5 чэрвеня – Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя

Клопат аб прыродзе і парадку на зямлі – гэта прамы абавязак кожнага чалавека, але ёсць і службы, для якіх гэта стала прафесіяй. Дзякуючы зладжанай рабоце спецыялістаў прыродаахоўных арганізацый дасягаюцца значныя поспехі ў экалагічнай сферы і прыродакарыстанні. Якія гэта поспехі і якія праблемы з прыстаўкай эка- патрабуюць неадкладнага вырашэння? Пра гэта і многае іншае напярэдадні Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя пагутарылі з начальнікам Івацэвіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем ПРУСАМ і дырэктарам ДПУ «Заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае» Сяргеем ГАБЦАМ.

У штаце Івацэвіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – толькі два работнікі: начальнік і галоўны спецыяліст. Між тым перад інспекцый пастаўлена нямала задач. Галоўным чынам яна здзяйсняе кіраванне ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя і выкарыстання прыродных рэсурсаў: сочыць за рацыянальным выкарыстаннем недраў, водных рэсурсаў, захаваннем драўняна-хмызняковай расліннасці, узнаўленнем дзікіх жывёл і дзікарослых чырванакніжных раслін, ажыццяўляе кантроль за абыходжаннем з адходамі, для чаго праводзіць праверкі, маніторынгі. І гэта яшчэ не ўсё!
Наша інспекцыя – адна з лепшых у вобласці па выніках работы за 2020 год. У многім з-за таго, што ў нас найшлі падыход да вырашэння балючага пытання з несанкцыяніраванымі звалкамі ў лесе. У раёне ёсць палігоны для смецця ў Івацэвічах, Целяханах і Косаве, але больш няма міні-палігонаў, да чаго некаторыя людзі яшчэ не прывыклі і вывозяць адходы ў лес, не дачакаўшыся, пакуль смецце забярэ тэхніка ЖКГ. Гэтае пытанне інспекцыя падняла на ўзроўні раёна, у выніку былі распрацаваны схемы па абыходжанні з адходамі для кожнага сельсавета, па якіх цяпер і працуюць. Праблема ўжо не стаіць так востра.
Івацэвіцкая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя цесна супрацоўнічае з Бярозаўскай і Баранавіцкай міжраённымі інспекцыямі. А таксама з ДПУ «Заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае». Калі казаць пра заказнік, то акурат зараз рыхтуецца для разгляду на сесіі райсавета Рэгіянальная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021-2025 гг., праект якой заказнік і інспекцыя распрацоўвалі сумесна. Вызначаны пералік мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяроддзя ў раёне на 2021 год, пад якія запланавана фінансаванне. Сярод іх – рэалізацыя мерапрыемстваў па развіцці і ўладкаванні інфраструктуры для развіцця экалагічнага турызму, будаўніцтва і рамонт будынкаў, набыццё тэхнікі, распрацоўка і ўладкаванне «зялёных» маршрутаў і экалагічных сцежак; падрыхтоўка і выданне даведнікаў, карт, памятак, буклетаў на трох мовах; распрацоўка і рэалізацыя праектаў па рэабілітацыі тарфянікаў і іншае.

Начальнік Івацэвіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Прус і галоўны спецыяліст інспекцыі Вольга Белякова абмяркоўваюць рабочыя моманты з дырэктарам заказніка «Выганашчанскае» Сяргеем Габцам (у цэнтры).

Трэба ратаваць, узнаўляць беларускія балоты
– Самае галоўнае, што маюць на мэце нашы сумесныя рэгіянальныя праграмы, якія распрацоўваюцца на пяць гадоў, гэта захаванне біятопаў, нашых прыродных комплексаў, – разважае дырэктар заказніка «Выганашчанскае» Сяргей Габец. – Прыйшоў час клапаціцца пра прыроду, бо яна пакутуе з-за імклівага развіцця цывілізацыі. Сёння трэба ратаваць, узнаўляць беларускія балоты, бо яны як губка – рэзервуар прэснай вады, якой на зямлі ўсяго
толькі 2% і менш працэнта – тая вада, якую можна ўжываць людзям і жывёлам. Вада – гэта жыццё. Вучоныя канстатуюць: у нас значна панізіўся ўзровень грунтавых вод, з-за чаго гінуць расліны, няма ўрадлівасці. Усё гэта – рэзультат дзейнасці чалавека. Ужо распрацаваны праграмы
ўзнаўлення балот, і Еўропа ідзе на тое, каб іх фінансаваць.
Заказнік «Выганашчанскае» тым цікавы, што ў яго разнастайны ландшафт. Ёсць і азёры, і рэкі, і яшчэ царскія каналы, і балоты, і гістарычныя месцы, і помнікі прыроды. Ён адзіны ў Беларусі, які мае заніраванне: ёсць месцы, дзе дазволена рубка лесу, паляванне, а ёсць запаведныя зоны – зоны спакою, куды нельга ні паляўнічым, ні леснікам, ні турыстам. У нашага заказніка маюцца землекарыстальнікі, і наша задача сачыць за тым, каб не было парушэнняў з іх боку і парушэнняў увогуле, каб людзі не гаспадарылі там, дзе гэта забаронена. Цесна супрацоўнічаем з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яна мае права накласці штраф, саставіць пратакол… Працуем у звязцы, бо займаемся адной справай.

