Яго называлі «Амега»: удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Віктар Антонавіч Хараўчук – пра лёс і свае ваенныя прыгоды

92-гадоваму Віктару Антонавічу Хараўчуку было дванаццаць, калі ў яго родным Гошчаве загаспадарылі немцы. Але і ён, як умеў, як мог, набліжаў Дзень Перамогі і выпадкова стаў уладальнікам «залатога» дакумента, які ў важны момант пацвердзіў яго ўклад у агульную барацьбу. Жыццё яго было цесна звязана з чыгункай: з маладосці і да пенсіі працаваў машыністам у прыбалтыйскай Рызе, а ў ваенны час быў сувязным і ведаў усё пра тое, што везлі немцы ў цягніках, якія рухаліся праз Няхачава. Але пра ўсё па парадку.

Віктар нарадзіўся ў Гошчаве ў 1929 годзе. Разам з бацькамі і сястрой Лідай жылі яны на хутары, і гэтая акалічнасць паўплывала на Віцеў лёс, вызначыла яго ролю ў ваенны час. Пра тое, што пачалася вайна, даведаліся, калі ўбачылі, што па надворку ходзяць немцы. Бацька быў у нямецкім палоне ў Першую сусветную вайну, таму адразу пазнаў няпрошаных гасцей. Немцы шукалі, чым пажывіцца, сагналі курыцу з яек, перасыпалі іх у каску. Бацька ўзяў адно, разбіў, а там, лічы, кураня. Вярнуліся яйкі з каскі ў гняздо, а немцы – з хутара ў вёску.

Праз некаторы час на хутар ізноў завіталі людзі са зброяй – толькі было тое ноччу. З печы Віктар назіраў за тым, як на кухонным стале развярнулі карту нашы салдаты. Гэта былі накіраваныя ў нашы лясы вайскоўцы часці асобага прызначэння, яны спусціліся з неба ў прамым сэнсе гэтага слова – з парашутамі. Віктар запомніў чорныя паліто з каракулевымі каўнярамі, новенькія аўтаматы. Вайскоўцы хацелі прайсці да партызанскага атрада Дзімітрава – і так, каб не напароцца на немцаў ды паліцаяў (у Гошчаве стаяў гарнізон). Бацька падказаў, намаляваў маршрут на карце.

З усіх салдат, што завіталі ў хату, у аднаго не было галаўнога ўбору, а на вуліцы – зіма, сцюжа. Аказалася, немцы заўважылі вайскоўцаў тады, калі яны перабіраліся праз чыгунку, і абстралялі іх. Падчас абстрэлу адзін салдат упаў і згубіў шапку. Віктар скокнуў з печы і аддаў яму сваю. Вайскоўцы запомнілі хлопчыка, і праз час адшукалі яго і прапанавалі супрацоўніцтва.
З камандзірам часткі Віктар сустрэўся на хутары свайго дзядзькі каля Заполля. Там ён прыняў прысягу і быў залічаны ў дыверсійную групу «Смерш». У Віці з’явіўся псеўданім – «Амега», і ўсе каштоўныя звесткі, якія ён перадаваў камандзіру, падпісваліся гэтым псеўданімам.

Пра рызыку і «залаты» дакумент

Віктар Антонавіч расказаў мне пра самае важнае і адказнае заданне, якое яму даручылі – арганізаваць у Няхачаве пункт, дзе можна было б весці кругласутачнае назіранне за чыгункай і запісваць, што немцы вязуць на фронт ці з фронту. Назіральны пункт зрабілі на гарышчы адной хаты, Віктар падабраў чацвярых хлопцаў, якія вялі назіранні і дзень, і ноч, а запісы ў атрад перадаваў самастойна. З атрада радысткі перадавалі звесткі ў штаб фронту. Заданне было адказнае і рызыкоўнае, але работу наладзілі.

Праўда, здаралася ўсякае. Неяк Віктар нёс канверт з запісамі па дарозе, што паміж Няхачавам і Гошчавам, і ўжо меў намер звярнуць на хутар, дзе яго чакалі сувязныя, але не паспеў. Засвісталі кулі. Па дарозе ехала нямецкая машына, і яе абстралялі партызаны. Разам з немцамі і паліцаямі, плячо ў плячо, ляжаў Віця ля дарогі, а ў кішэні канверт апякаў цела, круцілася думка: а што, калі згле-
дзяць яго ношу ворагі? Пакуль ляжалі і чакалі развіцця падзей, Віця незаўважна выкапаў у пяску яму, пераклаў у яе канверт і засыпаў яго. Разам з паліцаямі дабраўся да Гошчава – што ён, хлапчук, адпусцілі і не абшуквалі. А пасля вярнуўся на тое месца, забраў канверт і перадаў сувязным.

Калі фронт пачаў рухацца, у 1944 годзе, камандзір часткі ўручыў Віктару пасведчанне, дзе было надрукавана, дапісана чарнілам, што Віктар Антонавіч Хараўчук знаходзіцца на службе ў дзеючай Чырвонай арміі вайсковай часці 74116 асобага прызначэння і выконвае асобыя заданні ў тыле праціўніка. Ёсць і подпіс, і пячаць.
Віця аддаў дакумент маці, а тая скруціла яго, укінула ў бутэльку і закапала яе. Так дакумент захоўваўся да вызваленне. Пазней, ужо ў г. Рыга, калі Віктар Антонавіч звярнуўся за пасведчаннем
удзельніка вайны ў ваенкамат па месцы жыхарства, спачатку яму адмовілі – маўляў, «ваш год у армію не прызываўся». І адправілі ў рэспубліканскі ваенкамат да аднаго палкоўніка, слова якога мела вагу, – «як ён скажа, так і будзе». Палкоўнік паглядзеў дакумент, дастаў з сейфа кнігу, знайшоў у ёй нумар асабовай часткі і сказаў Віктару: «У вас «залаты» дакумент. Вяртайцеся ў ваенкамат. Там вас будуць чакаць». І сапраўды, чакалі – з пасведчаннем удзельніка вайны і ордэнам.

