На шляху да безбар’ернага асяроддзя

і працаўладкавання людзей з інваліднасцю ёсць перашкоды, але іх трэба пераадольваць.

Як гэта робіцца ў нашым райцэнтры? Каб даведацца пра тое і пераняць вопыт рэгіёна, каб падказаць, дзе памылкі, і падзякаваць за справы, вартыя авацый, у Івацэвічы на семінар прыехалі госці з 12 раёнаў вобласці – прадстаўнікі Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку».

Выпрабавана на сабе. Падчас наведвання будынка Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» у Івацэвічах удзельнікі семінара паспрабавалі пракаціцца на велатандэме (веласіпедзе, прызначаным для дваіх).

 

На семінары мелі на мэце абмеркаваць арганізацыю работы па занятасці і працаўладкаванні людзей з інваліднасцю па зроку і стварэнне для іх даступнага асяроддзя жыццядзейнасці і зрабілі гэта, але выступоўцы паглядзелі на пытанне больш шырока і гаварылі і пра патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў цэлым.
Пра тое, як ідуць справы з працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю ў нашым раёне, расказаў начальнік упраўлення па працы, занятасці сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр ВЕЛІКАСЕЛЕЦ. Па яго словах, па стане на 1 чэрвеня на ўліку ва ўпраўленні – 1338 інвалідаў працаздольнага ўзросту, 801 з якіх маюць працоўныя рэкамендацыі. З іх ліку працуюць 382 чалавекі. У раёне арганізавана інфармаванне інвалідаў, якія знахо-
дзяцца ў базе, аб мерах садзейнічання занятасці, якія прадстаўляе ўпраўленне. Інфармуюць грамадзян пісьмова, праз гарсельвыканкамы, наведваюць іх на даму. Калі чалавек не працуе, з ім гутараць па тэлефоне, тлумачаць парадак рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага. Але па розных прычынах грамадзяне, якія маюць інваліднасць і не працуюць, не надта актыўныя: 293 чалавекі на запрашэнне звярнуцца ва ўпраўленне за садзейнічаннем у занятасці не адгукнуліся.
Праблема занятасці грамадзян з ліку інвалідаў заключаецца ў адсутнасці ў раёне ў межах транспартнай даступнасці вольных рабочых месцаў, якія падыходзяць ім па стане здароўя, лічыць Аляксандр Велікаселец. А нехта і не можа выконваць тую работу, якую для яго падбіраюць, і гэта высвятляецца, калі чалавек прыступае да выканання абавязкаў. Тым не менш, працуюць многія. Для працаўладкавання людзей з інваліднасцю штогадова наймальнікам устанаўліваецца броня для прыёму на работу. За 2016-2020 гг. службай занятасці працаўладкавана 53 інваліды; дзевяць прайшлі прафесійнае навучанне; траім аказана фінансавая дапамога ў выглядзе субсідыі для арганізацыі асабістай справы; 14 прынялі ўдзел у грамадскіх работах, за якія плацілі; забяспечана адаптацыя да працоўнай дзейнасці па прафесіі «пераводчык малюнкаў» у ААТ «Цэнтр маладзёжнай ініцыятывы» аднаго беспрацоўнага інваліда.
Расказвалася і пра тое, як наладжана работа па стварэнні ў райцэнтры безбар’ернага асяроддзя. Праграма на 2016-2020 гг. у раёне выкананая. Стаіць задача зрабіць безбар’ернае асяроддзе комплексным, каб чалавек з інваліднасцю мог самастойна дайсці да ўрача, патрапіць у адміністратыўны будынак, гандлёвы аб’ект, скарыстацца гарадскім транспартам.
– Мы гэта разумеем, і на 2021-2025 гг. унеслі ў праграму шэраг аб’ектаў; гэта медыцынскія ўстановы, установы культуры і адукацыі, пешаходныя пераходы і транспартную інфраструктуру, – зазначыў Аляксандр Велікаселец. – На 2022 год запланавалі зрабіць комплекснае даступнае безбар’ернае асяроддзе ў будынак райвыканкама – яно ёсць, але толькі часткова.
Таксама ён дадаў, што пяць-дзесяць гадоў таму пандус у райцэнтры быў цудам, цяпер шмат дзе яны ёсць. За мінулы год у горадзе абсталявалі каля дзясятка стаянак для інвалідаў. Але ёсць праблемнае пытанне: тыя аб’екты, якія рабіліся пяць гадоў таму ці раней, не заўсёды адпавядаюць нормам, бо пры будаўніцтве дакладна не ведалі патрабаванняў. Прагучаў намер удасканальвацца з улікам дапушчаных памылак і далей займацца гэтымі пытаннямі.
На 2020 год у праграме па безбар’ерным асяроддзі ў раёне было запланавана два аб’екты.
Адзін прафінансаваў райвыканкам (каля 20 тыс. руб), гэта стварэнне доступу ў кватэру дзіцяці-інваліда (зрабілі пад’ёмнік).

