Вакцынацыя – за ці супраць?

Што паказала анкетаванне сярод жыхароў раёна

У маі раённая служба аховы здароўя ў рамках Адзінай нядзелі імунізацыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіла анкетаванне на тэму вакцынацыі сярод жыхароў раёна, якія пагадзіліся ананімна адказаць на восем пытанняў і запоўнілі для гэтага спецыяльную электронную google-форму. Спасылка на яе размяшчалася на сайце «ІВ» і ў сацыяльных сетках раённай газеты.
У анкетаванні паўдзельнічаў 121 чалавек, у асноўным жанчыны. 77% рэспандэнтаў – ва ўзросце ад 25 да 59 гадоў. Што ж яно паказала?

67% апытаных лічаць, што медыцынскія прышчэпкі неабходныя, крыху больш за 30% сцвярджаюць, што не, астатнія не змаглі вызначыцца з адказам.
Ведаюць свой прышчэпачны статус (г. зн. ведаюць, якія прышчэпкі ім былі зроблены) амаль 77% рэспандэнтаў, астатнія не ведаюць. Асноўная прычына адмоў ад прышчэпак – невядомы састаў вакцыны, такі варыянт адказу выбралі 69% людзей (усяго на гэтае пытанне адказалі 87 чалавек). 16,1% з іх лічаць, што лепш перахварэць. Сярод іншых прычын для адмовы людзі ўказвалі наступныя: баюся наступстваў, рэлігійныя перакананні, няма даверу да прэпарата, па прычыне адсутнасці дадзеных аб вакцыне, па медыцынскіх паказаннях, «не веру ў дзеянне прышчэпкі», «не бачу сэнсу» і г. д. Былі і тыя, хто пазначыў – ад прышчэпак не адмаўляюся. 93,3% апытаных ведае аб пагрозе і рызыцы заражэння інфекцыйнымі захворваннямі пры адмове ад прышчэпкі.

Калі казаць пра вакцынацыю супраць COVID-19, то 19% запланавалі прышчапіцца ад каранавіруса і 14,9% ужо зрабілі гэта. 22,3% яшчэ не вырашылі, рабіць ім прышчэпку ці не.
З тых, хто не хоча прышчапіцца ад каранавіруса, большасць называюць наступную прычыну: не ўпэўнены ў бяспецы і эфектыўнасці вакцыны; хтосьці баіц-
ца пабочных рэакцый пасля вакцынацыі, дзевяць чалавек прызналіся, што ніколі не робяць прышчэпак. Называліся і іншыя прычыны: не раблю прышчэпак па прычыне хранічных захворванняў, маю медыцынскія супрацьпаказанні, хачу толькі расійскую вакцыну і іншыя.

Адзін чалавек даў разгорнуты адказ і выказаў меркаванне, што, на яго думку, не варта рабіць прышчэпку з-за адсутнасці поўнага абследавання. «А, можа, я хварэю ў той момант, проста няма сімптомаў? І які сэнс рабіць прышчэпку ад аднаго штама каранавіруса, калі іх некалькі? Ды і ўрачы самі не робяць прышчэпкі, баяцца…» – так лічыць рэспандэнт.
Гэты адказ пракаменціравала загадчыца аддзялення прафілактыкі УЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Алена КОЦІК:
– Як гэта ўрачы не робяць прышчэпак ад каранавіруса? На гэты момант іх зрабілі каля 78% урачоў раёна.
Ва ўсiм свеце выпрацавана тактыка: перад вакцынацыяй ацэньваецца стан пацыента ў дадзены момант, што ў яго няма прыкмет захворвання. Немэтазгодна праводзіць абследаванне перад правядзеннем вакцынацыi на наяўнасць антыгена цi антыцелаў да віруса SADS-COV-2.

Цяпер што тычыцца штамаў. Сучасныя вакцыны ад каранавіруса эфектыўныя ад розных яго штамаў, бо зробленыя з нязменнай часткі віруса (шып С), якая не муціруе.
У раёне прадаўжаецца вакцынацыя ад каранавіруса. Прышчэпкі зрабілі ўжо 3265 жыхароў раёна. Хутка будуць прышчэплены амаль усе, хто запісаўся на вакцынацыю загадзя, – вакцыны паступае дастаткова многа (амаль 800 доз штотыднёва). Таму Івацэвіцкая ЦРБ запрашае на вакцынацыю ўсіх жадаючых. Каб зрабіць прышчэпку, ужо не абавязкова запісвацца на яе. Проста прыходзь-
це да свайго ўрача агульнай практыкі ў зручны для вас час, і найхутчэй прышчэпка вам будзе зроблена ў той жа дзень. Пры попыце на паслугу будзе прадоўжаны час работы прышчэпачнага кабінета – да 18.00. У раённай бальніцы прапануюць вакцынавацца расійскай вакцынай «Спутник V».

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.