Дынастыя ўрачоў Міхеевых

Дынастыя ўрачоў Міхеевых – гэта бацька Аляксандр Мікалаевіч Міхееў, які працуе медсястрой у Косаўскім псіханеўралагічным інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, маці Ларыса Фёдараўна – урач-стаматолаг Косаўскай гарадской бальніцы, сын Кірыл Аляксандравіч – анестэзіёлаг-рэаніматолаг Івацэвіцкай райбальніцы, нявестка Кацярына Васільеўна – урач оталарынголаг УЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Не здзіўлюся, што ў будучым дынастыя папоўніцца яшчэ адным імем – унучка Аляксандра марыць таксама стаць доктарам-стаматолагам, як бабуля.

«Аляксандр – імя не выпадковае ў нашым радаводзе»
Яно паўтараецца ў родзе Міхеевых як па прамой мужчынскай лініі, так і па жаночай. Як казаў галава дынастыі Міхеевых Аляксандр Мікалаевіч, яго дзеда па бацькоў-
скай лініі звалі Ніл Аляксандравіч. Яго калісь прыслалі ў Целяханскі райкам працаваць ваенкамам. Ніл Аляксандравіч быў чалавекам вельмі строгім, высакародным і менавіта за гэтыя якасці вельмі паважаным у Целяхан-
скай акрузе. Пра яго памятаюць у Целяханах і ведаюць у Косаве. І карані дынастыі ўрачоў пачынаюцца таксама ад дзядоў – жонка дзеда Ніла Аляксандравіча Таццяна Міхайлаўна працавала ўрачом-інфекцыяністам у Целяханах. Ад свайго дзядулі Аляксандр Мікалаевіч унаследаваў строгасць, акуратнасць і нават педантызм у навядзенні парадку.
– Я больш за ўсё люблю парадак. У кватэры, на участку, у агародзе, на рабоце. Калі рэч стаіць тут, то яна павінна стаяць на гэтым месцы – ні на сантыметр ні ўлева, ні ўправа, – кажа ён.
Гэтыя рысы сёння Аляксандр Мікалаевіч, як дзед, імкнецца інтэлігентна закласці ва ўнучцы Аляксандры. «Каб яна была акуратная, выхаваная і з усімі неабходнымі правіламі ў жыцці, – кажа ён. – Па паводзінах бачна, які перад табой чалавек. І я стараюся ад унучкі ў меру строга патрабаваць выхаванасці. Унучка не крыўдуе, разумее, што так трэба, стараецца адпавядаць».
У маладосці Аляксандр Мікалаевіч пайшоў па бабулінай сцяжынцы – абраў медыцынскі кірунак і паступіў у Мінскае медвучылішча. Іх курс рыхтавалі па ўзмоцненай спецпраграме для работы ў Мінску і, як кажуць, здымалі стружку па поўнай на занятках. Выпускнікоў яго курса ўсіх пакідалі ў Мінску, а Аляксандр Мікалаевіч накіраваўся ў міністэрства па ахове здароўя за адмацаваннем, каб паехаць за жонкай. Яго і слухаць не хацелі, каб адпусціць са сталіцы.

І ён у той час не пабаяўся заявіць, што паедзе ўсё роўна працаваць у Івацэвіцкі раён. І паехаў. Урэшце рэшт яго дакументы накіравалі на аблздраў, і Міхееў прамяняў Мінск на правінцыю. У хуткім часе маладыя атрымалі магчымасць выбраць Косава за перспектыву атрымання кватэры. Косава Аляксандру Міхееву не адразу стала родным, а вось работа на «хуткай» – гэта была па-сапраўднаму яго стыхія.
– Надта моцна любіў сваю работу на «хуткай», – прызнаецца ён. – Быць патрэбным людзям, ратаваць іх – гэта мяне натхняла ў рабоце. Мне хацелася ісці на работу. І за некалькі гадзін да змены я ўжо ў думках быў не дома, а на рабоце. Пакуль едзеш на выклік, перабіраеш некалькі варыянтаў, і, прыехаўшы, ты адразу ўжо з парога гатовы аказваць дапамогу хвораму.
