Філіял ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» адкрыўся на базе Косаўскага дзіцячага садка

З наваселлем павіншаваць, як і прынята ў такіх урачыстых выпадках, прыехала шмат гасцей. У іх ліку Генадзь Скробат, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Алег Раўчэня, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Велікаселец, старшыня Косаўскага гарвыканкама Леанід Юдчыц.
Раздзяліць радасць свята касаўчан прыехалі і наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання з Івацэвічаў і іх бацькі.
Аляксандр Сарока адзначыў, што тэрытарыяльны цэнтр адчыніўся ў Івацэвічах у 2003 годзе, у 2016 запрацаваў філіял у Целяханах, а сёння – у Косаве. Дзякуючы ўзаемнай зацікаўленасці атрымалася харошая справа – памяшканне, у якім паменшала наведвальнікаў дзетсадаўскага ўзросту, будзе выкарыстоўвацца не менш эфектыўна, запрасіўшы на сваю тэрыторыю наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання ТЦСАН. Філіял будуць наведваць інваліды і з іншых навакольных вёсак гэтага краю. У далейшым такі філіял варта будзе адчыніць і ў Быцені, падкрэсліў Аляксандр Фёдаравіч.
Генадзь Скробат звярнуў увагу на тое, што цяпер усё часцей адчыняюцца філіялы пры тэрытарыяльных цэнтрах. «Толькі ў Івацэвіцкім раёне іх два з пяці, якія існуюць у Брэсцкай вобласці, – казаў Генадзь Канстанцінавіч. – Разам з гэтым мяняюцца і прыярытэты. Перш за ўсё гэта даступнасць, перш за ўсё дайсці да кожнага і даць высокую якасць паслуг. Тут, у Косаве, усё пад рукой, памяшканне ўтульнае і светлае. І ўпэўнены, што ўсе, хто будзе працаваць і наведваць філіял, будуць рады і задаволены».

  
Радасць за калектыў і за наведвальнікаў цэнтра выказаў дырэктар Івацэвіцкага ТЦСАН Дзяніс Пакалюк. Да гэтага дня з-за пандэміі давялося ісці доўга, але ад ідэі ў цэнтры не адмовіліся. Дзяніс Валер’евіч дзякаваў генеральнаму дырэктару Івацэвіцкай ЖКГ, што ён на працягу сямі гадоў падтрымліваў цэнтр, дапамагаючы з падвозам людзей з інваліднасцю з Косава ў Івацэвічы. Удзячнасць прагучала і ў адрас камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама за падтрымку ва ўсіх пачынаннях. Дзякаваў Дзяніс Пакалюк і раённай уладзе за фінансавую дапамогу – у рамонт памяшкання Косаўскага філіяла ўкладзена 9 тысяч бюджэтных сродкаў і тры тысячы сродкаў цэнтра, а за чэрвень тут з’явіцца яшчэ і пандус. Да гэтага доўгачаканага дня свята калектыў Івацэвіцкага ТЦСАН падрыхтаваў для навасёлаў падарункі – пірог і музычны цэнтр.
Вядома, з адкрыццём філіяла ў Косаве ў бацькоў маладых інвалідаў Косаўшчыны з’явіцца больш свабоднага часу. Кожнай маці важна, што дзеці не проста право-
дзяць час, а і навучаюцца розным відам творчасці, зносінам паміж аднагодкамі і дарослымі, займаюцца спортам і праходзяць адаптацыю і рэабілітацыю. Наталля Пестрак ад імя ўсіх мам выказала ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у адкрыцці філіяла. «Нашы рабяты з задавальненнем і радасцю ездзілі ў цэнтр у Івацэвічы, і спадзяюся, што і сюды будуць хадзіць з такім жа імпэтам, – казала мама. – Для гэтага ўсё ёсць. Дзякуючы нашым педагогам, нашы дзеці навучыліся ўсяму. Вользе Аляксандраўне Папко, Таццяне Васільеўне Корзан, Зінаідзе Міхайлаўне Серадзе, Кацярыне Сяргееўне Анікей, Вользе Юр’еўне Сержановіч – ім за гэта велізарная па-
дзяка. Нашы дзеці былі невыязныя, на надомным навучанні. Яны не ведалі, што такое сябраваць, з імі ніхто не меў зносін. Пабываўшы ў цэнтры, яны набылі ўсё: сталі больш самастойнымі, смелымі, актыўнымі. І дырэктару нізкі паклон, што наведваў нашых дзяцей, падтрымліваў іх».
Свята наваселля было ўпрыгожана паветранымі шарамі і цудоўнымі песнямі ў выкананні Кацярыны Анікей і Анастасіі Рабчэні. З наваселлем!

 

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.