Сур’ёзныя планы і задачы пастаўлены перад камунальнікамі раёна на лета бягучага года

Так, запланавана правядзенне рэканструкцыі чатырох кацельняў раёна – у Целяханах, Стайках, Косаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, Даманаўскай сярэдняй школе.
У Целяханах пройдзе замена катлоў на больш сучасныя, з механізаванай падачай паліва і больш высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння; тут будзе выключана ручная праца, хаця, як і раней, будуць выкарыстоўвацца мясцовыя віды паліва. Рэканструкцыя ў Даманаве дазволіць поўнасцю перайсці на аўтаматызаваны рэжым работы і не выкарыстоўваць людскія рэсурсы, бо сёння гэта, з аднаго боку, сур’ёзныя выдаткі, а з другога боку, назіраецца недахоп кваліфікаваных кадраў.
Вядзецца паралельна і замена цеплавых сетак – каля 1,9 кіламетра будзе заменена на ПІ-трубу ў бягучым годзе ў Івацэвічах, з іх каля 400 метраў – магістральныя, дзе больш працаёмкая работа і дзе асабліва не разгонішся. Падобныя работы ў сельскіх населеных пунктах амаль завяршыліся, а ў Івацэвічах – не. Адначасова праводзім работы па замене сетак вады і каналізацыі, якія выпрацавалі свой рэсурс: 1,8 кіламетра вады і 1,2 кіламетра каналізацыі – у Івацэвічах, Косаве, Целяханах, Хадаках, Гошчаве…
У бягучым годзе павінны запрацаваць дзве станцыі абезжалезвання – у папраўчай калоніі №22 і ў аграгарадку Вулька-Аброўская. Дадайце і прафработы на ўсіх 52 кацельных раёна і шасці цэнтральных цеплавых вузлах… На вуліцы – спёка, да зімы, здаецца, далёка, а насамрэч нам няма калі і дух перавесці, бо работы шмат і ўся яна важная, патрэбная, каб новы ацяпляльны сезон стартаваў і прайшоў без непатрэбных прыгод і калізій, а карыстальнікі паслуг былі намі задаволены.

Аляксандр РАБАЎ, намеснік генеральнага дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ».