88-гадовая Яўгенія Пятроўна Кікун з Альбы – вязень канцлагера

Другі год жанчына жыве ў дачкі Галіны ў Падстарыні, але яе 40 сотак у роднай Альбе не пустуюць. Пад наглядам маці дзеці садзяць тут гародніну, ёсць і вялікае поле з жытам акурат за домам. Яўгенія Пятроўна бядуе гэтай вясной, бо сям’я можа застацца без жыта. Яно добра ўзышло, але з-за марозных начэй з’явілася цвіль. Не сядзець без работы і берагчы кожнае зернетка яе навучылі галодныя гады вайны: канцлагер і работа ў Германіі…

Яўгенія Пятроўна, у дзявоцтве Шмігель, родам з Верашкоў. Калі летам 1942 года за ўсёй сям’ёй прыйшлі немцы, сумненняў у іх не было – вядуць на расстрэл. У сям’і было пяцёра дзяцей, адзіны старэйшы брат Аляксандр быў актыўным камсамольцам, таму Шмігелі былі на асобым кантролі. Сам брат разам з жонкай уцяклі, пасля Аляксандр вернецца з вайны з раненнем. Чатырох сясцёр разам з бацькамі павезлі на возе спачатку ў Калазубы, там падсадзілі на воз яшчэ моладзь, а пасля ў Ваўкавыску пагрузілі ўсіх на цягнік да Беластока. Тут, у канцлагеры, сям’я Яўгеніі Кікун прабыла некалькі месяцаў.
– Нам не дазвалялі боўтацца па тэрыторыі, укінулі ў казарму і загадалі сядзець ціха, – успамінае Яўгенія Пятроўна. – У казарме было безліч людзей: яўрэі, палякі, усходнікі… Мыцца дазвалялі часцей толькі беларусам. Мы хадзілі ў душ, але пасля было так холадна спаць на голых нарах. Коўдру ніхто не даваў, канечне, як і адзенне. У чым прыехалі, у тым і былі з лета да восені. Нас запускалі мыцца ў адны дзверы, а побач былі другія – туды ішлі людзі і ўжо не варочаліся назад. Я пабегла паглядзець, як там мыюцца і чаму ж не выходзяць. Людзі зайшлі туды, адкрыўся нейкі клапан, і ўсе пападалі… Немец мяне ўбачыў, схапіў за каўнер і адкінуў. Ох, пасля маці і сварылася на мяне. На работы я не хадзіла. Толькі памятаю, як працавалі яўрэі – насілі жвір у жменях у адзін дзень да аднаго краю плоту, у другі – да супрацьлеглага.
Елі мы як свінні: раз у дзень давалі нячышчаную бульбу, падкалочаную буйнамолатым аўсом, і хлеб. Нашай малодшай Зіначцы тады не было і двух гадоў, і маці слёзна прасіла аднаго немца даць хоць нешта паесці малой. Ён адпусціў маці з лагера на паўгадзіны, і мясцовыя жыхары далі ёй малака. Добрыя людзі былі і ёсць ва ўсе часы…
Пасля Шмігеляў разам з Ганчарамі, то яшчэ адна сям’я з Верашкоў, на работу ў Германію, пад самы Берлін, забраў немец па прозвішчы Гельшміт. Яму раілі ўзяць менавіта беларусаў, бо яны самыя рахманыя. Сем’і пасялілі ў хляве, а раніцай трэба было ўжо працаваць на зямлі і даглядаць скаціну. Яўгенія Кікун згадвае:
– Дарослыя працавалі з раніцы да ночы, я была за няньку для малых. У тым хляве не было ўмоў, мыліся ў вадзе, якую налівалі каровам. Прыйшла восень, баць-
ка пабудаваў там печку, стала цёпла і чыста. У нашым горадзе было быццам бы мірнае жыццё, але цэлымі днямі мы чулі выбухі, бо непадалёк была знакамітая рака Одэр. У гаспадара за любую дробязь можна было атрымаць па 20 удараў бізунамі. Я аднойчы ўкрала агурок, дык гаспадар спусціў на мяне сабаку. Сабака, вялізны такі, заскочыў мне на плечы і сядзіць. Кінула я агурок, тады наш немец адазваў таго Рэкса. Як я бегла тады дадому… А яшчэ ніколі не забуду мясцовы абутак – драўляныя шлёмбы. Яны завязваліся на назе, цяжкія такія, але ў іх было цёпла, натуральнае дрэва грэла. Адно толькі, як пабяжыш у іх, дык як стукнеш той калодкай па костачцы, здаецца, і зараз яны мне баляць.
Цікавы быў і падыход да харчавання: усё выдавалі па картках на кожнага члена сям’і, у такім выпадку сем’ям з малымі дзецьмі было прасцей – грамы былі аднолькавыя. Два разы на год давалі кабанчыка і ежу для яго. Тую ежу, канечне, людзі пакідалі сабе. Таму праз паўгода, калі немец прыходзіў важыць тушу, на вялікія прывагі разлічваць не прыходзілася. Тое мяса распісвалі па норме на кожнага чалавека. Які б худы ні быў кабанчык, усё роўна распішуць на некалькі месяцаў. А мяса з’ядалася за два тыдні, далей жылі як прыходзілася.
Яшчэ ўспамінала мая суразмоўца шлях дадому. Як у Берліне падскоквалі салдаты, як абдымаліся-цалаваліся, калі пачулі пра перамогу! Падлетак Жэнька толькі расстроілася, калі ўбачыла нашу баявую машыну, за рулём якой сядзеў ужо нежывы шафёр. Той так трымаўся за руль, быццам бы яго яшчэ чакала дарога…
Дзякуй богу, хата Шмігеляў у Верашках уцалела. Аднак радзіма сустрэла людзей беднай і разбуранай. І зноў варылі бульбяныя лупіны, збіраліся ўвечары каля вогнішча цэлай вёскай, неслі на агульны стол хто што мог. І нікога не абгаварылі ніколі, не было ніякага сораму ў ежы. Вось толькі да тых, хто прыехаў з Германіі, адносіліся спачатку насцярожана. Бо на радзіме ішла вайна, а яны быццам у Германіі перачакалі. Пасля размовы з Яўгеніяй Кікун разумееш, там вайна была свая: за ежу, за дзяцей, за здароўе і таксама за жыццё. Бо тое, што малая Жэнька ў лагеры не патрапіла ў той «вогненны» душ, – сапраўдны цуд.
За гады ў Германіі сёстры Яўгенія і Зінаіда (гэта яна двухгадовым дзіцяткам патрапіла ў лагер) вывучылі нямецкую мову і нават забылі сваю. Яшчэ доўга вясковыя дзяўчынкі не разумелі нашых вандроўніц. А Яўгенія Пятроўна і зараз на нямецкай мове і пагаворыць, і нават спяе. Хоча забыць тую мову, а памяць трымае яе ў галаве, як і ўсё астатняе…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.