«Работу сваю вельмі люблю, і на Івацэвіччыне мне ўсё па душы», – лічыць кіраўнік раённай лабараторнай службы і прафсаюзны лідар Івацэвіцкай райбальніцы Вячаслаў Жагальскі

Вячаслаў Жагальскі – урач лабараторнай дыягностыкі, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Сёлета яго імя занесена на раённую Дошку Гонару. Акрамя таго, і калектыў клініка-дыягнастычнай лабараторыі, якім ён кіруе, стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод медыцынскіх устаноў раёна па выніках работы за 2020 год і ўзнагароджаны Ганаровым пераходным вымпелам. Сярод узнагарод рознага ўзроўню, якія ўпрыгожваюць сцены кабінета Вячаслава Жагальскага, ёсць шмат асабістых. Сярод іх нагрудны знак «Прафсаюзны лідар» беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя, якім ён быў узнагароджаны летась.

Па словах галоўнага ўрача УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Васілія Юзэфовіча, у Вячаслава Жагальскага вельмі адказны ўчастак работы. Ён прайшоў школу ад фельчара-лабаранта да ўрача і з’яўляецца сёння, па сутнасці, кіраўніком раённай лабараторнай службы. Выдатны спецыяліст дастойна спраўляецца з гэтай нагрузкай. На ім ляжыць кантроль якасці правядзення лабараторна-дыягнастычных даследаванняў, граматнае і руплівае абыходжанне з матэрыяльнымі рэсурсамі. Вялікі блок работы ён бярэ на сябе па падрыхтоўцы да працэдуры закупак медыцынскага абсталявання, усё выконвае своечасова, граматна і па-гаспадарску. Дбае, каб лабараторыі былі аснашчаны ўсімі самымі сучаснымі навінкамі. «Аддзяленне – адно з самых маладых, а гэта значыць, што на яго плячах ляжыць і функцыя настаўніцтва, навучання маладых кадраў. І нарэшце, Вячаслаў Стэфанавіч – наш прафсаюзны лідар, таксама выдатны, бо не толькі ўносіць канструктыўныя прапановы, а і вырашае іх, праяўляе сапраўдны клопат аб людзях», – кажа галоўны ўрач.
Калегі па лабараторыі і іншыя работнікі Івацэвіцкай райбальніцы і паліклінікі таксама адгукаюцца станоўча аб Вячаславе Жагальскім, адзначаюць яго вытрыманасць, чалавечнасць, імкненне абараніць работнікаў у канфліктных сітуацыях, аказаць своечасовую дапамогу ў вырашэнні жыццёвых пытанняў, асабліва маладых спецыялістаў. Ён у лабараторыі можа працаваць на любым абсталяванні, ведае яго дасканала, словам, кіраўнік, які ўнікае ў дзейнасць лабараторыі, думае і клапоціцца, каб усё працавала добра і ў спакойным рытме.
Нарадзіўся Вячаслаў Жагальскі ў в. Кончыцы Пінскага раёна, у сям’і, дзе бацька працаваў трактарыстам, а маці – жывёлаводам. Так склалася ў яго жыцці, што вакол яго было многа сваякоў, каму была блізкая медыцына. Да прыкладу, родная старэйшая сястра скончыла медыцынскае вучылішча і працавала ў роднай вёсцы фельчарам-акушэрам на ФАПе. Сястра дваюрадная – урач-педыятр, цётка па матчынай лініі ўсё жыццё – медсястра. І калі Вячаслаў заканчваў школу, з выбарам не вагаўся, абраў медыцыну, якая яму падабаецца і зараз.
У 2001 годзе ён скончыў з адзнакай Пінскае медыцынскае вучылішча па спецыяльнасці лабараторны дыягност. Быў накіраваны па размеркаванні ў Івацэвіцкую райбальніцу. Напачатку працаваў фельчарам-лабарантам у гэтай жа лабараторыі. Пасля праходжання курсаў быў пераведзены ў рэнтген-кабінет і да мая 2012 года працаваў рэнтген-лабарантам. Паралельна вучыўся ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце, прайшоў ардынатуру і з мая 2012 года працуе на пасадзе ўрача лабараторнай дыягностыкі і загадчыка клініка-дыягнастычнай лабараторыі. У 2016 годзе быў абраны старшынёй прафкама Івацэвіцкай ЦРБ, як адзначае жонка доктара, работы многа, але без гэтых «цяжкасцей» ён не зможа. І гэта так. Яго спакойнай энергіі і працаздольнасці хапае яшчэ і на тое, каб дадаткова падпрацоўваць у аддзяленні трансфузіялогіі ўрачом лабараторыі.
– Работу я сваю люблю вельмі, – кажа Вячаслаў Стэфанавіч, і ў гэтым, згодна, няма сумненняў. – Выбраў такую накіраванасць, бо падабаецца працаваць з дыягнастычным абсталяваннем…
Спецыялісты лабараторыі працуюць з біяматэрыялам, вызначаюць паказчыкі, зыходзячы з якіх ставіцца дыягназ. А ад правільнага дыягназу залежыць поспех у лячэнні пацыентаў.
З другога боку, работа ў Вячаслава Жагальскага своеасаблівая яшчэ і тым, што ён кіруе калектывам, у якім 28 чалавек, і з усіх – мужчына толькі ён. Дзякуючы яго граматнай рабоце, як кіраўніка, дасягнуты высокія паказчыкі ў рабоце.
– На дадзены момант наша лабараторыя аснашчана самым сучасным лабараторным абсталяваннем, – расказвае ён. – Многае раней, як я прыйшоў сюды на работу, рабілася ўручную. А сёння аўтаматызаваны ўсе віды даследаванняў: і гематалагічныя, і агульна-клінічныя, усюды стаяць аналізатары. Лабараторыя займае два паверхі. У біяхімічны аддзел паўтара года назад атрымалі біяхімічны аналізатар, далей стаіць аналізатар гемастаза, ІФА-аналізатар, які працуе ў аўтаматычным рэжыме, трэці паверх прадстаўлены яшчэ двума гематалагічнымі аналізатарамі, ёсць біяхімічны. Лабараторыя дзіцячай паліклінікі таксама аснашчана біяхімічным аналізатарам, не забываем пра лабараторыі ў Целяханах, Косаве, паціху абнаўляемся. Дыягназ – самае галоўнае.
І кіраваць жаночым калектывам няпроста. У работніках Вячаслаў Жагальскі цэніць спраўнасць, акуратнасць, бо з іх, лічыць ён, пачынаецца парадак, а гэта найперш. Важныя і чалавечыя якасці работнікаў, бо дзейнасць лабараторыі напрамую звязана з людзьмі. «Калі прыйшоў чалавек у лабараторыю, значыць яго нешта непакоіць, і трэба ўмець знахо-
дзіць падыход да розных людзей, умець падтрымаць, паспачуваць, супакоіць», – лічыць доктар. Пандэмія ковіда дадала работы і лабарантам, ускладніла яе. Давялося думаць пра шляхі арганізацыі работы ў новых умовах… Вядома, нагрузка павялічылася ў разы, але справіліся.
У прафсаюзнай рабоце Вячаслаў Жагальскі шмат намаганняў прыкладае, каб медыцынскім работнікам было цікава разам адпачываць. З-за ковіда цяпер менш, а так бальніца актыўна ўдзельнічае і ў абласных, і ў рэспубліканскіх турыстычных злётах, у спартыўных мерапрыемствах. На шафе ў кабінеце прафсаюзнага лідара стаіць цэлая галерэя кубкаў і пасведчанняў пераможцы.
А ў сваёй сям’і Жагальскі цэніць любоў, павагу і разуменне. «Трэба ўступаць адзін аднаму, разумець адзін аднаго і паважаць», – лічыць ён. Жонка яго – індывідуальны прадпрымальнік, разам гадуюць сына і дачку.

