У СВУ «Даманава» касавіца ідзе поўным ходам

У гаспадарках раёна поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў. Арганізавана і першымі ў раёне пачалі «зялёнае жніво» ў СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз». На 24 мая тут ужо скошана 170 ад 804 га плошчаў запланаванага. Нарыхтавана 1935 тон сенажу. Усяго на ўмоўную галаву жывёлы на дадзены момант прыходзіцца па 6,2 ц кармавых адзінак. Гэты паказчык адзін з лепшых у раёне.

Мы ўпэўніліся ў гэтым, наведаўшы гаспадарку ў мінулую пятніцу. Разам з яе кіраўніком Грыгорыем Грыгор’евічам Касцюком едзем на сенажаць ва ўрочышча «Савічанава». Тут на 110 гектарах азімага жыта шчыравалі корманарыхтоўшчыкі. Мікалай Грышчэня і Андрэй Паўлоўскі на касілках клалі траву ў пракосы. Пасля падвяльвання ў работу ўключаліся Аляксандр Пукеца і Мікалай Шпока, варушылі і граблі зялёную масу ў валкі. На корманарыхтоўчых комплексах працавалі Мікалай Рэзановіч і Уладзімір Байбак. Адвозілі сянажную масу Уладзімір Бутрым, Аляксей Салонка, Аляксандр Лушчый і Віктар Ляўчук. Работа  спорылася, надвор’е спрыяла, таму механізатары спыніліся толькі на хвілінку для фота.
– Уборка траў першага ўкосу ідзе паступова, – паведаміў Грыгорый Касцюк. – Усё гэта дзякуючы нашаму асноўнаму касцяку механізатараў. На дадзены момант на нарыхтоўцы кармоў задзейнічана 12 адзінак тэхнікі. Усе механізатары граматныя, добрасумленныя і адказныя. А для земляроба гэта галоўныя якасці.
Разам з кіраўніком гаспадаркі мы накіроўваемся да фермы «Каханова», дзе закладваліся сянажныя траншэі. Па дарозе Грыгорый Касцюк гаварыў аб стараннасці ўдзель-
нікаў «зялёнага жніва», што ўсе адчуваюць адказнасць за даручаную справу і не падводзяць падчас любой сельскагаспадарчай кампаніі. Для закладкі сенажу ля жывёлагадоўчай фермы «Каханова» падрыхтавана траншэя ёмістасцю больш за дзве тысячы тон. На час нашага прыезду ішла актыўна закладка сенажу ў падрыхтаваную траншэю. Сяргей Круталевіч, намеснік дырэктара по жывёлагадоўлі, які кантраляваў нарыхтоўку кармоў і сачыў за тэхналогіяй закладкі і ходам работ, адзначыў: –  Як бачыце, адна траншэя ў нас ужо амаль запоўнена. Тэхналогію закладкі захоўваем, правяленую масу здрабняем з кансервантам і трамбуем. Гэтай работай займаюцца на пагрузчыку Раман Літвіновіч, а ўкатвае – Валерый Блоцкі.
Травы сёлета выраслі на славу, таму рэзервы ёсць, а значыць, жывёла будзе з кармамі.
На 24 мая травы першага ўкосу скошаны ў раёне на плошчы 755 пры плане 18000 га, касавіцу вядуць практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна.
Нарыхтавана на гэты дзень 1935 тон сенажу.
Сенажу найбольш у СВУ «Даманава» – 1935 тон, ААТ «Перамога» – 1205 тон, «Горталь» – 900 тон.
Таццяна ДЫЛЮК, фота аўтара
і Валянціны БОБРЫК.