Песня ваенная, «Парад Перамогі» і салдацкая каша

Ужо каторы год запар напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў ДУА «СШ №4 г. Івацэвічы» праходіць маштабнае тэматычнае мерапрыемства. На гэты раз 8 мая вучняў, настаўнікаў, бацькоў і шматлікіх паважаных гасцей сабраў святочны канцэрт «Жыць, каб памятаць».

Сустрэча ў школьным двары пачалася з культурнай праграмы, гучалі ваенныя песні, былі танцавальныя кампазіцыі, пастаноўкі – гледачы ўбачылі ўсяго больш за 20 нумароў! У канцэрце ўдельнічалі дзеці ад 1 да 11 класаў, ужо па традыцыі ў гэтай школе побач з вучнямі выступалі і настаўнікі. У завяршэнні творчай часткі ўсе школьнікі-ўдзельнікі канцэрта выйшлі на імправізаваную сцэну з партрэтамі сваіх родзічаў, удзельнікаў вайны…

Пасля адбыўся «Парад Перамогі», на школьным пляцы маршыравалі дзевяць «каробак». Віншаваў з Днём Вялікай Пермогі і прымаў сапраўдны экзамен у школьнікаў Вадзім Саўчук, маёр унутранай службы ПУ «Папраўчая калонія №5». У завяршэнні мерапрыемства ўсе прысутныя і госці, сярод якіх былі прадстаўнікі аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама, Івацэвіцкай РАС ДТСААФ, ваенныя, частаваліся сапраўднай салдацкай кашай.

Дарэчы, да такога свята ва ўстанове адукацыі гатуюцца некалькі месяцаў. У гэтым годзе шмат увагі надалі «Параду Перамогі», у мінулыя разы школьнікі рыхтаваліся нават да рэканструкцыі ваенных падзей. Важна разумець, што значыць для нас усіх такая важная дата.   

Наш кар.