата царскай арміі ў лясным масіве паміж Целяханамі і Выганашчамі ажыццяўляе догляд пажылая жанчына з Вулькі-Целяханскай, але нельга дапусціць, што некалі некаму будзе наглядаць за дадзеным воінскім пахаваннем. Робім усё магчымае, каб устанавіць помнік на гэтым месцы…
Прыкладна пяць гадоў таму Сяргей Носенка наладзіў кантакты з такімі ж нераўнадушнымі мужчынамі, галоўная мэта якіх – вяртанне імён герояў, хто не вярнуўся з баявых заданняў.
Удзельнічаў у работах па пад’ёме самалётаў Чырвонай арміі ў Бярозаўскім раёне, на Целяханшчыне (непадалёку ад Выганашчаў) – тут былі ўзняты два самалёты. Сяргей падкрэслівае, што менавіта над Выганашчамі дзейнічаў паветраны калідор, штурмавікі, знішчальнікі і бамбардзіроўшчыкі Чырвонай арміі вярталіся з баявых заданняў менавіта па гэтых калідорах, бо ў балоцістай мясцовасці не паставіш зенітку, іншыя віды зброі, якімі можна атакаваць самалёты. Тым не меней, у першыя дні вайны кантролем у паветры валодалі фашысты, часта нашы лётчыкі прымалі няроўны бой, адбіцца шанцаў было нямнога…
Сяргей вывучаў мясцовасць каля Выганашчаў, дзе падалі збітыя самалёты, пасля інфармацыю перадаваў кіраўніцтву Івацэвіцкага раёна, райваенкамата, упраўленню Міністэрства абароны і 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Браў самы актыўны ўдзел у падняц-
ці – справа патрабавала неверагодных высілкаў! Торф няўхільна засмоктвае цяжкія металічныя прадметы, дрыгва і багна неахвотна вяртаюць ваенныя «рэквізіты». Дапамогу аказвалі і іншыя нераўнадушныя жыхары Целяханшчыны – браты Віталь і Сяргей Каты, Уладзімір Чырко, жыхар Выганашчаў Мікалай Куратнік з сынамі Юрыем і Аляксандрам. Дапамагалі тэхнікай, сродкамі, прадуктамі харчавання, прадстаўлялі жытло…
– Прымаў удзел у пад’ёме шасці збітых самалётаў – на Бярозаўшчыне, пад Брэстам, але найцяжэй было працаваць на пад’ёме дзвюх паветраных машын пад Выганашчамі. Асабліва цяжка – самалёт, у якім загінуў лётчык Голікаў; баявая машына моц-
на пагрузілася ў торф. У балоцістай мясцовасці не выкарыстаеш сродкі механізацыі – паўсюдна ручная праца. Але энтузіясты – людзі непераможныя…
Такая апантанасць і адданасць справе не магла застацца па-за ўвагай: 23 лютага бягучага года Сяргей Носенка, як і некалькі іншых актывістаў, у ходзе ўрачыстасцей, што прайшлі ў Брэсце, Генеральным консулам Расійскай Федэрацыі ўзнагароджаны медалём «За заслугі ва ўшанаванні загінуўшых абаронцаў Айчыны» і Пісьмом падзякі за подпісам міністра абароны Расіі С. Шайгу. Сяргей Носенка за гэтую работу таксама адзначаны і ўзнагароджаны падчас святкавання 1000-годдзя Брэста.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).