Пастаўлена кропка ў нашумелай справе аб збіцці фельчара

Гэтае здарэнне адбылося яшчэ ў лютым і мела шырокі грамадскі рэзананс. Ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» у начны час паступіў сігнал з в. Старажоўшчына аб тым, што рэзка ўзнялася тэмпература ў шасцімесячнага дзіцяці. На выклік паімчала «хуткая».
Фельчар брыгады «хуткай», наведаўшы дом, агледзеўшы дзіця і параіўшыся з маці немаўляці, правёў патрэбныя ўрачэбныя маніпуляцыі і прызначэнні. Але яго дзеянні чамусьці моцна не задаволілі роднага брата бацькі дзіцяці – 30-гадовага мясцовага мужчыну, які быў на добрым падпітку і стаў задаваць фельчару пытанні, што тычыліся метадаў лячэння. Фельчар не стаў адказваць на пытанні нецвярозага (ён усё раней дакладна патлумачыў маці дзіцяці), а той, раз’юшаны, накінуўся з кулакамі на медработніка. Прычым з такой агрэсіяй накінуўся, што медсястра, якая суправаджала фельчара, выскачыла на вуліцу, паклікала вадзіцеля, каб той аказаў дапамогу. Яны, адбіваючыся, з цяжкасцю пакінулі дом, куды прыехалі ратаваць дзіця.
Сімвалічна тое, што цераз паўгадзіны тэмпература ў дзіцяці панізілася да нармальных значэнняў, яно заснула, і сэрца маці супакоілася. Фельчар усё зрабіў правільна, але аказаўся збітым.
Ён звярнуўся ў праваахоўныя органы.
Была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Хуліганства». У ходзе судовага пасяджэння абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся. У гэтай сітуацыі ступень пакарання залежыла ад меркавання пацярпелага, але фельчар прадэманстраваў найлепшыя чалавечыя якасці – няпомслівасць і велікадушнасць – і папрасіў суд не караць строга хулігана.
Прысуд – 240 гадзін грамадскіх работ.
Будзем спадзявацца, што, выконваючы гэтыя грамадскія работы, дадзены хуліган кардынальна зменіць сваё стаўленне да работы медыкаў. Гэта вялікае дабро – ведаць, што па твайму выкліку прымчаць прафесіяналы, якія акажуць дапамогу хвораму, нямогламу… Сустракаць іх трэба добрым словам, а не кулакамі. Ва ўмовах пандэміі гэта зразумелі многія людзі, але, як бачыце, не ўсе.
Васіль АЎРУСЕВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.