Еўдакія Кот – удзельніца Вялікай Айчыннай вайны

Яшчэ ў вайну Еўдакія Кот хадзіла ў Івацэвічы да цыганкі, каб папытаць, што будзе з яе бацькам Мікалаем, якога забралі ў канцлагер Калдычава пад Баранавічамі. І цыганка сказала, што бацька яе тройчы будзе стаяць над ямай, але застанецца жывы, доўга не будзе ад яго вестак, але вернецца… Наўздагон цыганка кінула дзяўчыне: «А чаму ты не папытаеш пра сябе? Не хочаш ведаць, а я скажу: кавалераў у цябе будзе, бы лісця не дрэве, але замуж не пойдзеш…»
Усё так і збылося.

Сямейная традыцыя
Еўдакіі Мікалаеўне Кот 13 красавіка фактычна споўнілася 98 гадоў, хаця па пашпарце дата нараджэння запісана 13 сту-
дзеня 1923 года. І мы, не падазраваючы, што ідзём да імянінніцы, пазнаёміліся з удзельніцай Вялікай Айчыннай вайны ў яе свята. Еўдакія Мікалаеўна родам з в. Сярадава, але ўжо больш за 10 гадоў жыве ў Івацэвічах, у хаце пляменніцы Ніны Аляксееўны Хролікавай, якая яе даглядае. Баба Дуня, так называюць цётку з-за ўзросту, у свой дзень нараджэння выглядала святочна, хвалявалася. Перад нашым прыходам яе віншавала з днём нараджэння загадчыца аўтаклуба ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка» Алена Цыбульская са сваімі артыстамі. Расчуленая ўвагай цётка Еўдакія выцірала няпрошаныя слёзы, рукі трэсліся, не слухаліся.
А на развітанне нам далі гасцінец – цукерак. Традыцыя з хаты гасцей праводзіць, частуючы гасцінцам, жыве з тых самых часоў вайны. Еўдакія Кот дала сабе слова, калі выжыве, то ў знак удзячнасці за кожную бульбіну ці кавалачак хлеба, якімі з ёй дзяліліся людзі ў галадуху, будзе частаваць усіх, хто пераступіць парог яе хаты. Гэтую свяшчэнную сямейную традыцыю прадаўжаюць цяпер яе сваякі.

Жыццё да вайны
Пра жыццё сама Еўдакія Кот расказаць не змагла, надта вярэдзяць душу ўспаміны, ды і са слыхам ад старасці праблемы, але калі трэба было што пляменніцы Ніне Аляксееўне ў расказе ўдакладніць, адказвала з ходу, называючы прозвішчы і захоўваючы храналогію падзей. І расказ атрымаўся не толькі пра партызанскае жыццё цёткі Дуні, а і пра подзвіг яе
бацькі Мікалая Ката – дзеда для Ніны Аляксееўны.
Жыла сям’я Катоў да вайны цяжка.
Бацька Еўдакіі Мікалай (дзед для Ніны Аляксееўны) рана асірацеў і выхоўваў яшчэ трое братоў і сясцёр. Малодшы брат Саша ўдзельнічаў у руху супраць польскіх уладаў, за беларускую мову і ўсё беларускае, а сям’я каралася за гэта штоты-
дзень штрафам у пяць злотых. «Няма вядра – 5 злотых (а гэта заробак за тыдзень аднаго чалавека), няма лапаты – зноў пяць злотых… Працавалі толькі на штрафы, – расказвае Ніна Аляксееўна. – У самога дзеда Мікалая было трое дзяцей і тройчы ён быў жанаты. Адразу, як яны вярнуліся з Расіі пасля Першай сусветнай, ён ажаніўся на Наталлі Ярчак з Гошчава. Цётка Еўдакія і мая маці Аляксандра – дзве яе дачкі. Бабуля Наталля, як жалі жыта, папіла халоднай вады, захварэла запаленнем лёгкіх і вельмі хутка памерла. Ёй было 34 гады, дачцэ Еўдакіі – 10, а маёй маці Аляксандры – 6 гадоў. Цётка Дуня ўжо і жала, і касіла, і арала. Тады ўсе ўсё ўмелі рабіць».
Другі раз дзед ажаніўся на сваячцы мамы Колі Гойшыка, але тая памерла пры родах, і дзіця не ўратавалі. І трэці раз ажаніўся дзед Мікалай на Любе, якая і нарадзіла яму ў 1942 годзе трэцяе дзіця – сына Аляксея.
– Цётку Дуню пры паляках узялі служыць да Чапкоўскіх. Гаспадар быў паляк, працаваў начальнікам чыгуначнай станцыі, вельмі добры чалавек, а яго жонка – руская, надта злосная. Потым яна прыслужвала немцам, – дадае Ніна Аляксееўна.
Калі прыйшла савецкая армія ў 1939 годзе, жыццё сям’і Мікалая Ката крыху наладзілася, але не надоўга – пачалася вайна…

