За выцінанку Наталлі Кулецкай – Дыплом першай ступені рэспубліканскага ўзроўню

У Мінску 29 мая шырока і маштабна праходзіў ХІІ Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет».
У ім прымалі ўдзел больш за трыста майстроў, народных умельцаў і рамеснікаў з усёй Беларусі. І ўявіце, сярод пераможцаў і прадстаўнік з нашага раёна, наша народны майстар Беларусі Наталля Кулецкая, якая працуе ў ДУА «Косаўскі яслі-сад». Яна ўзнагароджана Дыпломам за першае месца ў намінацыі «Выцінанка». Вытанчаныя работы Наталлі Міхайлаўны не раз паланілі гледачоў і членаў журы на конкурсах-фестывалях любога ўзроўню, а апантанаму майстру і на гэты раз было чым здзівіць – непаўторнасцю, густам і глыбокім сэнсам. Дастойна прадставілі наш раён на рэспубліканскім фэсце майстры народнай творчасці Целяханскага ЦКіВЧ Валянціна Абрамчук, Ірына Паўловіч, Сяргей Рак; з Любішчыцкага СДК – Ірына Кірчук; з Руднянскага СК – Уладзімір Канановіч, Праскоўя Шляжка і Ганна Канановіч; з Івацэвіч – Валянціна Лазарчук. Кожны з іх адзначаны ганаровай граматай за ўдзел у фестывалі-кірмашы.
Валянціна БОБРЫК.