Па слядах бацькі

Андрэй Клютко сёння – галоўны інжынер УП «Івацэвіцкая ПМК-11». Па выніках раённага спаборніцтва сярод асобных катэгорый работнікаў за 2020 год ён прызнаны пераможцам, будучы яшчэ начальнікам участка, і яго імя занесена на раённую Дошку гонару.
Калектыў Івацэвіцкай ПМК-11 вылучыў кандыдатуру Андрэя Уладзіміравіча не выпадкова. Ён, сапраўды, спецыяліст па выкананні спецыфічных работ, такіх, як ацяпленне, вентыляцыя, кандыцыянаванне, газазабеспячэнне аб’ектаў.

З 9 красавіка ён прызначаны галоўным інжынерам прадпрыемства.
Начальнік Івацэвіцкай ПМК-11 Леанід Снарскі казаў: «Я б адзначыў дзелавітасць Андрэя Уладзіміравіча. Ён умее з разуменнем паставіць задачу перад людзьмі і потым спытаць з падначаленых. Дастаткова адказны, даручэнні выконвае своечасова. Летась вёў свой участак і ў той жа час курыраваў работу адной з будаўнічых брыгад. У выніку брыгада Мікалая Дзянішчыка выканала работы дастойна і якасна».

Андрэй Уладзіміравіч родам з Івацэвіч. Пасля заканчэння СШ №4 г. Івацэвічы ён мэтанакіравана паступіў у БНТУ на спецыяльнасць «цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна». Здавалася б, як магла быць цікавай хлопцу такая спецыяльнасць? Тлумачэнне нестандартнага выбару свайго будучага звязана са справай бацькі Андрэя – Уладзіміра Мікалаевіча Клютко, які на той час узначальваў вядомую на ўвесь раён і паспяховую СПМК-23, што выконвала сантэхнічныя і іншыя спецыфічныя будаўнічыя работы. І гэтая спецыфічная арганізацыя была хлопцу знаёмая на справе яшчэ да моманту паступлення. Разам з бацькам ён быў на некаторых аб’ектах, і яму ўся гэтая работа падалася дастаткова складанай і менавіта таму цікавай. Андрэй быў задаволены сваім выбарам, і таму, паступіўшы з жаданнем, вучыўся з лёгкасцю і атрымліваў асаблівае задавальненне пры засваенні тонкасцей прафесіі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта пачынаў з рабочай прафесіі – мантажнікам сантэхсістэм і абсталявання трэцяга разраду. Паступова рос у «бацькавай» арганізацыі: ад майстра да намесніка начальніка і галоўнага інжынера. Потым бацька пайшоў на пенсію, у арганізацыю прыйшоў іншы кіраўнік, а ў 2015 годзе яе аб’ядналі з ПМК-11. З моманту далучэння да ПМК-11 спецыялізаванай СПМК-23 будаўнічая арганізацыя прадаўжае займацца выкананнем спецыфічных будаўніча-мантажных работ, і Андрэй Клютко паказаў сябе прафесіяналам, узначаліўшы гэты ўчастак. Зараз ён асвойвае абавязкі галоўнага інжынера ПМК-11.

– Што цікавага знаходзіце ў рабоце? – цікаўлюся.

– Да кожнага аб’екта патрэбен свой падыход, – адказвае Андрэй Уладзіміравіч. – Сутнасць у тым, што ў кожным аб’екце абавязкова штосьці новае. Таму работу люблю за арыгінальнасць. На дадзены момант рыхтуемся пачаць работы па водапаніжэнні сетак па вул. Філіповіча ў Косаве. Аб’ект складаны, бо паніжэнне трэба весці ў сціснутых умовах на вялікай глыбіні, праколы зноў жа рабіць… Папрацавалі, вядома, да нас праекціроўшчыкі, пошукі зрабілі, але на паперы гэта адно, а ўжывую – зусім іншае. Могуць пры выкананні работ узнікнуць непрадбачаныя сітуацыі, і тады трэба быць гатовым прымаць тэрміновыя рашэнні, карэкціраваць разам з праектантамі.

У размове галоўны інжынер падкрэсліваў, што сёння арганізацыя будуе многа індывідуальных аб’ектаў, якія не паўтараюцца. Да прыкладу, зараз майстры з сантэхнікамі ПМК-11 працуюць на ААТ «Івацэвічдрэў» на рэканструкцыі ГРП. Штосьці на гэтым аб’екце трэба пераабсталяваць па газаправодзе, штосьці дэманціраваць, штосьці перанесці, – словам, дзейнасць нестандартная, у якую трэба «ўключаць мозг».

– Бывае, пасля работы думаеш аб рабоце. Мне не перашкаджае чымсьці займацца дома і паралельна разважаць аб працоўных справах, – дадае Андрэй Уладзіміравіч. – Мая задача – думаць. Важна аб’екты здаваць своечасова і з адпаведнай якасцю работ.

Андрэй Уладзіміравіч, дарэчы, свой дом будаваў сам. На той момант было прасцей у афармленні дакументаў, можна было будаваць па сваім праекце, як падабаецца. І дом атрымаўся арыгінальны, цёплы, эканамічны. Пачынаў яго будаваць хлопец для сябе, на той час яшчэ не ведаючы, хто стане гаспадыняй у доме. Сюрпрызам стала для яго абранніцы, якая працавала ў СПМК-23 бухгалтарам, што пасля вяселля яны будуць начаваць у сваім доме. У ім яшчэ і мэблі не было, але што значыць свой! Цяпер дом – поўная чаша, абстаўлены, утульны. Разам маладыя бацькі гадуюць дачку і сына.

– Што чалавеку для шчасця патрэбна? – спытала напрыканцы сустрэчы.

– Напэўна, цікавая работа і сям’я. Каб хацелася вяртацца пасля працы дадому. І фінансавая складаемая важная. Сям’ю хочацца песціць.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.