І ўсё ж думка аб паступленні ва ўніверсітэт не пакідала. У 2002 годзе ён паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт на псіхолага. Адукацыя дапамагае ў рабоце ў Косаўскім інтэрнаце, куды Аляксандр Мікалаевіч пасля аварыі ўладкаваўся працаваць медсястрой. Работа з інвалідамі і састарэлымі спецыфічная, там людзі і так абдзеленыя лёсам і, як ніхто, маюць патрэбу ў дапамозе. Работа патрабуе шмат намаганняў як прафесійных, так і псіхалагічных, але, як жартуе Аляксандр Мікалаевіч, пасля «хуткай» ён можа працаваць усюды.
З гадамі ён крыху памякчэў, але стрыжань застаўся той жа. На новым рабочым месцы супрацоўнікі адразу заў-
важылі педантычнасць Міхеева. У яго і там уся дакументацыя, усе лекі і рэчы – кожная на сваім месцы. Сына, ня-
гледзячы на любоў, выхоўваў таксама ў строгасці: урокі, музычная школа… Чалавек павінен усё ўмець і быць гарманічна развітым – такое крэда жыцця галавы сямейства.

«Адзін за ўсіх і ўсе –за аднаго»
Ларыса Фёдараўна Міхеева, урач стаматолаг Косаўскай гарадской бальніцы і жонка Аляксандра Мікалаевіча, так кажа пра свой цудоўны калектыў, у якім ёй пашчасціла працаваць і дзякуючы якому яны засталіся жыць у Косаве. І гэтымі ж словамі можна ахарактарызаваць і іх сямейнае жыццё. Шчасце, на яе думку, – гэта моцная сям’я. «Мы разам усюды: і ў падарожжах, і на адпачынку, і ва ўсе святы. Моладзь звычайна імкнецца аддзяліцца, а нашы сын і нявестка цягнуцца да нас. І мне гэта вельмі падабаецца, – з радасцю кажа Ларыса Фёдараўна. – Мы шчаслівыя, калі збіраемся разам. І ўнучка радуецца: бабуля, як добра, калі ў доме нас многа!»
Нарадзілася Ларыса Фёдараўна ў Высокім. Яе бацьку па партыйным заданні накіравалі працаваць упраўляючым сельгастэхнікай у Целяханах, і калі дзяўчынцы было 10 гадоў, сям’я пераехала ў пасёлак. У 1977 годзе яна паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут.
– У мяне з 6 класа ўзнікла зацікаўленасць да прафесіі ўрача. Стаяла пытанне: фармацэўтам ці ўрачом, – успамінае Ларыса Фёдараўна. – Калі павезлі падаваць дакументы, старшыня прыёмнай камісіі ўгаварыў майго баць-
ку, маўляў, навошта такой харошай дзяўчынцы лячэбны факультэт, там смерці бываюць, там цяжка… А да стаматолага прыйшоў чалавек, палячыўся і ўжо здаровы. Да таго ж дзяўчынка з сельскай школы можа не прайсці…
У той час конкурс на ўрачоў быў надта вялікі, а стаматалогія ў прыярытэце, як цяпер, яшчэ не была. І хоць Ларыса набрала намнога больш балаў, паступіла па парадзе бацькоў на стаматолага. І ніколечкі не пашкадавала аб гэтым за ўсё жыццё. На доктара адвучылася і яе родная сястра.
Паколькі на першым месцы былі сямейныя традыцыі, яна хацела размеркавацца бліжэй да дома. І выбрала Рэчкі, хоць ішла ў спісе ў ліку першых. Гэта было ў 1982 годзе. Яшчэ замужам яна не была. Дарэчы, з мужам яны – аднакласнікі. Вучыліся ў Целяханскай школе з трэцяга класа. Правераная часам дружба перарасла ў каханне.
– Ён вучыўся ў медыцынскім вучылішчы на апошнім курсе. Мне патрэбна была медсястра, і галоўны ўрач у Івацэвічах дазволіў яму летам папрацаваць са мной у Рэчках, – успамінае Ларыса Фёдараўна. – Адносіны ў нас былі ўжо глыбокія, і мы вырашылі ажаніцца. Восенню 1983 года згулялі вяселле, а на пачатку 1984 ён скончыў вучобу, і мы пераехалі ў Косава. Я была на той час цяжарная.
