На базе Івацэвіцкага ГДК адбыўся агляд-конкурс абласных святаў

Песеннага форума «З любоўю да песні», бардаўскай і аўтарскай песні «Наедине со всеми», свята-конкурсу духавой музыкі «Фанфара-2021», а на базе Амяльнянскага і Святавольскага СДК паралельна ладзілася свята фальклорнага мастацтва «Таночак».

Салісты і калектывы нашага раёна радавалі сваім майстэрствам, дарылі добры настрой і ўражвалі сваімі талентамі гасцей і журы. Сапраўды, Івацэвіччына – гэта край паэтаў, рамантыкаў, добрых і шчырых людзей, якія сваёй прыязнасцю і гасціннасцю раскрываюць усю прыгажосць беларускай душы. Праз талент нашых землякоў, праз пявучую беларускую песню ў душы нараджаўся гонар за родны кут.

Дзіцячы фальклорны калектыў Аброўскага СДК паказаў легенду пра Лялю.

«З любоўю да песні» – у гэтым песенным форуме прынялі ўдзел салістка Косаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ларыса Скарына, дуэт Косаўскай ДШМ Аляксандр Савіцкі і Алена Каліноўская, вакальны ансамбль «Мелодыя» Косаўскай ДШМ (мастацкі кіраўнік Аляксандр Савіцкі), узорны хор «Ліра» (мастацкі кіраўнік Алена Кныш, канцэртмайстар Анастасія Цымбарэвіч) ДУК «Івацэвіцкі гарадскі Дом культуры», салістка хору Вікторыя Грыбоўская. Выканаўца народнай песні Аляксандр Мішэнкоў (Івацэвіцкі ГДК) спяваў беларускія народныя песні «У нізенькай хаце», «Запрагайце хлопцы коней» а сареllа. У выкананні Вольгі Харужай, спявачкі з Івацэвіцкага ГДК, таксама гучалі творы а сареllа. Пад акампанемент Аляксандра Серады выступала салістка Падстарынскага СДК Валянціна Кляўцэвіч.
На пацвярджэнне наймення «народны» праграму працягнула выступленне народнага інструментальнага ансамбля «Гоман» (мастацкі кіраўнік Наталля Бусяцкая) Косаўскага ГДК ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка».

Амяльнянскія «задорынкі» на «Деревенских посиделках».

Са сваім успрыманнем і разуменнем вершаў, пакладзеных на музыку, на сцэну выходзілі выканаўцы, удзельнікі конкурсу бардаўскай і аўтар-
скай песні Сяргей Клімуш з Мілейкаўскага СДК, Дзмітрый Куцко з Гортальскага і Сяргей Курлыгін з Быценскага СДК.
Уразілі гасцей і журы ўдзельнікі свята-конкурсу духавой музыкі «Фанфара-2021». Упершыню са сваёй праграмай перад журы з вобласці выступаў дзіцячы ансамбль духавых інструментаў «Быценскія дударыкі» з Быценскай ДШМ пад кіраўніцтвам Сяргея Сіманчука. Завяршыў праграму свята-конкурсу духавой музыкі народны духавы аркестр (мастацкі кіраўнік Анатоль Юркевіч) ДУК «Івацэвіцкі ГДК».
Свята фальклорнага мастацтва «Таночак» пачалося ў Амяльнянскім СДК. Удзельнікі гуртка песні, танца і гульні «Задорынкі» (мастацкі кіраўнік Валянціна Сагановіч) падрыхтавалі «Деревенские посиделки». Хлопчыкі і дзяўчынкі і спявалі, і танчылі, і ігралі на лыжках, і пралі пражу за вясковымі размовамі… журы з вобласці пазнаёмілася з творчасцю Марыі Каткавец, якая падрыхтавала да свята персанальную выстаўку і выстаўку работ дзіцячага гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што працуе ў Амяльнянскім СДК.

Юная салістка Гошчаўскага СДК
Вікторыя Матарас з баяністкай Марыяй Муха.

