Мантаж 10 модуляў для скейтбардыстаў завяршаецца на скейтпляцоўцы ў парку на Механізатараў у Івацэвічах

Дадзеная скейтпляцоўка распрацавана ў першую чаргу для моладзі і падлеткаў – прыкладна з 14 да 18 гадоў. Займацца тут можна на скейтбордах, роліках, самакатах і нават спецыяльных веласіпедах.

Што тычыцца фігур і модуляў, то ў першую чаргу адзначым скейтплазу, фанбокс і мінірампу – самыя запатрабаваныя, стандартныя і масавыя фігуры для таго, хто выкарыстоўвае скейтборд ці трукавы самакат. Гэта дубляж і імітацыя гарадскога асяродку – парапетаў, пандусаў, лесвіц, спускаў. І адточваць майстэрства цяпер можна тут, а не недзе ў іншым непрыстасаваным месцы. Вышэйзгаданыя фігуры выкарыстоўваюцца разам з квотарпайпам і бэнкам.

Праводзіцца ўстаноўка і вузкапрофільных элементаў: кікер – асобны кароткі трамплін для набору хуткасці і адпрацоўкі скачкоў; квотарпайп – базавая фігура для набору хуткасці на скейтбордзе ці трукавым самакаце; мэнуал пэт – фігура для трэніроўкі балансу для руху на адным коле, бэнк – разгонка з крутым ухілам…

Нагадаем, скейтборд стаў алімпійскім відам спорту, на бліжэйшай Алімпіядзе ў Токіа запланаваны спаборніцтвы скейтбардыстаў. Іншымі словамі, – гэта перспектыўны занятак!

Аляксандр ГОРБАЧ.