Муж пайшоў працаваць на «хуткую», а яна на месца пенсіянеркі – стаматолагам.
– Работа ў мяне творчая, – кажа Ларыса Фёдараўна. – Хворага супакоіш, палечыш, параду дасі. Колькі раз упэўніваешся, што нават словам можна чалавеку дапамагчы. З 2 красавіка 1984 года 38 год пайшоў, як працую ў Косаве. Ведаю ўсіх людзей, з дзецьмі працую. Тут як у вялікай сям’і – трэба да ўсіх з любоўю, з жаданнем дапамагчы. На пенсіі ўжо, але працую яшчэ, пакуль здужаю.
– Аб чым гавораць у сям’і, дзе ўсе ўрачы? – цікаўлюся.
– Толькі аб рабоце, – смяецца Ларыса Фёдараўна. – І заўсёды хтосьці скажа – усё, пра работу больш ні слова, і ўсё роўна праз хвіліну размова пераходзіць у тое ж рэчышча – пра работу. Але як інакш? Ты ж пражываеш жыццё другога чалавека і не можаш быць убаку. На «хуткай» муж 35 гадоў адпрацаваў, ён вельмі карыстаецца ў насельніцтва павагай, усе яго ведаюць, усім ён трэба. Сын перажывае за сваіх пацыентаў, як за сваіх. Іншы раз уздыхне: мама, як цяжка працаваць, у кавід столькі намаганняў прыкладваем, каб выхадзіць чалавека, усё робім, а чалавек раптам… памірае. Як ён перажывае, калі яго пацыенты – дзеці. Ён, як і ўсе мы, усё аддасць, каб чалавеку дапамагчы.
Ларыса Фёдараўна казала, што з мужам яны, як дзве палавінкі.
– Рэдка такое здараецца, але мы супадаем з ім у многім. У нас дні нараджэння амаль разам, характарам аднолькавыя, і разам усё вырашаем. Ён толькі падумае, а я ўжо кажу пра гэта.
Ларыса Міхеева вельмі цэніць свой калектыў. Многа разоў была на курсах, чула і здзіўлялася, што ў Косаве найлепшыя людзі працуюць: адзін за ўсіх і ўсе – за аднаго. 15 гадоў яна была старшынёй прафкама, і цяпер на слыху тыя мерапрыемствы, на якіх панаваў дух адзінства. І ў святы ўсе былі разам. Гэта дарагога каштуе, калі адчуваеш надзейнае плячо ў кожным супрацоўніку.
Каштоўна, калі і ў сям’і пануе той жа дух адзінства. Нявестку тут прынялі як сваю дачку. Іншы раз людзі думаюць, што яна – дачка Ларысы Фёдараўны, бо і знешне, і па характары яны падобныя. Яна любіць з нявесткай раіцца па любых пытаннях, і мужчыны ў сям’і іх успрымаюць як сябровак. І потым – усе зберажэнні старэйшых Міхеевых пайшлі на тое, каб пабудаваць дом для маладых.
– Сэнс жыцця ў тым, што ты зрабіў добрага для людзей. Пабудаваць дом, вырасціць сына і пасадзіць дрэва, – гэтую задачу Міхеевы выканалі, – кажа жанчына. – А вось шчасце – толькі ў сям’і. Калі ў сям’і ўсё добра, тады жывеш і хочацца жыць. З жаданнем ідзеш на работу, а пасля работы – з жаданнем ідзеш дадому.


Толькі ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам
Мой наступны суразмоўца – Кірыл Аляксандравіч Міхееў, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг УЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Ён – адзіны сын Аляксандра Мікалаевіча і Ларысы Фёдараўны Міхеевых. Яшчэ ў дзяцінстве, калі прыходзіў на работу да мамы, апранаў медыцынскую шапачку і пытаў: ці пасуе яму? І калегі з радасцю прарочылі хлопчыку: «Кірыл, ты будзеш доктарам».
