У аб’ектыве – Івацэвіцкі ГДК

Да юбілею райцэнтра рыхтуецца Івацэвіцкі ГДК. На гэтым аб’екце за кошт сродкаў раённага бюджэту вядуцца будаўнічыя работы па капітальным рамонце будынка. Генеральны падрадчык – ДВП БУП «Аб’яднанне Брэстаблсельбуд», а ў якасці субпадрадчыка – УП «Івацэвіцкая ПМК- 11». Некаторыя работы выконваюць іншыя спецыялізаваныя будаўнічыя арганізацыі.

Напрыканцы мінулага года будаўнікі замянілі аконныя блокі, дзверы, часткова быў зроблены рамонт гардэроба. А цяпер у самым разгары будаўнічыя работы на фасаднай частцы будынка. Яна прыгажэе і мяняецца на вачах. «Фальш-дах будзе у новай гаме – колеру марской хвалі, а колер саміх сцен яшчэ ў працэсе канчатковага вызначэння», – казалі старшыя майстры Андрэй Лазоўскі і Максім Дзянісік, пад кіраўніцтвам якіх вядуцца будаўнічыя работы не толькі звонку будынка, а і ўнутры яго.

Шчыруюць будаўнікі УП «Івацэвіцкая ПМК-11» на сцэне канцэртнай залы – поўнасцю мяняецца яе пакрыццё. Новы выгляд набыла ўваходная група фае, практычна завершаны работы гардэроба, прадугледжаны рамонт мастацкага і танцавальнага кабінетаў, новая сістэма пажаратушэння…

Работы яшчэ шмат, але пасля заканчэння капітальнага рамонту ў Івацэвіцкім ГДК стане яшчэ больш прыгожа, сучасна і ўтульна

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.