Вайна. У канцлагеры Калдычава
У першы год вайны пры адступленні ў хаце дзеда Мікалая спыніліся трое ваенных савецкіх афіцэраў, якія потым арганізавалі партызанскі атрад. З імі дзед меў сувязь. Яго двойчы арыштоўвалі паліцаі, дапытвалі, білі розгамі, каб прызнаўся, што мае сувязь з партызанамі, але той маўчаў. Адпускалі, але вярнуўшыся дадому, дзед ад здзекаў мог спаць толькі на жываце. А на трэці раз здраднік выдаў немцам дзеда Мікалая, і яго разам з 15 вяскоўцамі забралі ў канцлагер Калдычава пад Баранавічамі. У тым страшным канцлагеры дзед Мікалай прабыў каля паўтара года.
Еўдакія некалькі раз хадзіла туды, перадавала просьбы, каб адпусцілі бацьку. У адно з наведванняў яна трапіла якраз у абед, і бацька паказваў, чым іх кормяць. Пахлёбка была – адна вада, ды маленькі кавалачак хлеба. У адзін прыход у Івацэвіцкую камендатуру Еўдакія сустрэла там сваю былую гаспадыню Чапкоўскую. Звярнулася да яе па дапамогу, але тая толь-
кі перадала просьбу, а больш нічым не дапамагла. У Калдычаве быў знаёмы паліцай Жэня Скібар, з якім Еўдакія калісь вучылася ў польскай школе. Ён паабяцаў яе бацьку падказаць, калі трэба папрасіцца на работы ў горадзе. І аднойчы папярэ-
дзіў: «У Баранавічах будуць заўтра грузіць чыгуначныя рэйкі, прасіцеся на гэтыя работы, мо, адтуль удасца ўцячы дадому». Але на гэтай рабоце дзед Мікалай надарваўся і захварэў. Нямецкі доктар, агле-
дзеўшы яго, сказаў, што цяпер ён не работнік і даў дазвол вярнуцца дадому.
Вечарам аднаго са снежаньскіх дзён 1943 года дзед Мікалай вярнуўся дадому. Толькі паспеў памыцца, апрануць сподняе, як пастукалі ў хату партызаны. Яны сказалі, што «адтуль нікога проста так не адпускалі, значыць, ты – нямецкі лазутчык», і павялі з сабой. У партызанскім атрадзе тыдзень яго правяралі, дапытвалі, паставілі над ямай на расстрэл… Знаёмых у партызанах з Волі, з Сярадава і іншых суседніх вёсак было многа, але ўсе баяліся заступіцца, бо не маглі зразумець, як ён змог адтуль проста так вярнуцца. І толькі маці Колі Гойшыка заступілася, сказала, што ведае і ручаецца за яго – ён не мог стаць здраднікам.
Дзед хваляваўся, што немцы знішчаць усю яго сям’ю, бо людзі вясковыя бачылі, што ён пайшоў у партызаны. Тады ў Сярадава прыехалі ноччу партызаны і забралі на возе ўсіх з хаты ў партызанскі атрад.

