Маршал Перамогі Канстанцін Ракасоўскі нарадзіўся ў Целяханах!

Аб гэтым сведчыць запіс у метрычнай кнізе Целяханскай царквы, знойдзены ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь.

Да гэтага часу месца і час нараджэння заставаліся “цёмнай плямай” у жыцці Канстанціна Ракасоўскага. Усе запісы ў яго біяграфіі – толькі з яго сведчанняў, ніякіх дакументаў не было зафіксавана. Маршал называў сваім месцам нараджэння Варшаву, пазней – горад Вялікія Лукі ў Расіі. Аднак справядліва зазначыў у сваёй кнізе “Ракасоўскі” рускі пісьменнік-даследчык Барыс Сакалоў: “Абсолютно точно узнать день рождения Константина Рокоссовского удастся в том случае, если будет найдена запись о его рождении в церковно-приходской книге. Следовательно, надо попытаться найти в архивах церковно-приходские книги того православного храма Варшавы, в котором крестили Рокоссовского. Но надеяться на то, что что-нибудь удастся найти в архивах, вряд ли стоит — две мировые войны самым пагубным образом сказались на состоянии польских архивов”.

Сёння мы кажам пра тое, што такі запіс знойдзены. Не ў Варшаве, а ў Мінску.

Гісторыя знаходкі

Знаёмцеся: Уладзімір Міхайлавіч Абрамчук, ураджэнец вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна. Жыў і працаваў ён у Мінску, у будаўнічай арганізацыі. Цяпер – на заслужаным адпачынку, вярнуўся ў бацькоўскі дом і пакрысе абнаўляе яго ўнутры і звонку.

– Не адзін раз на свята вёскі сустракаўся з былымі сябрамі-равеснікамі, – расказваў падчас нашай сустрэчы Уладзімір Міхайлавіч. – Нас усіх прыцягвае свая радзіма. І хочацца, канешне, большага: ведаць свае карані як мага глыбей. З’явіўся ў мяне час, з’явіўся пэўны вопыт работы з архівамі. І вось аднойчы праглядваў метрычную кнігу нашай Целяханскай царквы (а Соміна ўваходзіла ў прыход гэтай царквы). Шукаў, канешне, знаёмыя прозвішчы, найперш свайго роду. І раптам быццам спатыкнуўся на адной старонцы – там прозвішча Ракасоўскі… Перачытаў колькі разоў, не можа быць памылкі і не можа быць выпадковага супадзення…

Давайце зірнем разам. Перад намі копія метрычнай кнігі, зробленая ў Нацыянальным архіве па афіцыйным запыце раённай газеты “ІВ”. Расчытваем: дзень нараджэння – 3 верасня, дзень хрышчэння – 4 верасня, імя народжанага – Канстанцін, бацькі: дваранін Ксаверый Вікенціеў Ракасоўскі рымска-каталіцкага веравызнання і законная жонка Антаніна Іванова праваслаўнага.

Падрабязны артыкул чытайце ў бліжэйшым святочным выпуску “ІВ” (8 мая).

Валерый Гапееў