На базе ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы» дзейнічае лагер працы і адпачынку «Пчолка»

Сёлета тут шчыруюць 23 юнакі і дзяўчаты, вучні восьмага і дзясятага класаў. Згодна з нормамі, дзеці да 16 гадоў працуюць чатыры гадзіны ў дзень, старэй за 16 гадоў – шэсць гадзін.
Як расказаў дырэктар лагера Аляксандр Аляксандравіч Васільчук, рабяты ў асноўным займаюцца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, а таксама займаюцца рамонтам і падклейкай кніг у школьнай бібліятэцы. Работа па сілах кожнаму, працуюць рабяты зладжана і з задавальненнем. Некаторыя з дзесяцікласнікаў ужо працавалі ў лагеры раней, таму з ахвотай вырашылі папрацаваць летам зноў.
– Я ужо працаваў у лагеры год таму, мне ўсё спадабалася. Работа была не вельмі цяжкая, зарабіў свае першыя ўласныя грошы. Заробак мяне цалкам задаволіў. Тым больш, што працаваў разам са школьнымі сябрамі, час праляцеў весела і хутка. У мінулы раз за заробленыя грошы набыў адзенне для сябе, цяпер хачу купіць запчасткі для матацыкла, – дзеліцца меркаваннем Максім Гесць.
Анастасія Грабун у лагеры працы і адпачынку даведалася на ўласным вопыце, як часам нялёгка зарабляюцца грошы.
– Я таксама працую ў лагеры ў другі раз, і ў гэтым годзе з ахвотай сюды вярнулася, бо тут мы не толькі працуем, але і весялімся, тут лёгка можна знайсці новых сяброў. У мінулы раз быў добры заробак. Канешне, да ўласных грошай стаўленне зусім іншае, пачынаеш цаніць чужую працу. І мінулы, і гэты заробак адклала ў скарбонку, каб купіць ноутбук, – расказала Анастасія Грабун.
Амелія Глушакова запісалася ў лагер працы і адпачынку не дзеля заробкаў, а каб правесці летні адпачынак цікава. Дзяўчына адзначыла, што яе чаканні лагер поўнасцю апраўдаў.
Зазірнулі мы і да дзяўчат, якія займаліся праверкай і рамонтам кніг у школьнай бібліятэцы. Бібліятэкары нарадавацца не могуць такім руплівым памочніцам, а дзяўчаты таксама прызналіся, што прыйшлі ў лагер не дзеля заробкаў, а каб весела правесці час. Але планамі на першыя ўласныя грошы падзяліліся: будуць збіраць на падарожжы.


А кажуць, што моладзь у нас марнатраўная. Аказваецца, не.
І сапраўды, акрамя працы, дзеці цудоўна бавяць час. Напрыклад, рабяты разам са старэйшай важатай Ларысай Юльянаўнай Собаль арганізавалі квэст-гульню для малодшых школьнікаў, якія наведваюць лагер «Вясёлка». Падлеткі ў строях казачных герояў чакалі малышоў на спецыяльных кропках, дзе давалі ім заданні, адолеўшы якія, каманда-пераможца знайшла капсулу з падарункамі. Таксама прайшлі конкурсы «Міс» і «Містар лагера».
Бацькі ахвотна давяраюць арганізацыю вольнага часу педагогам: у школе дзеці пад наглядам і маюць магчымасць добра адпачыць і набыць карысныя навыкі. А школьныя повары імкнуцца, каб рабяты смачна і паўнавартасна харчаваліся.
Рабяты ўпэўненыя – такі від адпачынку ім на карысць.