З дзяцінства ён рос у акружэнні дактароў, і ў класе шостым прыйшло рашэнне абраць бацькоўскую сцежку.
– Прыцягвала высакароднасць прафесіі, што ад цябе можа залежаць здароўе і ў маім выпадку – жыццё чалавека, – кажа Кірыл Аляксандравіч, які працуе апошнім часам у рэанімацыі ў чырвонай зоне. – Я рыхтаваўся і паступіў у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт у 2001 годзе. У мяне было два жаданні: на «хуткую», як бацька, і ў рэанімацыю. У выніку абраў рэанімацыю, на размеркаванні мне пашанцавала – накіравалі ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам у бальніцу па месцы жыхарства. У Баранавічах праходзіў інтэрнатуру. Там жа ў першыя дні адбылося першае сутыкненне са смерцю. Як пішуць у многіх артыкулах, урач-інтэрн першую смерць пацыента памятае ўсё жыццё. Прыкладна так яно і ёсць.
Раннюю сівізну Кірыл Аляксандравіч мужна тлумачыць – па бацькоўскай лініі. Так, работа бацькі на «хуткай» была звязана з вялікім напружаннем і адказнасцю. Ён рана пасівеў, і сын таксама. Думаю, таксама ад напружання, ад работы па сутках, калі выбіваешся з каляі ад нераўнамернага рэжыму сну і перыяду бадзёрасці.Месячнае дзяжурства анестэзіёлага-рэаніматолага падзелена палова на палову то анестэзіёлагам, то рэаніматолагам, па графіку – суткі праз трое, калі ў чырвонай зоне.
– Рэаніматолаг – гэта работа больш для «хладнокровных» людзей, – кажа Кірыл Аляксандравіч. – Калі будзеш падыходзіць да кожнага пацыента з мяккасцю, то можа не атрымацца тое, што неабходна зрабіць. Нават, калі чалавек памірае на вачах, змагаемся да канца, выцягваем з таго свету. Але і ў анестэзіёлага ўсялякае можа здарыцца, пацыенты, бывае, паступаюць крайне цяжкія, то пасля аварыі з чэрапна-мазгавымі траўмамі, то з нажавымі, то з кулявымі раненнямі… У руках хірурга жыццё, але і ў анестэзіёлага таксама. Нямала залежыць ад яго прафесіяналізму. Яны працуюць у счэпцы.
– Сёння не шкадуеце, што выбралі такі кірунак у медыцыне? – пытаюся.
– Калі б адкруціць час назад, упэўнены, зноў бы пайшоў па гэтай сцежцы. Не шкадую, – адказвае сціпла ўрач.
Пазнаёміўся ён з будучай з жонкай тут. У Івацэвічах разам праходзілі практыку, але толькі бачылі адзін аднаго, не сябравалі і нават не размаўлялі. А на сустрэчы з маладымі спецыялістамі іх пасадзілі за адзін стол. Слова за слова – і пазнаёміліся. Вучыліся маладыя ўрачы, аказалася, у розных універсітэтах, Кірыл – у Гродзенскім, а Кацярына – у Мінскім. І на першай сустрэчы Кірыл Аляксандравіч адчуў, што гэтая прыгожая дзяўчына той чалавек, з якім яму трэба будаваць сваё жыццё.
Адносіны склаліся адразу, і не прайшло і года, як маладыя ажаніліся. Прыцірка прайшла лёгка, бо яны разумелі адзін аднаго, разумеюць і цяпер, даражаць адносінамі і пасля сутак дзяжурства паспяваюць засумаваць адзін аб адным. У адзінай дачцэ Аляксандры бацька душы не чуе. У верасні ёй будзе 10.
– Калі ў сям’і абое ўрачы, адносіны будаваць прасцей, – лічыць Кірыл Аляксандравіч. – Агульныя інтарэсы і разуменне сутнасці работы дазваляюць шкадаваць адзін аднаго і падстаўляць сваё плячо.
