Іван Васільевіч і Людміла Якаўлеўна Вашчылы з в. Воля адзначылі залатое вяселле

Сямейная пара памятае тое сваё далёкае і блізкае, бо гады праляцелі ў адно імгненне, камсамольскае вяселле ў 1971 годзе. Ён – сакратар камсамольскай арганізацыі ў калгасе «Рассвет», яна – член райкама камсамола. Маладыя, прыгожыя, актыўныя.

Яны і пазнаёміліся на камсамольскім мерапрыемстве – раённым семінары ў Азарычах. Убачылі адзін аднаго і закахаліся. Гэта было зімой, а вясной ужо ў Воленскім сельскім клубе маладыя і закаханыя распісваліся. Спатканняў у іх за гэты час было няшмат, бо адлегласць усё ж немалая, каб можна было сустрэцца хлопцу з Краёў, які працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы, з дзяўчынай з Волі, якая працавала ў Івацэвічах, трэба было пераадолець адлегласць у 60 з гакам кіламетраў толькі ў адзін бок. Але гэта не паўплывала на іх адносіны, і вяселле атрымалася шумным і вясёлым, па-сапраўднаму камсамольскім. На вяселлі прысутнічаў першы сакратар райкама камсамола, другі сакратар райкама партыі і іншыя высокія госці. Пасля вяселля Іван уладкаваўся механізатарам у гаспадарку на Волю, і ўжо ўдваіх яны праяўлялі сябе актывістамі ў любой справе. Удваіх яны атрымалі кватэру, потым другую, а потым пабудавалі дом на Волі. Выгадавалі двух сыноў, пабагацелі на чатырох унукаў і двух праўнукаў.
Жылі Вашчылы заўсёды дружна, змоладу адзін да аднаго адносіліся з павагай, жыццёвыя цяжкасці пераадольвалі разам, калі і здараліся непаразуменні, стараліся доўга адзін на аднаго не трымаць зла, таму сумелі захаваць павагу і любоў. Пражыўшы паўвека пад адным дахам, яны ўпэўніліся, што галоўнае ў сямейным жыцці – давяраць і саступаць адзін аднаму.
– У нас такога няма, калі пасварыліся, не размаўляць дзень ці два. Мы адразу размаўляем, – кажа Іван Ва-
сільевіч. – Пароўну дзелім і клопаты, але жонка да мяне адносіцца ўсё роўна як да галавы сям’і. Паважаюць і дзеці. У нас два сыны – Дзмітрый і Віктар. Яны працавітыя, сем’і харошыя стварылі, жыллём забяспечаны. Адзін сын павянчаўся, а другі пакуль не, пэўна, яшчэ час той не прыйшоў. Дзецьмі я задаволены, і нявесткамі, і ўнукамі. Універсітэты пазаканчвалі, дапамагалі іх вучыць. Праўнуку і праўнучцы радуемся…
– Чаму вы вырашылі абвянчацца менавіта зараз? – цікаўлюся.
– Ведаеце, думалі, планавалі яшчэ на рубінавае вяселле павянчацца, але на 40 гадоў сумеснага жыцця абставіны склаліся так, што не выйшла, а ў савецкія часы самі разумееце, якія адносіны былі да царквы, а мы абое – камсамольцы. Нават дзяцей тайна хрысцілі. А цяпер, як дажылі да залатога вяселля, адступаць няма куды, – жартуе Іван Васільевіч. – Але мы ўжо б і самі не перадумалі, ды і які сэнс мяняць рашэнне. У шлюбе пражылі 50 гадоў, і на тым свеце трэба разам быць. Рана ці позна Бог пакліча, і хочацца ўдваіх стаць перад Богам.
– Хваляваліся?
– А як жа. Мо, больш, чым у маладосці. То ж перад Богам!
– Калі дарога вашага жыцця павярнула да Бога, памятаеце?
– Калі пачалі будаваць гэтую царкву на Волі, душа пацягнулася па-сапраўднаму да Бога, – прызнаецца Іван Васільевіч. – У нас у Краях царквы сваёй не было, маці хадзіла ў царкву ў Целяханы толькі на вялікія святы – адзін-два разы на год, бо далёка, 16 кіламетраў толькі ў адзін бок, а бацька, наогул, ніколі не быў у царкве. У савецкія гады мы ўсе раслі бязбожнікамі, час такі быў… Гадоў 10 таму да нас прывялі бацюшку Уладзіміра, які служыў у Хадаках, потым айца Аляксандра, а потым айца Ігара з матушкай, бо жонка была старастай вёскі на той час. Ну, і мы ім усім пакрысе дапамагалі наладжваць богаслужэнні ў нашым краі, і самі ўцягнуліся. А калі ўсур’ёз заняліся будаўніцтвам новага храма ў в. Воля, сталі капаць зямлю пад фундамент, цэглу цягаць, то прыйшло адчуванне, што галоўная справа ў нашым жыцці – паслужыць для Бога.
– Маладым трэба вянчацца?
– Мы вянчаліся па згодзе, асэнсавана. І маладым да гэтага святога і вялікага таінства трэба падыходзіць не як да моднага абраду, а з усёй адказнасцю – калі павянчаліся, то адзін раз і назаўсёды. І каб вянчанне «трымала» шлюб, трэба шанаваць адзін аднаго, шкадаваць і давяраць, каб стаць адным цэлым. Гэта няпроста, але гэта варта таго.
Сапраўды, для таго, каб шлюб стаў моцнай крэпасцю, трэба шмат працаваць над тым, каб адносіны паміж мужам і жонкай заставаліся беражлівымі і паважлівымі, трэба стрымліваць сваё «я» і пароўну дзяліць радасці і цяжкасці на жыццёвым шляху. А дзеці… Дзецям у большасці выпадкаў арыенцірам у жыцці становіцца прыклад бацькоў. Як кажуць, куды іголка, туды і нітка. Залатое вяселле пасля вянчання справілі Вашчылам дзеці, унукі і праўнукі. Усе прыязджалі, усе завіхаліся – як такое свята не будзе залатым?
…Будаўніцтва храма ў в. Воля падыходзіць да завяршэння. За гэты час ўтварылася і прырастае абшчына новымі вернікамі, згуртоўваецца і аб’ядноўваецца прыход для новых добрых спраў, для служэння Богу і людзям. Сямейная пара старэйшых Вашчылаў, якая ўкладвае ўсю душу, каб наблізіць час асвячэння храма, стала прыкладам для вяскоўцаў і тых, хто нясмела ўпершыню пераступіў парог храма. Прыязна сустракаюць у храме ўсіх, а дзятва, якую прыводзяць маладыя бацькі, адчувае сябе тут спакойна, як дома. І расце спадзяванне, што Воленскі прыход стане такой жа моцнай сям’ёй.

Валянціна БОБРЫК, фота аўтара.