Зберагчы некранутую прыгажосць прыроды для нашчадкаў маюць на мэце работнікі заказніка «Выганашчанскае»

Калі вы марыце адчуць сапраўднае яднанне з прыродай і адпачыць ад здабыткаў цывілізацыі, атрымаць асалоду ад лясной цішы, на свае вочы ўбачыць маляўнічыя прыродныя ландшафты, багацце расліннага і жывёльнага свету, то лепшага і больш зручнага (асабліва – для жыхароў Івацэвіччыны) месца для гэтага, як рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Выганашчанскае», і не знайсці. А спецыялісты Цэнтра экалагічнай асветы, які размешчаны ў г. п. Целяханы па вул. 17 Верасня, 19, дапамогуць зрабіць ваш адпачынак на ўлонні прыроды максімальна насычаным, карысным і па цікавым маршруце.

Дарэчы, маршруты можна выбраць на свой густ: водны маршрут «Возера Бабровіцкае», арніталагічны маршрут і фотапаляванне, турыстычны маршрут «Целяханскі край», тур выхаднога дня, экалагічная сцяжына «Надліўская града», экстрэмальны маршрут «Партызанская сцежка».

Заказніку крыху больш за 50 гадоў. Калі ён толькі пачынаў сваю дзейнасць, такіх заказнікаў было толькі чатыры на тэрыторыі Беларусі, а на дадзены момант іх ужо налічваецца больш за 80. Аднак сваю ўнікальнасць і адметнасць наш заказнік не згубіў да гэтага часу.

«Выганашчанскае» ўяўляе сабой найбуйнейшы ў Беларусі балотны прыродна-тэрытарыяльны
комплекс. Тэрыторыя заказніка
слаба змененая гаспадарчай і рэкрэацыйнай дзейнасцю чалавека і мае вялікае значэнне як для захавання асобных відаў расліннага, так і жывёльнага свету. Размешчаны заказнік на тэрыторыі трох раёнаў Брэсцкай вобласці: у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім. Агульная плошча – 55047,4 га.

– А калісьці на тэрыторыі заказніка было вялікае возера, плошчай недзе 500 км квадратных. Гэта можна пабачыць і на карце 1860 года (яна трапіла да нас з Санкт-Пецярбурга), якая знаходзіцца ў нашым Цэнтры экалагічнай асветы, – расказвае дырэктар заказніка «Выганашчанскае» Сяргей Габец. – Вучоныя даказалі, што тарфянік фарміруецца па 1 мм за год, а, напрыклад, наша тарфяное ўрочышча «Пагоня» мае таўшчыню больш за
7 м – вось і палічыце, колькі тысяч гадоў яно фарміравалася.

Агінскаму каналу больш за 250 гадоў, ён таксама ёсць на карце 1860 г. З’явіўся канал па загадзе магната Агінскага, будаваўся цэлых 15 гадоў, дзякуючы людской працы.

Калі звярнуцца да польскай карты, якая таксама ёсць у нашым Цэнтры, то там ужо можна пабачыць асушальныя каналы, якія былі зроблены царскімі ваеннымі. Тут было шмат добрых сенакосаў. Гэта вялікая падмога для таго, каб утрымліваць кавалерыю – ёсць чым карміць коней. Ваенныя праклалі тут шмат дарог, каб нарыхтоўваць сена, але ж і лес трапіў у поле іх зроку – драўніну сплаўлялі ў Англію, так Польшча разлічвалася з Англіяй за дапамогу ў вайне з бальшавікамі.

У 60-ыя гады мінулага стагоддзя тэрыторыя цяперашняга заказніка магла патрапіць пад агульную праграму асушэння балот, каб не маршал Цімашэнка. Тут планавалі будаваць электрастанцыю, якая зараз знаходзіцца ў Белаазёрску. Але маршал забараніў: непадалёку з’явіўся палігон, а тут – ваенная паляўнічая гаспадарка і гене-
ральскі домік. Пасля паляўнічую базу і возера перадалі Савету Міністраў, і ўжо далейшае асушэнне балот забараніў праводзіць Пётр Машэраў, бо таксама любіў паляваць, асабліва на вадаплаўных. Вось так захапленне і любоў да палявання збераглі гэтыя месцы ад актыўнага ўмяшання цывілізацыі.

– 15 гадоў таму было арганізавана ўпраўленне заказніка. За гэты прамежак часу ў сем разоў павялічыўся паток іншаземных турыстаў, – дадае Сяргей Габец. – Практычна з усіх краін Еўропы ў нас былі госці (хаця і з Японіі помню дэлегацыю) – кніга водгукаў таму пацвярджэнне. І што нам вельмі імпануе – еўрапейскія турысты прыязджаюць, у асноўным, на фотапаляванне. Каб не сумнавядомы вірус, прыток турыстаў, па нашых падліках, павялічваўся б на 20% кожны год.

Мы спадзяёмся, што экзотыка роднага краю цяпер будзе ў цэнтры ўвагі і жыхароў нашага раёна, і ўвогуле беларусаў. Заказнік «Выганашчанскае» чакае ў госці па сваіх цікавых маршрутах. Шпацыр на свежым паветры, некранутая прыгажосць палескай прыроды не пакінуць вас раўнадушнымі!

Юлія Кавалёва, фота аўтара.