Жылі маладыя першыя пяць гадоў у маласямейцы. І часта ездзілі ў госці да бацькоў, а потым пачалі будаваць свой дом. Ён атрымаўся, дзякуючы агульным намаганням, утульны і прыгожы.


«Бабуля марыла, што я стану доктарам»
Кацярына Васільеўна, урач-оталарынголаг УЗ «Івацэвіцкая ЦРБ»:
– Я сама з Івацэвіч. Сям’я – не медыцынская. Мяне выхоўвала мама адна, ёй было безумоўна цяжка. Я старалася, у школе вучылася добра, – расказвае Кацярына Васільеўна. – Прафесію ўрача выбрала, таму што яна паважаная, прэстыжная. Урачом стаць няпроста, а я адчувала ў сабе сілы, што змагу. І бабуля заўсёды марыла, што я буду ўрачом, таму што з дзяцінства я ёй ціск мерала і ўколы рабіла…
Пасля заканчэння СШ №3 г. Івацэвічы з залатым медалём Кацярына Васільеўна паступіла ў Мінскі медыцынскі ўніверсітэт.
– Вучоба мне вельмі падабалася, – расказвае яна. – Калі б можна было, я б яшчэ раз павучылася. Шкадую, што мала навукай займалася, але ў навуку не пайду, я ўжо практык. Я хацела быць хірургам і на апошнім курсе абрала хірургію, а на размеркаванні за мяне вырашылі, што гэта будзе не агульная хірургія, а вузкая спецыялізацыя. Я прайшла інтэрнатуру, а тут выйшла: такога спецыяліста і наша бальніца хацела. Прапанавалі, я зга-
дзілася. І потым улюбілася ў гэтую спецыяльнасць. Яна таксама хірургічная, але ў маёй прафесіі адразу бачны эфект – чалавек да мяне прыходзіць хворым, а ідзе здаровым. Мне гэта вельмі падабаецца. Воляй лёсу атрымалася, што працую і ў дзіцячай паліклініцы. З дзецьмі таксама падабаецца.
Волю лёсу бачыць Кацярына Васільеўна і ў тым, што з будучым мужам трэба было размеркавацца ў адзін горад, а потым на сустрэчы маладых спецыялістаў аказацца за адным сталом.
– Сур’ёзны, надзейны, адукаваны, выхаваны, інтэлігентны. Спадабаўся знешне, – расказвае яна пра сваё першае ўражанне падчас знаёмства. – Мы не надакучылі адзін аднаму, наадварот – нам заўсёды хочацца пабыць разам. Адпачынак любім сямейны. Два гады таму білеты на канцэрт Алега Вінніка ўзялі. Паехалі ў Мінск, кватэру знялі, схадзілі разам у цырк.
10 гадоў ездзяць сям’ёй Міхеевы на адпачынак у Ружанскі санаторый, на мора таксама падарожжы – разам. І ў маладых у сям’і галава – муж, а жонка – шыя. Муж будаваў дом, а жонка выконвала ролю дызайнера.
– Калі б прапанавалі добрую пасаду ў іншым горадзе, пераехалі б? – пытаюся.
– У іншы горад пераехаць, нават дзеля кар’еры, я падумала б 30 разоў. Тут наш дом, бацькі. У нас добрыя адносіны. Мы тут аселі.


Аляксандра
Сашцы – адзінай дачушцы і ўнучцы Міхеевых – хутка будзе 10. Яна – іх радасць і шчасце. Дзяўчынка добра вучыцца, а на канікулах ёй вельмі падабаецца бавіць час у бабулі. Тут ёй не бывае сумна. Яна з дзедам і бабуляй ходзіць да замка, у кафэ, катаецца на веласіпедзе, займаецца ментальнай арыфметыкай, табліцу множання паўтарае, чытае кнігі. На «фазэндзе» дзяўчынка, кажа бабуля, добрая памочніца. І ў Дом культуры ходзіць, таленты там у яе адкрылі – цікава ёй усё і весела. Самыя шчаслівыя моманты – калі ўся сям’я разам. Але калі вырасце, Аляксандра хоча стаць доктарам, як бабуля.
Вось такі дом – ціхая гавань – у сям’і Міхеевых.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.