Семінар па ахове працы прайшоў у Івацэвіцкі раёне

Тэорыю з практыкай удала сумясціў семінар па ахове працы, які сабраў каля 50 звальшчыкаў лесу. Такая вялікая група прадстаўнікоў адной з самых небяспечных прафесій у краіне наведала семінар «Бяспечнае правядзенне лесанарыхтоўчых работ». Ён павінен быў нагадаць правілы аховы працы і, між тым, звярнуць увагу на самыя праблемныя моманты.

Напачатку ўдзельнікаў семінара павітала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Аляхновіч, якая курыруе пытанні аховы працы. Наталля Міхайлаўна адзначыла, што нагодай для сустрэчы, на якую прыехалі прадпрымальнікі і з суседняга, Бярозаўскага, раёна, стаў у тым ліку і смяротны выпадак. Яшчэ ў сакавіку падчас работы загінуў наш зямляк, звальшчык лесу. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа, яшчэ ідзе разбіральніцтва. У гэтым годзе ў вобласці зафіксавана яшчэ некалькі выпадкаў смяротнага траўміравання звальшчыкаў на рабочых месцах.
Падчас семінара на базе Барэцкага лясніцтва ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас» падкрэслілі, што перадумовы для сумнай статыстыкі стварае ў тым ліку і наша сённяшняе заканадаўства, вельмі лаяльнае да прыватнікаў у лесанарыхтоўчай сферы. Ад будучых прадпрымальнікаў не патрабуецца нават спецыяльнай падрыхтоўкі, адукацыі, пасля часам яны бяруць на работу людзей без афармлення, ды і пра інструктажы па ахове працы і спецадзенне не задумваюцца.
А наш раён увогуле лідар на Брэстчыне па колькасці і лясгасаў, у нас іх чатыры, і па колькасці прыватнікаў у гэтай сферы – іх зарэгістравана 59. Таму наша раённае кіраўніцтва ўнесла рад прапаноў па ўнясенні змяненняў у заканадаўства.
У тэарэтычным блоку семінара выступілі Ірына Рудзь, начальнік Бярозаўскага міжраённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі і працы, Аляксандр Велікаселец, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Івацэвіцкага райвыканкама, Сяргей Лішка, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. Уладзімір Куратнік, началь-
нік бюро па ахове працы ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас», паказаў прысутным на прыкладах правільныя параметры спілу, звярнуў увагу і на памылкі. Бо па выніках праверак каля 40 працэнтаў парушэнняў адзначаюць акурат у гэтых параметрах.
Загадчык аддзялення хуткай дапамогі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Аляксандр Гуліс расказаў аб правілах аказання першай дапамогі пацярпеламу ў лесе ў розных сітуацыях: пры пераломе ці пры ўкусах насякомых звальшчыкі павінны ведаць, як дапамагчы калегу. Сваю прадукцыю работнікам прэзентавала ААТ «Спецсэрвіс-БДА», прадпрыемства з Гродна прапануе самае найноўшае і бяспечнае адзенне для зваль-
шчыкаў лесу.
Аднак усе чакалі практычнай часткі семінара. Майстар-клас па звалцы, абрэзцы сукоў і распілоўцы даў пераможца прафесійнага спаборніцтва «Лесаруб-2021» Іван Крэнь. Звальшчык лесу з 9-гадовым стажам рыхтуецца зараз да абласных спаборніцтваў, і ён з ахвотай паказаў прыклад калегам. Тут, на лесасецы, усе маглі абмеркаваць нюансы работы і тонкасці правільнага спілу дрэва.
Многія ўдзельнікі казалі: нешта з прапанавага яны ведалі, з нечым сустракаліся падчас работы, але кожны пачуў і ўзяў на заметку нешта новае. Няхай гэта спрацуе на бяспеку ў далейшай складанай рабоце.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота аўтара.