Урачыстае адкрыццё раённай Дошкі Гонару прайшло 1 Мая ў Івацэвічах

Ушанаванне лепшых работнікаў і лепшых працоўных калектываў па выніках работы за папярэдні год традыцыйна праводзіцца ў нашым раёне 1 мая – у Свята працы.

Сёлета мерапрыемства пачалося з выступлення намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Алега Раўчэні, які адзначыў, што прафесійнае майстэрства, інтэлект, творчая энергія – аснова развіцця і працвітання нашага раёна. Забяспечаны рост вытворчасці і прамысловай прадукцыі, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, павялічаны сукупныя даходы бюджэту, мы добра папрацавалі на суботніках, карацей, зроблена многае, каб нашы гарады і вёскі сталі дагледжанымі і прыгожымі. Алег Васільевіч падзякаваў за плённую працу лепшым работнікам і працоўным калектывам, пажадаў здароўя, дабрабыту, вясенняга настрою і аптымізму.

Лепшым работнікам (мы называлі іх ў райгазеце ў нумары 19 за 13 сакавіка), чые імёны занесены на раённую Дошку Гонару, уручаны пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку Гонару, падарункавыя сертыфікаты і кветкі. Да прысутных таксама звярнуўся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Паўшко, які адзначыў, што асаблівай павагі заслугоўваюць тыя кіраўнікі і тыя калектывы, хто пралічыў сітуацыю на некалькі крокаў наперад. Ігар Канстанцінавіч уручыў кіраўнікам працоўных калектываў, занесеным на раённую Дошку Гонару, караваі.

Аляксандр ГОРБАЧ.
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).