У партызанах
Дзед добра ведаў лес, і яго бралі на заданні, а яшчэ ён быў майстар, зрабіў добрую зямлянку. Да яго часта заходзілі ў перапынках перад аперацыямі начальнік разведкі Каспяровіч і камандзір Лапацін, запявалі песню «Там у садзе, пры даліне…» Еўдакія была з бацькам у атрадзе імя
Сільніцкага, брыгадзе Дзяржынскага.
Паміж Сярадавам і Няхачавам стаяў нямецкі барак, там было многа немцаў, якія ахоўвалі чыгунку. У той барак на кухню прыстроілі працаваць Еўдакію. Ёй было 20 гадоў. Маладая дзяўчына стала сувязной, і начальніку разведкі Ільі Каспяровічу з Бычы перадавала звесткі пра немцаў, пра якія даведвалася ад старога француза Ганса. Ён крыху размаўляў па-польску, і дзяўчына яго разумела. Яшчэ Еўдакія тайком разам са смеццем і бульбянымі ачысткамі выносіла бінты і лякарствы, а потым іх са сметніцы выграбала і перадавала партызанам. Паказалі ёй праход ад чыгункі да вёскі, бо ўсё вакол было замініравана, пра які яна таксама паведаміла партызанам. А потым немцы заўважылі, што сталі прападаць медыкаменты, і забаранілі на тую палову заходзіць работнікам. Толькі на кухні.
Быў сярод немцаў адзін, які здзекаваўся з Еўдакіі і Нюры, што з ёю працавала на кухні, зневажаў на кожным кроку, абражаў дзяўчын, паказваў ім злыя позы. У адзін з дзён ён прыйшоў, паставіў зброю ў кутку каля сцяны, а сам стаў насупраць акна і пачаў здзекавацца над дзяўчатамі. І Еўдакія схапіла яго зброю і выстраліла. Добра, што куля праляцела над галавой. Іх адразу зачынілі, ачапілі барак. З Івацэвічаў выклікалі каманду немцаў-ахоўнікаў. Немцы крычалі: «Партызан, партызан», для дзяўчат гэта азначала – расстрэл. Але ўратаваў іх Ганс, які заступіўся за дзяўчат. Ён расказаў і яшчэ адзін немец пацвердзіў, што дзяўчаты не вінаваты, што немец іх тэрарызаваў. Суткі ішло разбіральніцтва, пакуль высветлілі ўсё. Дзяўчат адпусцілі, а немца забралі і павезлі ў Івацэвічы. Больш яго дзяўчаты не бачылі.

Аблава
Па вясне 1944 года перад Вялікаднем пачалася аблава на партызан. Разведка паведаміла, што трэба хутка сыходзіць. Першымі, хто ў чым, беглі ў бок балот на Спорава жанчыны з дзецьмі. Дзед Мікалай паспеў забраць Аляксандру, Еўдакіі побач не было. Еўдакія паспела захапіць з сабой жменю сухароў, а на нагах былі толькі лёгкія бацінкі, якія разваліліся праз два дні. Холад, льдзіны на балоце, а немцы бліжэй і бліжэй… Пад вечар выпаў снег, і сляды сталі бачныя. Усе былі ў страху – немінучая смерць. Але на ранак вада паднялася над ільдом, і яны апынуліся ў балоце, па пояс у вадзе. Хто гэтага не перажыў,
уявіць немагчыма. Многія былі босыя, есці не было чаго, усе запасы скончыліся. Баба Люба не вытрымала і з адчаю двухгадовага Аляксея паклала на куст – паміраць… Але следам рухаліся партызаны і прынеслі яго да жанчын, чыё дзіця? Потым наткнуліся на старую забітую карову і, хто не гадзіўся, елі… Баба не ела, схуднела, ледзь ногі валакла… Калі аблава закончылася, дзед з Аляксандрай выпадкова злучыліся з партызанскім атрадам, які стаяў у Спораве. А Еўдакія ў першы дзень Вялікадня апынулася ў атрадзе Бяляева, дзе яе сілы падмацавалі міскай супу. Але ўсе выжылі, Аляксей таксама.

