Захапленні Ніны Крыштопчык з Аброва, якія сталі паратункам

У чарговай паездцы па раёне нас запыніла буйства фарбаў ля дома ў Аброве, які стаіць на павароце па вуліцы Шасейнай побач з Паклонным крыжом. Дом прыцягвае ўвагу вясёлымі кампазіцыямі, зробленымі сваімі рукамі, а ў аздабленні чырвоных цюльпанаў узрадаваў вока і прыўзняў настрой. Спыніліся…

Любоў без памяці
Нас сустрэў гаспадар Мікалай Крыштопчык, які займаўся сваімі справамі ў двары. Ён і паклікаў з хаты да нас жонку Ніну Мікалаеўну, якая расказала аб сваіх шматлікіх захапленнях.
– Кветкі я без памяці люблю, – прызнаецца Ніна Мікалаеўна.
Садзіць іх Ніна Мікалаеўна каля хаты, каб цвілі з вясны да восені. Але любоў асаблівая ў яе да руж. Усіх колераў руж у яе кустоў пад 80. Сёлета далікатныя кветкі пацярпелі ад маразоў, але, гаспадыня ўпэўнена, адыдуць, трэба толькі своечасова падкарміць. Адчувалася, у кветках яна ведае толк. І цюльпаны ў Ніны Мікалаеўны дагледжаныя, буйныя бутоны купкамі ззялі чырванню.

Дварочак як вяночак
Жанчына, па ўсім відаць, майстар на ўсе рукі. Яшчэ летась яна сама лазіла на дах, каб яго перафарбаваць, і гэта ў шаноўныя 74 гады! У такой, пэўна, усё ў руках гарыць.
Лебедзі, вывадкі парасят, жаўрукі з раскрытымі крыламі, масточкі, калодзеж і іншыя падзелкі – гэта ўсё яна. Гаспадыня любіць даць работу сваім рукам, калі дзесь-
ці ўбачанае запала ў душу.
«Дзе што ўбачу і сама зраблю», – кажа яна. Прычым галоўнае ўбачыць, а тады пачынае карпець, як зрабіць, з чаго зрабіць, куды потым «усадзіць», каб пасавала да агульнай карціны. Парачку лебедзяў яна столькі разоў давала вяскоўцам перавыразаць, што і не памятае, хто вярнуў іх паламанымі. Падладзіла і прыстроіла на сваім участку. А аднойчы заўважыла, што гэтае захапленне захоплівае ўсё
больш тэрыторыі сядзібы: напачатку агародчык перад хатай, потым двор, а цяпер ужо і паўагарода. І Ніна Крыштопчык дае і далей волю фантазіі, не шкадуе градак.

Залатыя рукі вышывальшчыцы
Але трэцяе захапленне Ніны Мікалаеўны выклікала сапраўдную буру эмоцый і захаплення. Калі зайшлі ў хату, то нас пакарылі вышыўкі. Ды такой прыгажосці, што аж перахапіла дыханне! Ва ўсіх пакоях – вышыўкі, вышыўкі, вышыўкі…
Разумею, што ў вёсках вышывалі заўсёды. Для кожнай маці, якая выхоўвала дачку, было абавязковым перадаць ёй сямейныя традыцыі рамяства. І няхай агуль-
ны вышывальны почырк мясцовасці пра-
глядваўся ў вырабах дамашніх майстрых, кожная з сем’яў прыўносіла ў свае вышыванкі асаблівыя элементы. Трымаць упэўнена іголку ў руках Ніна Мікалаеўна пачала з маленства.
А вышываць, кажа, сама навучылася. Паглядзела, як гэта робяць жанчыны, як застаюцца на ручніках прыгожыя кветкі, і сама паспрабавала. Занятак аказаўся такім захапляючым, што яна ўцягнулася не на жарт, і хутка пачалося яе самастойнае «плаванне». Пэўна, паўплывала любоў да кветак і вылілася ў захапленні вышываць тыя кветкі на ручніках, на карцінах, на падушках, просцінах…
Вучыцца ёй майстэрству больш не давялося. Але жаданне вышываць гарэла ў душы, і кожная свабодная хвілінка была прысвечана любімаму занятку. За што б ні ўзялася, з-пад рук нараджаўся шэдэўр. Крыжыкам, паўкрыжыкам, гладдзю, бісерам… – усё давалася з лёгкасцю. Ёсць у яе работы па схемах, а шмат – дзе яна дадае свайго, або выношвае замысел і потым яго ажыццяўляе на тканіне. Бездакорная тэхніка выканання, захопліваючыя сюжэтныя лініі…
Нізавошта не скажаш, што гэтая таленавітая жанчына працавала ўсё жыццё даяркай, даглядала цялят. З мужам трымалі яны заўсёды вялікую хатнюю гаспадарку, гадавалі траіх хлопцаў…
Толькі калі для адных вышыўка застаецца на ўсё жыццё святлом творчасці, якое дазваляе рэалізаваць самыя яскравыя і мудрагелістыя фантазіі майстра, то для Ніны Мікалаеўны гэтае захапленне ў неспадзявана цяжкую гадзіну жыцця стала сапраўдным паратункам. Бяда здарылася ў 90-я. Адзін з сыноў не вярнуўся з арміі.
Да такога выпрабавання Ніна Мікалаеўна не была гатовая, ад неспадзяванага гора з ложка ўстаць не магла, першы час на работу не хадзіла, людзей не пазнавала, загаворвалася… Але ветурачы, старшыня, калегі з работы з разуменнем аднесліся да яе бяды і асцярожна, пакрыху ўцягнулі ў работу. «Чатыры гады ляжала пасля работы і глядзела ў столю, думала не адыду… – казала жанчына. – Але паціху вярнулася да вышывак, кветак… На лаўцы і цяпер не сяджу, шукаю сабе работы…»
Ужо вышыўкі няма дзе ў хаце размясціць, а яна кажа, што вышывала б дзень і ноч. Гарыць іголка ў яе руках, і за вышыўкай супакаенне знаходзіць стомленая ад гора душа.

