Як у Аброве святкавалі Намскі Вялікдзень

Аброўскі абрад «Намскі Вялікдзень» – гэта традыцыйны, старадаўні хрэсны ход па вёсцы, які адбываецца штогод у першы чацвер пасля Вялікадня (цяпер 6 мая).

З 2009 года ён разам з іншымі нематэрыяльнымі помнікамі культуры (абрадамі, традыцыямі) унесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

Гісторыя ўзнікнення аброўскага абраду ляжыць далёка «за польскім часам». Як расказваюць сталыя аброўцы: было такое некалі, прыйшла на вёску вялікая бяда – сталі паміраць малыя дзеці. І нідзе не маглі знайсці паратунку вяскоўцы. І вось тады нехта падказаў, што трэба, каб за адну ноч жанчыны саткалі ручнік для абраза Божай Маці і з ім абышлі ўсю вёску – ад хаты да хаты. І жанчыны саткалі. А раніцай з абгорнутым саматканым ручніком абразом Маці Божай, які уставілі ў «хатку» з адмысловымі ношамі, што таксама былі зроблены за адну ноч, абышлі з малітвай усю вёску, спыняючыся і бласлаўляючы гаспадароў кожнай хаты.

І так прагналі бяду са сваёй вёскі.

Сёння святочная працэсія з ліхтаром, крыжом, харугвамі, хаткай з тым самым абразом Маці Божай, Захавальніцы Аброўскай, якая некалі ўратавала аброўскіх дзяцей, пачынае свой ход ад Свята-Міхайлаўскай царквы. Сустракаюць аброўцы хрэсны ход традыцыйна: перад хатай выносіцца стол, на якім – хлеб, або пірог, яйкі, кветкі і ахвяра для царквы. Ля кожнага такога стала прыпыняецца працэсія, радасна вітаючы людзей узнёслым «Хрыстос уваскрос!» Настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы айцец Расціслаў Рэдзько чытае над галавой гаспадароў урывак з Евангелля, бласлаўляе іх і акрапляе святой вадой.

Пад спяванне святочных велікодных кандакоў вестка аб уваскрашэнні Хрыста яшчэ раз ідзе па вёсцы: атрымліваецца, што, літаральна, кожнаму, нясуць Благавест – «нам Вялікдзень», адсюль і назва – Намскі Вялікдзень…

Немалы шлях трэба адолець хрэснаму ходу, і каб абысці ўсе вуліцы аграгарадка Аброва, паўдня мала. І ён ідзе з ранку да вечара, не зважаючы на дождж, вецер, – нясе, як спяваецца ў святочных песнаспевах, радасць усяму свету Уваскрашэння Хрыстовага.

Валянціна Бобрык