Пасля вызвалення
– Калі вызвалілі раён ад фашыстаў, дзед адразу на фронт пайшоў, – прадаўжае Ніна Аляксееўна.
Мікалай Кот на фронце двойчы быў паранены, браў Берлін, меў узнагароды. Пасля дня перамогі падыходзіць да яго камандзір: «Мікалай Дзмітрыевіч, я загадваць вам не магу, бо перамога, але паколькі вы вясковы, па лесе арыентуецеся, то зможаце суправадзіць – трэба статак кароў пры-
гнаць на радзіму, вярнуць тое, што немцы ўгналі». І гналі яны скаціну з мая 1945 да лістапада 1946-га. Еўдакія Кот успамінала: «Выйшла раніцай, глянула, каля ляска
ўздоўж дарогі ўсё поле чорна-белае, такі вялікі статак быў». Дзед не любіў расказваць пра вайну, але сказаў аднойчы, што гнаць кароў – гэта была яшчэ адна вайна. На іх нападалі ўсе: і немцы, і палякі, і свае. Усё было на нервах, ахоўваць было цяжка…
– А мама з цёткай Дуняй пасля вызвалення раёна засталіся тут. Немцы ўсё спалілі ў вёсцы, а дуб затрымаў агонь, і дзедаў дом застаўся цэлы. Сем сем’яў у ім жылі. Спалі на падлозе, бо ў доме было пуста, – расказвае Ніна Аляксееўна. – Хто, як мог, выжывалі. Суседзі праз некалькі дамоў шнырылі па чужых дамах. На адной жанчыне цётка пазнала блузку, на другой у Івацэвічах – сваё паліто.
Пасля вайны камсамол накіраваў Еўдакію Кот працаваць загадчыцай у магазін у Сярадаве. Паколькі памяшкання не было, то пад магазін адвялі адзін пакой дома. Тавару было: хамут, дугі, пару кілаграмаў цвікоў, мыла дзялілі на некалькі кавалкаў… І яна працавала і ездзіла за таварам у раён. Прастудзілася і захварэла, бо ў адной спадніцы і кофце з камізэлькай – у холад і ў спёку. Загадчыцай была да 1950 года, а калі пабудавалі магазін, яна з 1973 года да 1985-га працавала фасоўшчыцай і прыбіральшчыцай. Замуж не выйшла. Хаця, сапраўды, кавалераў было і са сваёй вёскі, і з Волі, і з Ленінграда, з Краснаярска… І ўсім – не.
Дзед пакінуў хату ў Сярадаве Еўдакіі, а сам перабраўся ў Кушняры. Там яму далі палову дома, але і Дуні дапамагаў. А яшчэ яго сёстры і брат былі на яго шыі… У 1970 годзе ён захварэў, зрабілі аперацыю на апендыцыт і занеслі інфекцыю. Пачалася гангрэна ног.
– Дзед прасіў: «Адрэжце ногі, я хачу жыць», але ўрачы сказалі: «Нашто цябе мучыць, калі праз два тыдні ты памрэш», – расказвае Ніна Аляксееўна. – А ён яшчэ чатыры месяцы жыў. Даглядала яго Еўдакія, а не жонка Люба. Памятаю, неяк майго бацьку папрасіў: «Аляксей, натачы сякеру, адсячы мне косць, толькі дай мне ў рот вады». Бацька мой упіраўся, але дзед настойваў. Тады Аляксей узяў дошку, паклаў пад нагу, натачыў сякеру, падаў вады і… адсек. Які быў моцны!
Ніколі не забуду, як амаль перад смерцю я зайшла да яго, а ён папрасіў адчыніць акно: няхай на мяне пападзе кропля дажджу. Я адчыніла, а ён заспяваў рэвалюцыйную песню. Дождж капае на твар, ён усміхаецца і песню спявае… Сэрца было моцнае. Жыццё было цяжкае… Пасля смерці дзеда жонка хацела выгнаць Дуню з хаты, падала ў суд, а калі сама састарэла, стала нямоглай і нікому не патрэбнай, яе даглядзела Дуня.
…Страшны след пакінула вайна ў жыцці ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Еўдакіі Мікалаеўны Кот з в. Сярадава. «Не дай Бог вайны, не дай», – прычытала жанчына некалькі месяцаў, калі стала неспакойна ва Украіне. З гэтымі словамі яна засынала і прачыналася, пакуль не перасталі ўключаць ёй навіны і расказваць, што адбываецца негатыўнага ў свеце. Таму, хто не перажыў вайны, цяжка зразумець…
І як каштоўна, што пляменніца са сваімі дзецьмі запісвае і захоўвае бясцэнныя ўспаміны і сагравае любоўю адзінокую старасць…
Валянціна БОБРЫК.