І бацюшку захапілі абразы бісерам
Цэлы кут у хаце абразоў Божай Маці і Іісуса Хрыста ў раскошных рамках, вышытых бісерам. Глядзіш на абраз – і цяжка зразумець, што гэта дасціпная вышыўка, а не карціна маслам. Вельмі тонка, вельмі дасканала – майстар! Любому дасць фору.
Дарэчы, настаяцель Аброўскай царквы ў імя Архангела Міхаіла іерэй Расціслаў Рэдзько, аднойчы ўбачыўшы яе работы, сам зацікавіўся вышыўкай бісерам. Вытанчаныя пейзажы паўкрыжыкам, то казачныя і народныя сюжэты, якія бачыла ў дзяцінстве ў вясковых хатах, але ў павялічаным памеры і выкананыя ў яркіх фарбах, а ў спальні два ложкі – проста казачнай прыгажосці. Падушкі, прасціны вышытыя так прыгожа, што вачэй не адвесці. І ў зале з шафы гаспадыня пачала даставаць ручнікі і сурвэткі адна адной прыгажэй. Ручнікі вышыты і крыжыкам, і гладдзю, і яшчэ нейкім загадкавым стылем, што надзвычай прыгожа глядзіцца. Свае бездакорныя ручнікі гаспадыня дарыла ў царкву, і штогод да Вялікадня ўпрыгожвае Паклонны крыж каля хаты ручніком сваёй работы. І так павялося, што за ёю замацаваўся абавязак даглядаць за крыжам, упрыгожваць да свята. Сёння яна радуецца, што сын зрабіў агароджу вакол крыжа, і стаў парадак такі, як яна хацела бачыць.
Цудоўныя работы Ніны Крыштопчык сведчаць аб прыгажосці чалавечай душы, і дзіву дацца, як замест тугі ў работах яе «дыхае» надзея, дабрыня, жыццё. Сакавітыя фарбы нітак пасуюць адна да адной, яны падабраны так, што сэрца грае, гле-
дзячы на гэты цуд, і хочацца сказаць гэтай майстрысе дзякуй за яе залатыя рукі.
– На захапленні мне не шкада часу. Так і пра сон забываеш, і пра стомленасць, – кажа жанчына.
Яна – клапатлівая бабуля, маці для сыноў: адзін жыве ў Аброве, другі – у Брэсце. І свой здабытак – ручнікі – яна дорыць людзям, дзецям, унукам, праўнукам. Муж падтрымлівае ўсе яе пачынанні, толькі б яна не заставалася заплаканай.
…Колькі часу прайшло з дня сустрэчы, а душу грэе ўсё ўбачанае. Як напамінак аб шчаслівым дзяцінстве, аб родным доме.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.