Пад кантролем дружыннікаў

З мэтай павышэння ўзроўню правапарадку на вуліцах і ў грамадскіх месцах Івацэвічаў і раёна, развіцця праваахоўнага руху грамадзян у раёне створаны і зарэгістраваны 18 добраахвотных дружын – па адной у кожным сельсавеце, а таксама адна аб’яднаная Івацэвіцкая гарадская. Агульная колькасць дружыннікаў – прыкладна 150 чалавек.
Нагадаю, што добраахвотныя дружыны ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку». Распрацавана Палажэнне аб добраахвотнай дружыне. Непасрэдна выхад дружын на забеспячэнне аховы правапарадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з распрацаваным графікам, час выхаду – з 19.00 да 22.00. Дружыннікі ў абавязковым парадку ўзаемадзейнічаюць з участковым інспектарам міліцыі.
З пачатку года дружыннікамі Івацэвіцкага раёна ў ходзе сваёй дзейнасці выяўлены тры адміністрацыйныя правапарушэнні. На жаль, усе яны звязаны з распіццём алкагольных, слабаалка-
гольных напояў і піва або з’яўленнем грамадзян у грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Просім жыхароў раёна з разуменнем ставіцца да работы добраахвотных дружын, бо гэтая дзейнасць дазваляе кантраляваць стан злачыннасці ў грамадскіх месцах і, увогуле, станоўча ўплывае на дынаміку злачынстваў у раёне. Таксама просім не заставацца ўбаку ад такой дзейнасці, далучацца. І калі вы жадаеце стаць на варту грамадскай бяспекі, то звяртайцеся ў сельскія сельсаветы (калі вы жыхар сельскага населенага пункта) або ў Івацэвіцкі РАУС (калі пражываеце ў Івацэвічах).
Ларыса КОЛБІК, намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС, Аляксандр ГОРБАЧ (фота).