У Івацэвіцкім раёне прадухілілі крадзёж лесу

Супрацоўнікі Бярозаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету на ўчастку паміж Ёлкамі і Яглевічамі спынілі лесавоз МАЗ, які вёз лес-кругляк у бок Івацэвічаў. У кабіне – вадзіцель і майстар лесу Даманаўскага лясгаса. Праверылі дакументы, звярнулі ўвагу на нязначныя нестыкоўкі, але па вялікім рахунку тут праблем не назіралася: дадзены лесавоз Даманаўскага лясгаса, як сведчыла таварна-транспартная накладная, перавозіў лес, у адпаведнасці з дамовай, да індывідуальнага прадпрымальніка ў Яглевічы.
Але вось што засмуціла інспектараў: яшчэ адзін лесавоз МАЗ, які рухаўся ўслед за толькі што спыненым МАЗам, раптам павярнуў у бок в. Ёлкі. Там тупіковая дарога, і было зразумела, што вадзіцель далёка не праедзе. Так і адбылося, але вадзіцель спыніўся, закрыў кабіну і… збег, як толькі супрацоўнікі міжраённай інспекцыі пад’ехалі. Яго пасля знайшлі; ніякіх дакументаў на груз не мелася, ён тлумачыў, што накладная знаходзілася ў вышэйзгаданага майстра лясгаса, але ж любы вадзіцель ведае: перавозіць матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці без дакументаў, у якіх ён асабіста распісаўся, – забаронена.
Скончылася ўся гэтая гісторыя тым, што лес-кругляк з першага лесавоза трапляе… да іншага індывідуальнага прадпрымальніка, з якім лясгас не заключаў дамовы. Супрацоўнікі Бярозаўскай міжраённай інспекцыі паведамілі аб гэтых фактах у Дэпартамент фінансавых расследаванняў у Баранавічах, адтуль прыехалі спецыялісты для разбіральніцтва. Як вынік, узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 210 «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». Санкцыя суда прадугледжвае і пазбаўленне волі – да сямі гадоў.
І яшчэ. Вышэйзгаданы майстар лесу мае дзеючую судзімасць. Не паверыце, але яго раней судзілі за… крадзеж лесу. На той момант ён не працаваў у лясгасе, а вось зараз, нават маючы «цікавую» старонку біяграфіі, працаўладкаваўся ў сферу, дзе раней «праявіў» сябе не лепшым чынам (ён яшчэ і індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца перапрацоўкай лесаматэрыялаў).
Хачу звярнуцца да кіраўнікоў прадпрыемстваў: калі вы прымаеце на работу спецыялістаў, хто будзе кіраваць і несці адказваць за матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці, то не забудзьце зрабіць запыт аб гэтай асобе ў райаддзел міліцыі. Каб дакладна ведаць, каму вы плануеце даверыць гэтыя самыя каштоўнасці.

Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.