На жнівень ды на верасень запісваюць да стаматолагаў-тэрапеўтаў

На днях у рэдакцыі «ІВ» раздаўся званок. Жыхарка райцэнтра Алена В. цікавілася асаблівасцямі запісу да нашых урачоў стаматолагаў-тэрапеўтаў.
«Вострага болю ў мяне пакуль няма, але ён можа і з’явіцца, калі чакаць месяц або два», – абуралася чытачка. Карэспандэнт раёнкі прымераў на сябе ролю такога хворага і пазваніў ва ўсе вядомыя нам стаматалогіі Івацэвіч. Згодна з міфам, мы хочам запісацца на лячэнне без вострага болю. На 21 мая адказы былі такія:
У стаматалагічным аддзяленні УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» на бясплатнай аснове нам прапанавалі талон на 17 чэрвеня. Па вострым болі можна атрымаць дадатковы талон па прынцыпе «дзень у дзень», трэба толькі ўдакладніць час прыёму ўрача ў гэты дзень.
А вось на платнае лячэнне ў сярэдзіне чэрвеня будуць запісваць пацыентаў ужо на жнівень і верасень.
Поўны аншлаг у ліпені і ў стаматалогіі «Whitestory» па вул. Савецкай. Адказ быў амаль такі самы: званіце ў пачатку ліпеня, будзем ведаць, як і да каго запісваць на жнівень.
Запіс на 12 жніўня нам прапанавалі і ў стаматалагічным кабінеце ІП Саўчук А. В. (ГЦ «Магніт»). Сюды мы дазваніліся 24 мая. Так, шанец патрапіць да ўрача раней ёсць, у выпадку адказу некаторых кліентаў стаматолаг прапануе талоны наступнаму пацыенту.
Паклапаціліся мы і пра самых маленькіх пацыентаў, тут сітуацыя больш пазітыўная. У дзіцячым аддзяленні паліклінікі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» запіс на кожны наступны месяц пачынаецца з 25 чысла папярэдняга. Так, нас папрасілі пазваніць раніцай 25 мая, каб запісацца на платнае лячэнне на чэрвень. У рэгістратуры адразу ўдакладнілі, ці не баліць зуб нашаму «дзіцятку», і ў такім выпадку прапанавалі прыйсці на прыём у дзень званка.
Атрымліваецца так, калі табе баліць – дык без дапамогі цябе, канечне, не пакінуць: прыходзь на бясплатны прыём, бяры дадатковы талон. Аднак выбіраць урача ці матэрыялы ўжо не атрымаецца. Пра платны прыём трэба думаць загадзя, а яшчэ лепш запісвацца на ўсякі выпадак, дакладна, хоць каму з сям’і талон ды спатрэбіцца. Многія ўрачы тлумачаць такі ажыятаж некаторым прастоем у час першай і другой хваль пандэміі. Многія засцерагаліся і цягнулі з паходам да стаматолага, пэўны час былі абмежаванні і ў планавым прыёме.
Наш кар.