Даманаўскаму вытворча-гандлёваму камбінату – 80 гадоў

28 мая ААТ «Даманаўскі вытворча-гандлёвы камбінат» шырока і годна святкаваў 80-годдзе прадпрыемства.

Даманаўскі вытворча-гандлёвы камбінат – унікальнае ў раёне, на Брэстчыне і ва ўсёй краіне прадпрыемства. Менавіта тут можна ўбачыць усе мыслівыя метамарфозы шкла, ці дакладней, сілікату натрыю: як яно варыцца і ператвараецца ў распаленую масу, якая непарыўным вогненным струменем льецца па канвееры з печы і з чырвонай вадкай ператвараецца ў цвёрдую ізумрудную глыбу. На ўчастку вадкага шкла глыба з зеленавата-блакітным адлівам зноў плавіцца да вадкага стану, а на наступным этапе становіцца… грануляваным парашком. Працэсы гэтыя дзіўныя і заварожваючыя, і для чалавека збоку выглядаюць магіяй хімікаў. Тым не менш, прадукцыя камбіната мае шырачэзны спектр ужывання – ад патрэб будаўнічай галіны, лёгкай прамысловасці, металургічнай вытворчасці, да нафтаперапрацоўчай галіны і шэрагу іншых сумежных кірункаў.