– І спрабуем зарабіць, у тым ліку на мерапрыемствы з рэгіянальнай праграмы, – працягвае сваю думку Сяргей Габец. – Фінансавання з бюджэту на ўсё не хапае, таму дадаём да яго сродкі ад правядзення экскурсій па заказніку.
Пандэмія не спрыяе развіццю экалагічнага турызму, але мы не спынілі сваю дзейнасць. Па-ранейшаму ў заказніку прапануюцца экскурсіі па экасцежцы «Надліўская града», вядомай на ўсю Беларусь, па водных, пешых і веласіпедных маршрутах, арганізуецца фотапаляванне. У нас ужывую і блізка можна пабачыць птушак і звяроў.
Акрамя таго, у Целяханах працуе Цэнтр экалагічнай асветы, у ім мы займаемся са школьнікамі, а яшчэ выязджаем у школы і нават дзіцячыя садкі, каб правесці гульні, лекцыі, выстаўкі, паказаць фільмы пра наш целяханскі край, пра нашу дзівосную прыроду. Экалагічнае выхаванне, асвета – гэта самае галоўнае, што мы павінны зрабіць для захавання нашай роднай прыроды, бо чалавек з дзяцінства павінен выхоўвацца асобай, якая беражэ жывое, не кіне абы дзе пластыкавую бутэльку (гэта праблема для лясоў) і гэтак далей. Прырода ў нас адна, і без челавека яна будзе існаваць, а чалавек без прыроды – не.
У нашым заказніку пяць штатных супрацоўнікаў, але ёсць і проста нераўнадушныя да прыроды людзі, якія на грамадскіх пачатках дапамагаюць нам, падказваюць, дзе і што бачылі. Такіх грамадскіх эколагаў у нас восем, называем іх заха-
вальнікамі балот.

Думаць пра экалогію модна – і гэта добры знак
– Не можа не радаваць тое, што ў апошні час з’яўляецца ўсё больш прыродаахоўных рухаў, супольнасцей, усё больш людзей цікавяцца пытаннямі экалогіі, – заўважыў начальнік Івацэвіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Прус. – У нас фарміруюцца экалагічныя звычкі: мы пачынаем сартаваць смецце, накіроўваючы пластык, шкло, паперу ў другасную перапрацоўку, мы паступова мяняем цэлафанавыя пакеты на шматразовыя эка-торбы. Мы не толькі сваё смецце забіраем з месцаў адпачынку, але і прыбіраем за тымі, хто не прывык жыць «экалагічна», удзельнічаем у суботніках. Многія горадаўтваральныя прадпрыемствы лічаць сваім доўгам укладваць сур’ёзныя сродкі ў захаванне экалогіі, пераходзяць на сучасныя сістэмы ачысткі, засаджваюць гектары зямлі хвойнымі і ліставымі дрэвамі. Сёння праяўляць актыўнасць у справе аховы навакольнага асяроддзя модна, сучасна, гэта ахвотна падхоплівае моладзь, за якой будучыня.
Тым не менш у гэты дзень – Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя – хочацца заклікаць усіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, жыхароў нашага раёна больш актыўна ўдзельнічаць у забеспячэнні экалагічных інтарэсаў насельніцтва, захоўваць спрыяльнае для жыцця асяроддзе.
Быць эколагам – гэта прызванне, цяжкая штотыднёвая праца, рэзультаты якой не заўсёды бачныя хутка – гэта праца на перспектыву і ўклад у будучыню. Важна не проста лічыцца эколагам, а быць ім. Дзень эколага прымушае задумацца аб асабістай ролі ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, аб персанальнай адказнасці. У гэты дзень хачу пажадаць кожнаму пачаць з сябе, са свайго беражлівага стаўлення да навакольнага свету.
Віншую са святам усіх, хто звязаў сваё жыццё з экалогіяй, прыродаахоўнай дзейнасцю, – спецыялістаў па ахове навакольнага асяроддзя, абаронцаў прыроды, аднадумцаў (як і ў заказніка, у нашай інспекцыі ёсць 13 сяброў-эколагаў, якія дапамагаюць нам на грамадскіх пачатках, ёсць сярод іх старшыні сельвыканкамаў). Усім вам, чыя штотыднёвая праца звязаная з вырашэннем экалагічных задач, я жадаю здароўя, вытрымкі, пабольш энтузіязму, экалагічных ініцыятыў і іх паспяховай рэалізацыі.

Да ведама: за шэсць месяцаў бягучага года Івацэвіцкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праведзена 320 абследаванняў, адна праверка, 83 маніторынгі, 12 мерапрыемстваў тэхнічнага характару і па ахове зямлі. Прыцягнута да адміністратыўнай адказнасці 13 юрыдычных і фізічных асоб. Агульная сума штрафаў склала 4 495 руб. Устаноўлена два факты прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю на суму 256,24 руб.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара
і з архіва заказніка «Выганашчанскае».