Леанід Снарскі – кіраўнік года, а Івацэвіцкая ПМК-11 – лепшая будаўнічая арганізацыя аб’яднання «Брэстаблсельбуд»

Дыпломам І ступені ўзнагароджаны працоўны калектыў УП «Івацэвіцкая ПМК-11», які стаў пераможцам конкурсу «На лепшае дасягненне ў вытворчай дзейнасці» сярод падведамасных арганізацый аб’яднання «Брэстаблсельбуд» па выніках 2020 года. Дарэчы, Івацэвіцкая ПМК-11 і Івацэвіцкая ПМК-18 – гэта самыя магутныя будаўнічыя арганізацыі сярод ПМК Брэсцкай вобласці.

Будаўнічая арганізацыя УП «Івацэвіцкая ПМК-11» з’яўляецца лідарам у будаўнічай галіне і выступала намінантам у прэстыжным рэспубліканскім дзяржаўным конкурсе «На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе». І вось падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу, які праводзіцца пад эгідай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Саюза будаўнікоў, Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.
Памятным знакам і Ганаровым дыпломам пераможцы конкурсу «На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне ў Рэспубліцы Беларусь за 2020 год» у намінацыі «Кіраўнік года» ўзнагароджаны Леанід Снарскі, начальнік дзяржаўнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства «Івацэвіцкая ПМК-11» ДВПБУП «Аб’яднанне «Брэстаблсельбуд».
Пераможцы прайшлі адборачны тур і змаглі даказаць сваё першынство. Конкурс, які праходзіць у васьмі намінацыях, у чарговы раз паказаў, што Саюз будаўнікоў – гэта магутны кангламерат лепшых беларускіх будаўнічых арганізацый у нашай краіне, што Беларусь – тэрыторыя маштабных будоўляў і яе архітэктурны воблік упрыгожваюць дастойныя аб’екты.
Леанід Снарскі – дзясяты па ліку кіраўнік прадпрыемства. З яго прыходам склалася каманда аднадумцаў, наладзілася працоўная дысцыпліна, і ў няпростых фінансава-эканамічных умовах калектыў здолеў эфектыўна працаваць, так што хутка вытворчыя паказчыкі «папаўзлі» ўверх. За гэты час значна палепшаны бытавыя ўмовы работнікаў, ажывілася культурна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа.
З кожным годам расце і колькасць аб’ектаў, якія ўзводзяцца будаўнікамі УП «Івацэвіцкая ПМК-11». Ёсць чым ганарыцца калектыву будаўнічага прадпрыемства. Ім узведзены шматпавярховыя дамы, інтэрнат, школы, Івацэвіцкі ГДК, адміністрацыйны будынак ААТ «Бел-
аграпрамбанк», дзіцячая паліклініка, гандлёвыя аб’екты, сярэдняя школа ў Косаве, жылыя дамы ў сельскай мясцовасці, фермы, адміністрацыйнае памяшканне суда івацэвіцкага раёна, кукурузакалібровачны завод, за які ў 2010 годзе Івацэвіцкая ПМК-11 атрымала Ганаровы дыплом «Аб’ект года». Летась будаўнікі Івацэвіцкай ПМК-11 выконвалі капітальны рамонт паліклінікі Івацэвіцкай ЦРБ, займаліся падвядзеннем інжынерных сетак у раёне «Кляноўкі», будавалі домікі на сяле, працавалі на аб’ектах па-за межамі раёна. Задачы, пастаўленыя на 2020 год, былі выкананы бліскуча. Аб’ём падрадных работ, да прыкладу, павялічыўся на 64 працэнты ў параўнанні з папярэднім годам, экспарт матэрыялаў склаў 50,6 тыс. долараў, тэмп выручкі дасягнуў 216 працэнтаў. Перадавым вопытам і эфектыўнай дзейнасцю зацікаўлены іншыя арганізацыі аб’яднання «Брэстаблсельбуд». І гэта яшчэ адзін доказ, што ў івацэвіцкіх будаўнікоў ёсць чаму павучыцца.
Валянціна БОБРЫК.
Фота з архіва.