«На экскурсію ў Чарнобыль мы б не паехалі»

22 красавіка ў канферэнц-зале ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна» прайшла сустрэча, прысвечаная 35-ай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ініцыявала мерапрыемства Івацэвіцкая раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын».  У зале сабралася моладзь: ліцэісты, далучыўся і прававы клас ДУА «СШ №3 г. Івацэвічы», – былі настаўнікі, супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС, прадстаўнікі пярвічных арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Пра сваю службу ў чарнобыльскай зоне ўспаміналі Леанід Сівеня, Анатоль Грышчэня, Васіль Зубковіч. І раптам нехта ў зале спытаў у гасцей, ці паехалі б яны сёння на экскурсію ў былую зону адчужэння. Кажуць, ёсць у сённяшні час такая магчымасць… Мужчыны казалі: найлепш за ўсё дыхаецца ў родных Івацэвічах. Усё яны яшчэ памятаюць, як надзвычайна цяжка дыхалася ў Чарнобылі, якое сухое там было паветра.

– Тое самае непрыемна пяршэнне ў горле мы адчулі яшчэ па дарозе ў Брагінскі раён, недзе пад Мікашэвічамі, – расказваў Леанід Сівеня. – Мы разам з чатырма калегамі з Івацэвіч адны з першых выехалі ў забруджаную зону, было тое 21 мая. Жылі мы вялікім калектывам у школе на двух’ярусных ложках, за змену ў 12 гадзін трэба было наматаць дзясяткі кіламетраў уздоўж мяжы забруджаных вёсак. Нашы задачы, здаецца, былі простымі: ахова мяжы, дамоў і кватэр ад марадзёраў, работа з мясцовымі жыхарамі, якія насуперак усяму заставаліся ў сваіх дамах…

Пасля службы ў ракетных войсках Леанід Мікалаевіч ведаў пра радыяцыю трохі больш за астатніх, таму і сваім сябрам-калегам падказваў некаторыя хітрасці. Казаў пра абавязковы душ па некалькі разоў на дзень, шматразовую ўборку ў класах, у якіх спалі, сон пажадана на другім паверсе ложка… Аднак іх паехала тады пяцёра з Івацэвіч, у жывых сёння толькі двое.

Успамінаў, як жудасна выглядалі пустыя вёскі з бадзяжнымі жывёламі і разрабаванымі дамамі і Анатоль Грышчэня. Ён патрапіў у гэтую зону ўжо восенню, таму ведаў, чаго чакаць. Шмат яны лавілі ў той час браканьераў, якія палявалі на тых жа ласёў і прадавалі забруджанае мяса людзям. Многія хацелі пажывіцца нават у такой складанай сітуацыі. Успамінаў мужчына, як урадзіла садавіна-агародніна ў той год, а есці нічога было нельга. Хоць, некаторыя збіралі грыбы ў мясцовых лясах…

Васіль Зубковіч і зараз трымае ў памяці начэрчаны на школьнай дошцы каляндар, на якім саслужыўцы закрэслівалі дні ад 15 жніўня да 15 верасня 1986 года. А яшчэ ён хутка ўсвядоміў падчас службы – хадзіць трэба па асфальце, на абочынах радыяцыі будзе больш, не трэба садзіцца на зямлю, нават калі моцна стаміўся. Цэлы месяц у чарнобыльскай зоне яму балела галава, і прайшоў той боль толькі на радзіме.

Успаміналі мужчыны, як раўнялі з зямлёй цэлыя вуліцы, хаваючы радыяцыю разам з людскімі хатамі. Гэта пры тым, што сродкаў абароны, асабліва ў першыя месяцы, было мінімальна. А многія зусім маладыя хлопцы служылі там па прынцыпе «не бачу радыяцыі – таму не баюся яе». А таму нават прасіліся на службу ў зону адчужэння паўторна. Многіх паплечнікаў нашых герояў няма ў жывых, многія хварэюць.   

Шмат гучала пытанняў ад моладзі, пыталіся, ці не было страшна мужчынам ехаць у эпіцэнтр катастрофы, ці можна было ад таго адмовіцца, яшчэ цікавіліся, як чарнобыльцы адносяцца да дакументальных кінастужак на тэму трагедыі, наколькі яны праўдзівыя.

Ад імя арганізатараў прысутным падзякавала член ГА «Беларускі саюз жанчын», галоўны рэдактар раённай газеты «Івацэвіцкі веснік» Таццяна Дылюк. Госці атрымалі памятныя падарункі, і яшчэ доўга пасля завяршэння сустрэчы яны адказвалі на пытанні дзяцей.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.