Другі аб’ект каштаваў 4,5 тыс. руб. З дапамогай спонсараў зрабілі пандус у дом, дзе пражываюць два дзіцяці-калясачнікі з адной сям’і. Таксама Аляксандр Велікаселец пракаментаваў слайды прэзентацыі, якая ілюстравала сітуацыю з безбар’ерным асяроддзем у райцэнтры, выслухаў заўвагі і прапановы ад удзельнікаў семінара, якія возьмуць на заметку.
Дырэктар ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» Дзяніс ПАКАЛЮК зазначыў, што супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне тэрытарыяльнага цэнтра з Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА «БелТІЗ» па вырашэнні сацыяльных праблем з інваліднасцю па зроку знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні. На ўліку ў цэнтры – 200 жыхароў раёна, якія маюць інваліднасць па зроку. На рэгулярнай аснове цэнтр праводзіць абследаванні матэрыяльна-тэхнічных умоў пражывання такіх грамадзян. Асноўныя праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, – цяжкасці, звязаныя з доглядам і суправаджэннем, патрэбнасцю ў тэхнічных сродках сацы-
яльнай рэабілітацыі. У гэтым кірунку цэнтр праводзіць работу. Інвалідам па зроку аказваецца сацыяльная дапамога праз салон «Міласэрнасць»: адзенне, бялізна і іншае. Сацыяльнае абслугоўванне на даму атрымліваюць 13 інвалідаў па зроку. Старонні пастаянны догляд здзяйсняецца для 15 такіх інвалідаў. Карыстаюцца яны і разавымі сацыяльнымі паслугамі.
У красавіку 2020 года на базе будынка Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА «БелТІЗ», што ў Івацэвічах на вул. Леніна, была адкрыта «Сацыяльная цырульня», у якой аказана 455 паслуг 176 грамадзянам, ёсць сярод іх і інваліды па зроку. Таксама асобныя інваліды па зроку атрымлівалі сацыяльную дапамогу – і на лячэнне, і на набыццё паліва, а таксама матэрыяльную дапамогу ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
ТЦСАН і БелТІЗ праводзяць сумесныя культурна-масавыя і спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы, экскурсіі, трэнінгі… Знакавае – абласны турзлёт сярод інвалідаў Брэсцкай вобласці «Івацэвіцкі мерыдыян».
А з 11 лютага 2021 года паміж тэрытарыяльным цэнтрам і абласной арганізацыяй ГА «БелТІЗ» заключаны дагавор аб супрацоўніцтве і партнёрстве. Шчыра дзякавала Дзянісу Пакалюку старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» Ірына ЮРЭНЯ і ўручыла дырэктару Івацэвіцкага
ТЦСАН Падзяку за шматгадовае плённае супрацоўніцтва ў сферы комплекснай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю па зроку і якаснае рашэнне пытанняў іх працаўладкавання.
Намеснік старшыні райвыканкама Алег РАЎЧЭНЯ падчас свайго выступлення зазначыў, што ў раёне ёсць праблема сацыялізацыі інвалідаў. За апошнія гады і зроблена дастаткова многа, але гэтага недастаткова, каб чалавек з інваліднасцю не адчуваў нязручнасцяў. Але работа па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў раёне будзе працягвацца, і падыход будзе комплексным. У горадзе ёсць будынак ГА «БелТІЗ», дзе плануецца стварыць рабочыя месцы, і ёсць інвестар, які дасць магчымасць інвалідам па зроку зарабляць і мець зносіны, што надта важна. Будзем рухацца наперад не сямімільнымі крокамі, сказаў Алег Раўчэня, а пакрысе – вада і камень точыць.

Інвестар у дапамогу

Што ж гэта за інвестар, які можа дапамагчы з работай інвалідам па зроку? Пра яго распавёў запрошаны госць, старшыня аб’яднання «Інвалід і асяроддзе» Іван ШМЫГА. Аб’яднанне «Інвалід і асяроддзе» рэалізавала нямала сацыяльных праектаў у вобласці экалагічнага турызму, рэабілітацыі праз мастацтва і працоўнай рэабілітацыі, фінансавалі іх спонсары з замежжа. Знайшоўся бізнесмен, які гатовы стварыць рабочыя масцы для інвалідаў па зроку ў Івацэвічах. Гэта Міхаіл Аранаў, які цяпер жыве ў Германіі і мае шэсць прадпрыемстваў у Еўропе, у тым ліку два – у Беларусі. У будынку «БелТІЗ», што ў Івацэвічах, ён прапануе стварыць зборачную вытворчасць па вырабе сувенірнай прадукцыі з фанеры. Дэталі будуць наразацца на лазерных станках у Брэсце. Узоры вырабаў разглядалі на семінары. Бізнесмен асабіста наведаў Івацэвічы на мінулым тыдні.
Рады з’яўленню інвестара і звязвае з гэтым вялікія надзеі Іван КАЛЕНІК, прадстаўнік Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» у Івацэвіцкім раёне, сацработнік аддзялення дзённага прабывання інвалідаў Івацэвіцкага ТЦСАН. Цяпер у раёне працаўладкаваны восем інвалідаў па зроку, яны займаюцца вырабам шчотак на вытворчым участку ў будынку «БелТІЗ», хоць былі гады, калі працавалі і па 15, і па 17 чалавек. Іван Каленік расказаў і паказаў у фотаздымках, як даводзіўся да ладу той самы будынак, дзе плануецца наладзіць новую вытворчасць, і станавілася зразумелым, што немагчымае магчыма. Рамонт у ім зрабілі без адзінага дагавору з будаўнікамі, усё сваімі рукамі. Пазней госці наведалі будынак і ўбачылі сацыяльную цырульню, пакой рэабілітацыі, вытворчы ўчастак, масажны кабінет (там працуе ІП), падзівіліся на вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, зробленыя рукамі інвалідаў па зроку. Хтосьці з гасцей праехаўся на велатандэме – гэта веласіпед, прызначаны для дваіх, у яго два сядзенні і чатыры педалі – інваліды па зроку маюць патрэбу ў такім транспарце. Ад абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» гаспадарам была падорана бензакаса, якая будзе вельмі дарэчы, каб і тэрыторыя каля будынка выглядала годна.
А пасля ўдзельнікі семінара накіраваліся ў Косаўскі палаца-паркавы комплекс, дзе ў гатэлі Пуслоўскіх ёсць нумар для інвалідаў. Іх чакала захапляльная экскурсія – у падарунак пасля плённай працы.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
фота аўтара.