Той самы «залаты» дакумент В. А. Хараўчука, датаваны 1944 годам.

А жыццё не спынялася…

Што яшчэ помніць Віктар Антонавіч пра жыццё падчас вайны? Помніць тое, што яно не спынялася. Згадвае і сумныя, страшныя моманты, напрыклад, гісторыю пра тое, як немцы чуць не спалілі Го-
шчава, ды дапамог мясцовы бацюшка. Былі і гісторыі камічныя. Неяк партызаны пусцілі пад адкос нямецкі цягнік, а некалькі вагонаў у ім былі з віном. Вяскоўцаў паклікалі, каб перакуленыя вагоны разгрузіць. Быў сярод іх і Віця. Дык частку скрынь грузчыкі здолелі прыхаваць у лесе. Весела было па вечарах на хутары ў Хараўчукоў… Жыццё ёсць жыццё – тут плачуць, а тут скачуць.
Вайна скончылася, і Віктара забралі ў армію. Адслужыў і стаў працаваць у Гошчаўскай школе, выкладаў ваенную справу. А пасля пайшоў вучыцца ў трохгадовую школу машыністаў, скончыў яе ў 1956 годзе і паехаў працаваць у Рыгу. Быў машыністам да пенсіі, потым год адпачыў – і зноў уладкаваўся на працу, у кацельню санаторыя «Белоруссия». Рабіў на пенсіі яшчэ 9 гадоў – хапала сілы і здароўя.
Пра работу машыніста сказаў адно – была яна цяжкая, адказная, але цікавая. Ён кіраваў пасажырскімі цягнікамі, якія хадзілі ў Маскву, у Талін, у Вільнюс… Давесці цягнік з пункта А ў пункт В не было лёгкай задачай. І помніць субяседнік, як аднойчы спыніў грузавы састаў, які не жадаў слухацца машыніста, у адным метры ад сутыкнення з другім цягніком, за крок да крушэння.

Усе пайшлі, а ён застаўсяПасля развалу СССР пацягнула Віктара Антонавіча на радзіму. Пераехаў з Рыгі ў Івацэвічы разам з жонкай ў 1996 годзе, купіў дом, дзе жыве і цяпер ужо 25 гадоў. Праз некаторы час дачка з унукамі таксама перабралася ў наш райцэнтр, цяпер даглядае за татам – жыве з ім у адной хаце.

Жонка Соф’я Мікалаеўна, якая была настаўніцай пачатковых класаў, памерла нядаўна, на 89-м годзе жыцця. Яна была таленавітым педагогам, настаўніцай ад Бога, бацькі яе вучняў станавіліся для яе блізкімі сябрамі. Больш за 60 гадоў пражылі Хараўчукі разам і мелі, акрамя адзінай дачкі, унучку, унука і дзве праўнучкі. З асаблівай цеплынёй Віктар Антонавіч расказвае пра сям’ю.
Адну ўнучку, Валерыю, дзед гадаваў, песціў з ранняга маленства, бо пасля нараджэння дачка захва-
рэла і патрапіла ў бальніцу, жонка тады яшчэ працавала, а ён акурат пайшоў на пенсію. Помніць, што выдалася тады суровая зіма. І тэмпература ў рыжскай кватэры апускалася да трох градусаў. Набыў ён абагравальнік і з яго дапамогай наганяў тэмпературу ў адным з пакояў да 20 градусаў, там і гушкаў унучку на руках, карміў, мяняў пялюшкі. Унукі раз’ехаліся, але часта наведваюць дзеда, і сцены ў яго доме – у фотаздымках блізкіх і родных.

Так супала, што і дзед аўтара гэтых радкоў – з Гошчава, партызаніў у атрадзе імя Дзімітрава і добра ведаў Віктара Антонавіча – іх сем’і жылі па суседстве, бо пасля вайны Хараўчукі перавезлі хату з хутара ў вёску з-за пасляваеннага бандытызму. У фотаальбоме Віктара Антонавіча знайшоўся фотаздымак з «залатога» вяселля бацькоў, дзе ёсць і мой дзед Мікалай, запрошаны на свята як сябар і сусед. З горыччу субяседнік зазначыў: з усіх лю-
дзей, што ўсміхаюцца з фотакарткі (а іх там каля дваццаці), цяпер жыве толькі адзін – ён сам. Усе пайшлі, а ён застаўся, і няма сяброў юнацтва, ды нават знаёмых, хто помніць тыя падзеі, хадзіў тымі сцежкамі, што і гаспадар дома па вул. Чырвонаармейская. Яго называлі «Амега», як і апошнюю літару грэчаскага алфавіта.
«Адбыло, адплыло, адцвіло», – сказаў мне Віктар Антонавіч, стоячы на ганку, абапіраючыся на кульбу, з разгубленай усмешкай на твары. Але яблыні ў яго садзе, міма якіх я, натхнёная цікавай размовай, ішла да веснічак, упарта збіраліся зацвісці ізноў…

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара
і Валерыя МІСКЕВІЧА.