Мы пераязджаем у Святую Волю. Тут дзея пачынаецца з выхаду на сцэну незвычайнага героя – добрага Хатніка. Ён малады, яму толькі 102 гады. І не толькі ён хатнік, а хатнік-чараўнік.
Гэта ён выконвае жаданні гаспадыні, якая захацела, каб прыйшла ў хату Каляда. З абрадам «Ішла Каляда па сялу» выходзяць на сцэну ўдзельнікі дзіцячага аматарскага аб’яднання «Чароўны свет» Святавольскага СДК. Пэўна, многія чакалі б калядоўшчыкаў з задавальненнем, калі б бачылі, як гэта прыгожа і цікава бывае… Пелагея Сілка чаравала цудоўным выкананнем абрадавай вясновай песні «Ой, вясна-вясна», запісанай ад 90-гадовай жыхаркі в. Вялікая Гаць Вольгі Навумаўны Пушыла. Песні, запісаныя ад той жа вялікагацкай доўгажыхаркі «Туман ярам», «Чубарыкі, чубчыкі», прагучалі ў выкананні салісткі Святавольскага СДК Ксеніі Трусевіч.
З інсцэніроўкай легенды пра Лялю выступілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву Аброўскага СДК.
У гэты дзень адбылося знаёмства з запаляначкамі Марылькай і Ірынкай. У прыгожым беларускім адзенні, якое насілі бабулі і прабабулі, Марыя Шурко і Ірына Паўлоўская, удзельнікі калектыву мастацкай творчасці Запалянскага СК, чыталі «Запалянскія лічылкі», запісаныя ад мясцовых старажылаў Марфы Іванаўны Шчурко і Аляксандры Мікалаеўны Гоган. А раман Лазоўскі расказаў легенду «Чаму на зямлі добрыя і ўсялякія людзі жывуць», запісаную ад той жа Марфы Іванаўны.
Паланіла журы выступленне юнай салісткі Гошчаўскага СДК Вікторыі Матарас, якая спявала беларускую народную песню «Як на рэчачцы, на дошчачцы» і прыпеўкі, запісаныя ад Надзеі Сцяпанаўны Кот, 1949 г.н.
Удзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці Гортальскага СДК «Гарталяначка» прыехалі на свята не з пустымі рукамі – з гортальскімі вясельнымі і абрадавымі песнямі і гульнямі. Цікава было паглядзець, як гулялі калісь у гульню «Вужыкі», дзе завадатарам быў самы хуткі, як вужык, хлопчык. Запісаная была гэтая гульня пры жыцці 82-гадовай Таісіі Міхайлаўны Дзягцярык.
Свята ўдалося. А ў народных касцюмах, з яскравымі вышытымі на розны лад кветкамі, гэта было свята прыгажосці, якое сведчыла, што маем мы каштоўную спадчыну. І як цудоўна, што ў нас – таленавітых і добрых людзей цераз край, хоць лыжкай мяшай!

Абрад «Валачобнікі»

Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Каланянка» Амяльнянскага СДК падрыхтаваў велікодны мясцовы абрад «Валачобнікі» і ў чарговы раз пацвердзіў званне «народны».
Аб калядоўшчыках чулі ўсе, а аб валачобніках ведаюць нямногія. Гэта тыя ж вясёлыя кампаніі, якія абыходзілі дамы, славілі Хрыста і атрымлівалі ад гаспадароў шчодрыя падарункі на Вялікдзень. «Каланянцы» хацелася пакланіцца ў ногі, за тое, што захавала і аднавіла гэты амаль забыты абрад.
…У вясковым стылі аформленая сцэна з печчу, на якой віселі вязкі цыбулі і часнаку, непаўторныя народныя касцюмы герояў дзеі і іх свабодная, няспешная ігра шчымліва паланілі і дарылі адчуванне прыгажосці таго самага дарагога Вялікадня, якое памятаецца з дзяцінства. У кожным выразе герояў іскрылася шчод-
расць, выхаванасць, вытанчанасць і мудрасць нашых продкаў і гэта захапляла.
Дзея пачынаецца ў хаце сямейнай пары, якая рыхтуецца да Вялікадня. З печы дастаюцца пірагі і гаспадыня збіраецца ў царкву на Велікодную службу. А пад раніцу, калі сямейная пара сабралася паснедаць, у хату стукаюць валачобнікі – кампанія вяскоўцаў з запявалаю і гарманістам.
Гаспадары запрашаюць гасцей за стол і сняданак ператвараецца ў свята. За сталом славяць Хрыста і спяваюць песні, якія так любілі спяваць іх бацькі і дзяды, вытанчана танчаць і гуляюць у велікодныя гульні, «мацуюць» на зуб велікодныя чырвоныя яйкі. А потым госці дзякуюць з прыпеўкамі і частушкамі за шчодрасць гаспадароў дома, а гаспадыня ў адказ кладзе ў кош прыгатаваныя велікодныя пачастункі і прыгаворвае пажаданні: «Пляшка, коб мэцно спявалі, сало, коб здужалі ходзіці, пірэг харошы, коб упіралі ў небо грошы, каўбаска, шоб не мінулі нашу хату на следушчу Паску».
Ганна Пракаповіч, вядучы метадыст па фальклору і этнаграфіі ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр», дзякавала кіраўніку «Каланянкі» Зоі Янковіч, а таксама ўдзельнікам Таццяне Янковіч, Любові Драня, Марыі Агрэніч, Алене Роік, Івану Прыгодзічу, Уладзіміру Сліжу, Аляксею Собка і акампаніятару Вадзіму Галоўчыку за захаванне сапраўднага народнага мастацтва, за цудоўную перад-
святочную праграму, а «каланянцы» ў адказ сыпалі чыстым спевам, не адпускалі…
Валянціна БОБРЫК,
фота аўтара.