Івацэвіцкая зямля сустракала ўдзельнікаў адкрытага рэгіянальнага конкурсу малюнка «Спадчына-2021» «Калейдаскоп часу»

Маштабнае мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы Івацэвіцкага райвыканкама. Арганізатарамі яго выступаюць ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» і па бласлаўленні Высокапрэасвяшчэннейшага архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана – прыход храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная».
Урачыстае адкрыццё конкурсу ладзілася ў Івацэвіцкім ГДК. Слова на дарогу перад пленэрам казалі намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Алег Раўчэня, благачынны цэркваў Івацэвіцкай акругі мітрафорны протаіерэй Грыгорый Піліпчук, куратар конкурсу Людміла Крукоўская. Было прадстаўлена кампетэнтнае журы пад старшынствам Яўгенія Шунейка, прафесара кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў, члена Беларускага саюза мастакоў.

На першы этап конкурсу было даслана 213 дзіцячых работ. На другі этап адабрана 134 работы, якія пазней экспанаваліся на вернісажы ў малой зале Івацэвіцкага ГДК і выклікалі зацікаўленасць у яе наведвальнікаў. Сярод юных мастакоў, якія прыехалі на пленэр, былі школьнікі агульнаадукацыйных школ, школ мастацтваў, нядзельных школ, арт-школы, гурткоў, студый выяўленчага мастацтва з раёнаў Брэсцкай вобласці, з Пінскага і Ваўкавыскага каледжаў мастацтваў.
Узорны хор «Ліра» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» сваім выступленнем натхніў рабят на плённую работу перад выездам на месца пленэра – тэрыторыю Косаўскага замка.
Усе перажывалі за надвор’е, бо зранку было хмурна, але потым выбліснула сонца і ўдзельнікі конкурсу прыняліся за работу.
Падчас мерапрыемства ладзіліся прэзентацыя Ірыны Мацкевіч з Пінскага каледжа мастацтваў, майстар-клас па акварэльным жывапісе «Акварэль у колерах» педагога Першамайскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасіі Велясевіч.
У 15 гадзін работы былі здадзены членам журы, рабочыя месцы канкурсантаў прыведзены ў парадак. Каб забавіць час і знізіць градус хвалявання, іи была прапанавана экскурсія па палацава-паркавым ансамблі Пуслоўскіх і сядзібе Касцюшкі. Экскурсія ў гэты дзень была праведзена і для настаўнікаў, якія суправаджалі канкурсантаў.
І вось яна, хвалюючая часіна падвядзення вынікаў конкурсу ў Івацэвіцкім ГДК. Члены журы дзякавалі ўдзельнікам за праяўленую творчасць, за падораную асалоду бачыць колькі ў нас талентаў. Напачатку на сцэну запрашаліся фіналісты конкурсу, затым узнагароджваліся ўдзельнікі з нядзельных школ, асобна ўшаноўваліся канкурсанты з каледжаў. Пераможцы вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях: 8-11 гадоў, 12-14 і 15-19 гадоў. З іх адзінкі сталі прызёрамі. Імі з нашага раёна сталі лепшыя з лепшых, хто змог згуртавацца, засяродзіцца і ва ўмовах анлайн выкласціся на ўсе сто.
Дыпломам 3 ступені ва ўзроставай катэгорыі 12-14 гадоў узнагароджаны Міхаіл Юркевіч і Ксенія Кацкель – ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы».
Дыпломам 2 ступені ва ўзроставай катэгорыі 8-11 гадоў узнагароджана Ульяна Лаўрэнчук – ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы».
Дыплом 1 ступені ва ўзроставай катэгорыі 8-11 гадоў – у Вікторыі Ляўчук з СШ №3 г. Івацэвічы.
Дыпломам лаўрэата 3 ступені ва ўзроставай катэгорыі 8-11 гадоў узнагароджаны Аляксандра Федарук, Варвара Шупенік і Ульяна Макарэвіч – ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы», ва ўзроставай катэгорыі 12-14 гадоў: Елізавета Яцэнка з ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы».
Дыплом лаўрэата 2 ступені ва ўзроставай катэгорыі 8-11 гадоў у Сафіі Піліпчук з ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы», ва ўзроставай катэгорыі 12-14 гадоў – у Валерыі Гурыновіч з СШ №3 г. Івацэвічы, Анастасіі Свістун з ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы».
Дыплом Гран-пры заваявала Ніка Дзенісюк з аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі кіруючай кампаніі холдынга Брэстмясамалпрам.
Падзякамі арганізатараў і заснавальнікаў конкурсу ўзнагароджаны педагогі, якія рыхтавалі канкурсантаў.
Удзельнікі конкурсу малюнка і ўсе, хто прыйшоў раздзяліць радасць свята, атрымалі шмат станоўчых эмоцый і ад яскравых выступленняў Вольгі Ніскаўскіх, Яны Матырка, Уладзіслава Сазончыка, танцавальных ансамбляў «Сузор’е», «Радуга», хора другіх класаў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы».

 

 

Наш кар. фота Валянціны БОБРЫК
і Марыны КУДРАВЕЦ.