Дэпутаты і сенатары звярнуліся да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі

Дэпутаты ўсіх узроўняў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу прынялі зварот да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі.
«Мы, дэпутаты і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – паўнамоцныя прадстаўнікі беларускага народа, звяртаемся да сусветнай супольнасці з заклікам непрадузята ацаніць сітуацыю, што складваецца вакол нашай краіны, калі пад выглядам барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці па сутнасці маюць месца агрэсіўны ўсебаковы націск на суверэнную дзяржаву і яе грамадзян, грубае парушэнне базавых прынцыпаў міжнароднага права па неўмяшанні ва ўнутраныя справы дзяржаў. Такія дзеянні ствараюць рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, парушаюць агульнапрызнаныя палажэнні Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адной з заснавальніц якой была і наша краіна, – гаворыцца ў звароце. – Незалежнасць, развіццё чалавечага патэнцыялу, эканамічны рост і ўмацаванне Беларусі з’яўляюцца як відавочнай асновай дабрабыту жыхароў нашай краіны, так і залогам геапалітычнай стабільнасці ў велізарным рэгіёне, які звязвае Еўропу, Расію і Азію».
Аўтары звароту лічаць, што замест падтрымкі і развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва шэраг дзяржаў актыўна садзейнічае дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь – супраць нас разгорнута масіраваная інфармацыйная агрэсія, накіраваная як на ўключэнне нашых грамадзян у дэструктыўную дзейнасць з мэтай учынення дзяржаўнага перавароту, так і на фарміраванне вельмі негатыўнага вобраза краіны на міжнароднай арэне.
«Уводзяцца беспрэцэдэнтныя і неабгрунтаваныя санкцыі. Абсурднымі выглядаюць дзеянні па пазбаўленні Рэспублікі Беларусь правоў на правядзенне міжнародных спартыўных спаборніцтваў, удзел у творчых і прафесійных конкурсах, забароны на ажыццяўленне авіязносін, дыскрымінацыя кампаній і арганізацый, а ў рэшце рэшт – звычайных грамадзян нашай краіны. Беларусы вытрымаюць гэтыя выпрабаванні, таму што нам ёсць што губляць. У ХХ стагоддзі мы двойчы аднаўлялі сваю краіну – з руін Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў і асколкаў разбуранага ў 1991 годзе СССР. Таму не толькі моцная дзяржаўная ўлада і моцныя органы правапарадку не дазволілі ператварыць Беларусь у чарговую гарачую кропку на палітычнай карце свету, але і кожны беларус адчувае дачыненне да стварэння краіны, разумее сваю адказнасць за яе будучыню», – адзначаецца ў дакуменце.
«Сёння палітычны і эканамічны націск на нашу краіну не спыняецца, а толькі ўзмацняецца. Заяўленая мэта – садзейнічанне ўмацаванню дэмакратычных каштоўнасцей і свабод. Аднак фактычна вынік зусім іншы – падрыў эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, запаволенне развіцця, скарачэнне сацыяльных праграм, зніжэнне дабрабыту людзей і, як вынік, – злом суверэннай беларускай дзяржаўнасці, фарміраванне зоны эканамічнай, геапалітычнай, сацыяльнай нестабільнасці ў самым цэнтры Еўропы, якая і так перажывае чараду крызісаў – міграцыйны, эканамічны, пандэмію COVID-19, – падкрэсліваюць дэпутаты і сенатары. – Мы звяртаемся да нашых замежных партнёраў з заклікам – захоўвайце прынцыпы і нормы міжнароднага права ва ўзаемаадносінах з Беларуссю, бо парушыўшы іх аднойчы, зноў надаць ім значнасць будзе складана. Мы гатовы да дыялогу, але не да прымушэння, і адказна заяўляем аб бесперспектыўнасці і недальнабачнасці любых замахаў на наша права самастойна выбудоўваць шлях развіцця Рэспублікі Беларусь».

Па матэрыялах Белта.