У камандзе валанцёраў прыбыла

Калі гаварыць пра тое, хто ж усё-такі становіцца валанцёрам, то пераважна ў Беларусі валанцёрства – гэта жаночая справа. Дзяўчаты ў нас значна больш актыўныя, чым юнакі. Такая тэндэнцыя і па ўсім свеце. І, калі верыць статыстыцы, у асноўным, гэта людзі ад 28 да 45 гадоў, якія маюць стабільны даход, пастаяннае месца работы, жыццё ў іх наладжанае.

Дык, чаму адны бязвыплатна на добраахвотнай аснове дапамагаюць жывёлам?
Напэўна, усё ідзе з дзяцінства. У ім закладваюцца адказнасць, міласэрнасць, павага да ўсяго жывога, хоць бы і па прынцыпе «не нашкодзь».
У пачатку гэтага года ў адным з беларускіх гарадоў адбыўся рэзанансны выпадак: чатырохгадовы хлопчык ў двары шматпавярховага дома здзекаваўся над катом… якога ён, на хвіліначку, вывеў на вуліцу ў ашыйніку! Здзекаваўся на вачах бабулі, якая, да таго ж, працуе выхавальнікам у дзіцячым садку. Канешне, можна сказаць, што хлопчык у свае чатыры гады яшчэ не зусім разумеў, што ён вытварае, ды знаёмыя сям’і характарызавалі яго, як «умного и развитого не по годам». Хутчэй ёсць пытанні да бабулі-педагога…

Што ў свеце?
Складана закласці ў галаву людзей адказныя адносіны да жывёл. Пэўна, гэта мажліва толькі з пункта погляду Закона.
У Італіі, напрыклад, дзейнічае закон, згодна з якім чалавек, які выкінуў жывёліну на вуліцу ці які дрэнна абыходзіцца з ёю, можа быць прыгавораны да штрафу ў 10 тыс. еўра і аднаму году турмы, ні больш ні менш. І падобнае ў многіх краінах.
У Рэспубліцы Беларусь таксама ёсць заканадаўча зацверджаныя Правілы ўтрымання, рэгістрацыі і выгулу дамашніх жывёл. А Закон аб абыходжанні з жывёламі пакуль знаходзіцца на абмеркаванні.
Валанцёр Ігар і яго грунтоўная дапамога
Да валанцёраў-дзяўчат, якімі апякуецца часовы прытулак для сабак на Сікорскага, далучыўся і малады чалавек Ігар. Колькі слоў пра яго. У яго свая справа ў Бярозе, ён індывідуальны прадпрымальнік. Неаднаразова дапамагаў прытулку – прывозіў гасцінцы для «хвосцікаў». І падчас такой дабрачыннасці, што адбывалася непасрэдна на Сікорскага, Ігар запытаў у валанцёра Святланы: якая істотная дапамога патрэбна прытулку?
Святлана шчыра адказала, што не хапае рук, якія б дапамаглі здзяйсняць догляд сабак, і асабліва – мужчынскай дапамогі. Два дні Ігар быў, так бы мовіць, на стажыроўцы ў дзяўчат-валанцёраў. Цяжкасці і грэблівасці ўбачанае ў яго не выклікала – усё ж такі не гуляцца яго запрашалі, а наварыць вялізныя каструлі з сабачай ежай, пачысціць клеткі, сачыць за станам здароўя. Наадварот, Ігар далучыўся да валанцёрства, ды не адзін. Разам з ім шчыруюць у прытулку яго жонка і жончына сястра. Усе разам яны адказваюць за правіянт і чысціню клетак па выхадных. І гэта значная дапамога, дзяўчаты ўдзячныя яму.

Хлопчык Арцём
Падрастаючае пакаленне хлопчыкаў не застаецца ўбаку ад праблем бяздомных жывёл. Вось і шасцікласнік з СШ №3 г. Івацэвічы Арцём Пятроў з вуснаў матулі пачуў, што ў нас у горадзе дзейнічае часовы прытулак для бяздомных сабак, і загарэўся абавязкова наведацца туды, ды каб і сябры разам пайшлі.
Для гэтага Арцём стварыў у мэсэнджары «Вайбер» групу «Валанцёры», размясціў туды спасылку на групу з Інстаграма «Мой новый лучший друг», запрасіў у яе аднакласнікаў. Некаторыя адгукнуліся, і Арцём разам з яшчэ чатырма аднакласнікамі, праўда, пад кіраўніцтвам Арцёмавай матулі, пешкі рушылі шукаць часовы прытулак, не асабліва ўяўляючы, што вуліца Сікорскага і вуліца М. Танка – гэта два процілеглыя канцы нашага горада. Надвор’е ў той дзень было дрэнным, але пашчасціла – якраз валанцёр ехаў у прытулак, даставіў цікаўную «дэлегацыю» да месца. Дзеці яшчэ прынесці і пачастункі – 10 кг корму.
Пасля таго яшчэ некалькі разоў Арцём наведваўся да сабак: з сябрамі і з татам. Пакуль што са школьных прадметаў Арцёму падабаецца матэматыка, але, магчыма, чуласць і спагада да братоў нашых меншых калі не стане асновай для выбару прафесіі, дык не страціцца з цягам часу.

Прыклад для сына
Хочацца колькі слоў сказаць пра доктара-стаматолага Ігара, які неаднаразова ў кампаніі з сынам дапамагаў правіянтам прытулку. «Выхоўвайце не дзяцей, выхоўвайце сябе, а дзеці возьмуць прыклад» – тата ў гэтай сям’і паказвае добры прыклад спагады для сына – малодшага школьніка. Валанцёры дзякуюць Ігару за значную дапамогу.
І мужчыны не засталіся ўбаку. Не сакрэт, што для дзяўчат Вольгі, Святланы і Жэні валанцёрства – гэта вобраз жыцця, і мужчыны, іх другія палавінкі, павінны мірыцца з гэтым, а лепш – дапамагаць. Што і здарылася не так даўно: працавалі каля вальераў цэлым сямейным падрадам. Але так было не адразу, не ўсім падабалася, што іх жонкі бавяць час, дапамагаючы іншым. Радуе, што нарэшце наступіла ўзаемаразуменне, няхай так будзе і надалей.

Выбірайце сабе сябра, а не знешні выгляд
Часовы прытулак на Сікорскага існуе з лютага 2020 года. За гэты час новых гаспадароў і дом займелі каля трох соцень братоў нашых меншых. А іх гаспадары, у сваю чаргу, атрымалі адданага сябра. Зразумела, што часам у прытулак трапляюць сабакі не ў лепшым стане. Гэта сіламі валанцёраў, іх бяссоннымі начамі (і такое бывае), іх працай чатырохногія выжываюць. І калі прывозіш за 20 км (на ўласным транспарце!) сабачку, якога праз сацсеткі выбраў патэнцыйны гаспадар, а пасля чуеш у адказ «Не падыходзіць, у яго вушкі не такія», становіцца крыўдна. Бо не вушкі – галоўная якасць сабакі без пароды, а яго адданасць гаспадару!
Калі ў вас ёсць жаданне стаць сябрам для выхаванцаў часовага прытулку, падарыць ім сваю любоў і ўвагу, альбо проста дапамагчы валанцёрам у іх няпростай справе, тэлефануйце па нумарах: 8 029 525-44-15 (Святлана); 8 033 323-44-40 (Вольга).

 

Марыя Сазонава, фота аўтара.