Сыну Максіму ўжо 16, вучыцца ў Івацэвіцкім прафліцэі і марыць стаць інжынерам, бо душа ляжыць да тэхнікі. Дачцэ Вікторыі – шэсць, яна пойдзе ў першы клас.
– У памяшканні, дзе лабараторыя, раней быў стары раддом, дакладней – палата для нованароджаных немаўлят. Я ўспамінаю, як жонка сына нарадзіла, то я прыходзіў яе праведаць, ноччу мне паказалі сына. А цяпер у гэтым пакоі – наша лабараторыя, – расказвае з цёплай усмешкай Вячаслаў Стэфанавіч.
У 2010 годзе сям’я Жагальскіх перасялілася ў свой дом, які пабудавалі сваімі рукамі з дапамогай бацькоў з абодвух бакоў. На жаль, у Вячаслава, як справілі наваселле, бацькі хутка не стала, але засталася цёплая памяць аб ім і ягоная навука. Вячаслаў можа сваімі рукамі і кладку зрабіць, і патынкаваць сцены, і любую вясковую работу зрабіць. Маці не нарадуецца сыну, пабываўшы ў яго ў гасцях і дома, і на рабоце. Яна штогод чакае сям’ю сына на адпачынак, а краявіды ля возера, на беразе якога стаіць бацькоўскі дом, грэюць сэрца.
– Люблю, каб было прыгожа. Люблю быць дома. У нас у вёсцы вялікі сад. І мы ўчастак выбралі з садам, абнавілі яго. Растуць і яблыні, і грушы, і вінаград, і грэцкія арэхі… – з любоўю дзеліцца Вячаслаў Стэфанавіч. – Прыйдзеш іншы раз раздражнёны, стомлены вечарам, возьмеш газонакасілку, паходзіш з ёю вакол дома, у садзе, і ўвесь «дым» сышоў…
– Адчуваеце сябе шчаслівым? – цікаўлюся.
– Шчаслівым? Чаму і не. Мне падабаецца ўсё тут: работа, дом, горад. Маленькі, за 20 хвілін з аднаго канца ў другі пройдзеш, але ўтульны, прыгожы. Мне ўсё тут па душы…

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.