Ці можа сужыцельніца прэтэндаваць на спадчыну?

Ёсць людзі, грошы да якіх прыстаюць. Яны ўмела кіруюць даходамі, тонка адчуваюць кан’юнктуру валютнага рынку, – карацей, без грошай не застаюцца. Менавіта такім чалавекам быў Міхаіл Ф. (тут і далей імёны несапраўдныя), жыхар адной буйной вёскі на Целяханшчыне. Гэты мужчына ніколі не быў жанаты, пражываў з бацькамі ў адным доме, а калі яны памерлі – прыняў спадчыну, распараджаўся ўсімі сямейнымі накапленнямі. Грошы ў яго вадзіліся, ён трымаў іх на двух рахунках, і калі трэба было дапамагчы каму-небудзь з астатніх трох родных братоў, то здымаў і дзяліўся, а таксама ажыццяўляў догляд за адным з братоў, які мае адхіленні ў псіхічна-фізічным развіцці.

Хаця Міхаіл Ф. не быў жанаты, тым не меней, ён падтрымліваў адносіны з Жаннай Т. – жанчынай, якая ўжо паспытала сямейнага шчасця, выхоўвала дзвюх дачок і якая адмовіла Міхаілу на яго прапанову стварыць сям’ю, хаця ён ужо і заручальны пярсцёнак купіў ёй. Не захацела – і ўсё тут. Маўляў, у маім узросце няёмка шлюбам брацца – няхай моладзь гэтым «забаўляецца». Тым не меней, Міхаіл і Жанна знаходзіліся ў фактычна шлюбных адносінах крыху больш за 15 гадоў, Міхаіл шчыра і шчодра дапамагаў дзецям сваёй сужы-
целькі, нават прафінансаваў пакупку кватэры адной з яе дачок.
Але раптам Міхаіл памірае. Нечакана, на працоўным месцы. Сціхае, прытупляецца боль ад гора, і вось родныя і блізкія даведваюцца, што нябожчык пакінуў пасля сябе дом, аўтамабіль і два банкаўскія рахункі: на адным больш за 100 000 рублёў, на другім – каля 3 000 долараў.
Немалая сума грошай, пагадзіцеся.
Але хто павінен уступіць у спадчыну?
Здаецца, адказ ляжыць на паверхні: паколькі ў памерлага не мелася жонкі, дзяцей, ужо памерлі бацькі, то наследнікамі аўтаматычна становяцца трое родных братоў. Але ў суд паступае заява ад Жанны Т. аб раздзеле ўкладаў: палова – ёй і палова – братам. Гэтая жанчына, якая, паўтаруся, выхоўвае дзвюх дачок і раней мела ўласны рахунак у банку, тлумачыць, што яна давала грошы на папаўненне ўкладаў Міхаіла.
Дадзеная інфармацыя выклікала абурэнне ў братоў нябожчыка, якія сцвярджалі, што, наадварот, гэта Міхаіл дапамагаў сям’і Жанны Т., бо шкадаваў яе, казаў, што цяжка ёй адной з двума дзецьмі! Па іх словах, было б дзіўна з боку жанчыны, якая адна выхоўвае дзвюх дачок, мае не самую высокую зарплату і свой рахунак у банку, папаўняць банкаўскі рахунак мужчыны, якому яна адмовіла, калі ён прапанаваў ажаніцца і нават пярсцёнак купіў.
Тым не меней, заява ў суд ад Жанны Т. паступіла, за падачу іскавай заявы яна заплаціла больш за 3 000 рублёў (пяць працэнтаў ад сумы іску).
Што можа сказаць суд у гэтай сітуацыі? Па-першае, паводле норм арт. 23 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, маёмасць у падобнай сітуацыі дзеліцца паміж мужам і жонкай, але ў дадзеным выпадку Жанна Т. з’яўляецца не жонкай, а сужыцелькай. Калі б паміж гэтымі людзьмі быў зарэгістраваны шлюб, то пытанняў не ўзнікла б: жонка ўступае ў спадчыну аўтаматычна. Па-другое, суд крытычна аднёсся да
сцвярджэння, што Жанна Т. папаўняла рахункі сужыцеля – ніякага дакументальнага пацвярджэння няма, што ў тую або іншую дату ішло папаўненне рахункаў.
Ёсць толькі словы. Але гэтага вельмі мала для таго, каб упэўніць суд.
Таму суд адказаў Жанне Т. і не задаволіў яе іск. Канешне, жанчына можа аспрэчыць дадзенае рашэнне (прыйдзец-
ца заплаціць за падачу новай заявы каля 2 600 рублёў). Гэта яе права, асабіста супраць Жанны Т. суд Івацэвіцкага раёна нічога не мае, але зразумейце правільна: суддзі патрэбны дакументальныя пацвяр-
джэнні. Словам і абяцанкам у нас не вераць. Не факт, што абласны суд прыслухаецца да яе паказанняў: грашовыя адносіны ў нашай краіне неабходна афармляць згодна з патрабаваннямі закону, паводле норм якога перадача любой сумы ў памеры болей за 10 базавых велічынь павінна быць аформлена ў пісьмовым выглядзе.
Колькі слоў маралі. У апошнія дзеся-
цігоддзі шырокае распаўсюджанне атрымалі, так бы мовіць, гібрыдныя формы сумеснага пражывання мужчын і жанчын. Мы не можам паўплываць на гэта – час такі наступіў! Але ж кожны з сужыцеляў павінен разумець, што штамп у пашпарце, які камусьці патрэбны, а камусь-
ці не патрэбны зусім, у пэўных умовах адыгрывае ключавую ролю.
Часам не зразумела: чаму людзі баяцца ўступаць у шлюб? Сёння ж не складана яго зарэгістраваць – у любым сельсавеце гэта можна правесці. І не абавязкова рабіць з вяселля шоу з салютамі і феерверкамі: запрасіце двух сведак, мужчыну і жанчыну, – і справа ў капелюшы.
Бо пасля можаце моцна пашкадаваць. Падобныя справы ў апошні час у судзе Івацэвіцкага раёна разглядаюцца нярэдка.
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.