Баль адоранай моладзі ў другі раз прайшоў у Палацы Пуслоўскіх

Традыцыя ўшаноўваць таленавітую моладзь раёна ў сценах велічнага замка падчас шыкоўнага балю зарадзілася ў мінулым годзе. Відавочна, што яна будзе жыць і што яна даспадобы ўсім удзельнікам дзеі. Дэфіле па чырвонай дарожцы, жывая музыка, шамаценне пышных бальных сукенак, багацце інтэр’ера толькі-толькі адрэстаўраванай Белай залы палаца, вальс, у якім кружыліся хлопцы і дзяўчаты, салют над Косаўскім замкам… Гэта сюжэты, якія надоўга застануцца ў памяці адораных старшакласнікаў раёна – віноўнікаў урачыстасцей і непасрэдных удзельнікаў усяго, што адбывалася ў замку 15 мая, узнагародай для якіх, сярод іншага, сталі новыя ўражанні і знаёмствы.

 

Пераможцам і ўдзельнікам абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, канферэнцый і спаборніцтваў вітала кіраўніцтва раёна і іншыя ганаровыя госці балю. Старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук зазначыў, што сёння ён ушаноўвае эліту – самых лепшых з 6 тысяч вучняў устаноў адукацыі раёна.
Кіраўнік раёна пажадаў моладзі ўсяго самага найлепшага і ўручыў юнакам і дзяўчатам памятныя падарункі. Іх атрымалі вучні ліцэя Івацэвіцкага раёна: Максім Сватко, Паліна Каляда, Юлія Бінкевіч, Дар’я Жабінская, Дана Куцко, Мікіта Бражкін; вучні СШ №1 г. Івацэвічы: Паліна Лапата, Карына Куцко, Валерыя Шаўчук, Мікіта Райко, Аляксандра Падсадная, Марыя Калагрыў, Аляксандра Паўловіч, Ксенія Дашэвіч, Ганна Савініч (СДЮШАР г. Івацэвічы); Уладзімір Здзітавец (СДЮШАР г. Івацэвічы); вучні СШ №3 г. Івацэвічы: Станіслаў Ратахін, Мікіта Белы
(СДЮШАР г. Івацэвічы); вучні СШ №4 г. Івацэвічы: Дзіяна Міскевіч, Анастасія Рак, Уладзіслаў Кашэня, Кацярына Слясарчык; вучні Косаўскай СШ: Ксенія Шыманчык, Таццяна Касцюк, Ягор Шчурко (ДЮСШ Івацэвіцкага раёна), вучань Целяханскай СШ Арцём Канановіч (СДЮШАР г. Івацэвічы) і вучань Вялікагацкая СШ Глеб Скарупіч.
Афіцыйная частка мерапрыемства, якая, акрамя непасрэдна ўзнагароджвання лепшых з лепшых уключала ў сябе тэатральную імпрэзу (гасцям паказалі натхняльныя дыялогі малога Тадэвуша Касцюшкі з матуляй пад «Паланэз Агінскага») прадоўжылася танцамі. Гэтае тое, чаго чакалі і чым любаваліся ўсе прысутныя на свяце. Палац Пуслоўскіх бачыў нямала баляў і нават не верыцца, што ён бачыць іх зноў. З гонарам і надзеяй глядзелі на сваіх усхваляваных выхаванцаў дырэктары школ, узрушаныя кранальным відовішчам.
А пасля ўрачыстасцей удзельнікі балю перамясціліся ў палацавы рэстаран «Граф Пуслоўскі», дзе ў нефармальнай абстаноўцы, частуючыся прысмакамі і гарбатай, змаглі задаць пытанні кіраўніцтву раёна. І пытанняў было нямала! Што б вы змянілі, калі б мелі магчымасць вярнуцца ў мінулае? Які след у вашым жыцці пакінула вайна? Ці павінен кіраўнік раёна весці блог у сацыяльных сетках? Якія якасці вы цэніце ў людзях? Ці былі ў вашым жыцці незабыўныя моманты, якія? Раскажыце пра свае сямейныя традыцыі. Чаму моладзь імкнецца не на малую радзіму, а ў вялікія гарады? Ці можам мы, старшакласнікі, быць вам карыснымі, ці верыце вы ў сілу моладзі? У раёне хутка пабудуюць электрычныя дамы, а калі з’явяцца электробусы? Які ваш дэвіз па жыцці? Ці задаволены вы тым, як праходзіць рэканструкцыя замка?


Гэта толькі частка пытанняў, якія прагучалі. Амаль дзве гадзіны адказвалі на іх старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, намеснікі старшыні райвыканкама Наталля Аляхновіч, Андрэй Рэгес, Алег Раўчэня, упраўляючы справамі райвыканкама Ірына Краўчук, ўдзельнічалі ў дыялогу з моладдзю начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Патоцкая і галоўны рэдактар «ІВ» Таццяна Дылюк. Трэба адзначыць, што школьнікам таксама задавалі пытанні, і з іх вуснаў прагучалі каштоўныя прапановы, якія возьмуць за заметку.
Вось і скончыўся чарговы баль, сціхлі гукі вальсаў і паланэзаў. У рэстаране загучала другая музыка – тут пачалася дыскатэка. Завяршальным акордам свята быў салют, які для ўдзельнікаў балю стаў сапраўдным сюрпрызам. Яркімі фарбамі размалявалі агеньчыкі вечаровае неба над Косаўскім замкам. Няхай такім жа яскравым і бліскучым будзе і жыццё маладых людзей, якія цяпер выбіраюць сваю дарогу, якую найлепш асіліць той, хто будзе ўпарта і няспынна ісці да сваёй мэты.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.