У Амяльнянскага гуртка «Задорынкі» – абласны Дыплом ІІ ступені

15 мая этнаграфічнае падвор’е «Каля плэса» музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» в. Бездзеж Драгічынскага раёна стала цэнтрам традыцыйнай культуры Берасцейшчыны.
З розных куткоў Брэсцкай вобласці на фестываль прыехала каля 350 удзельнікаў.
У гэты дзень тут праходзіў пяты абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Таночак». Падчас фестывалю адбыўся конкурс дзіцячых калектываў, удзельнікі якога прадэманстравалі сваё майстэрства ў танцах, спевах, вуснай народнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У абласным фэсце прымалі ўдзел і калектывы з нашага раёна, а ўдзельнікі гуртка песні, танца і гульні «Задорынкі» Амяльнянскага СДК (мастацкі кіраўнік Валянціна Сагановіч) за цудоўнае выступленне былі ўзнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр». Хлопчыкі і дзяўчынкі з Амяльнянскага гуртка паказвалі «Дзеравенскіе посіделкі», на якіх яны заліхвацкі і спявалі, і таньчылі, і ігралі на лыжках, і пралі пражу за вясковымі размовамі…
У гала-канцэрце атрымалі запрашэнне выступіць удзельніца дзіцячага аматарскага аб’яднання «Чароўны свет» Святавольскага СДК Пелагея Сілка, якая чаравала цудоўным выкананнем абрадавай вясновай песні «Ой, вясна-вясна», запісанай ад 90-гадовай жыхаркі в. Вялікая Гаць Вольгі Навумаўны Пушыла, і юная салістка Гошчаўскага СДК Вікторыя Матарас, якая спявала беларускую народную песню «Як на рэчачцы, на дошчачцы», запісаную ад Надзеі Сцяпанаўны Кот, 1949 г. н.
Яны атрымалі Ганаровыя граматы за ўдзел у абласным фестывалі. Такімі ж узнагародамі былі адзначаны гурткі па выцінанцы Пагорскага СК (кіраўнік Таццяна Новік) і Дабромысленскага СК (кіраўнік Галіна Шаўчук).
Арганізатарамі фестывалю выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр», Драгічынскі райвыканкам.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Алены ШЭЛЕСТ.