Жыць у вёсцы – такі выбар зрабіў малады стараста Сенькавічаў Віктар Харза

Ён пазнаёміў нас са сваёй вялікай сям’ёй і прынцыпамі, якія натхняюць.

Здаецца, маладых людзей, якія імкнуцца жыць у вёсцы, сёння сустрэнеш не часта. Да таго ж, у вёсцы адносна невялікай, дзе і работы асабліва няма, як і садка, як і школы. Але ёсць выключэнні, і на іх прыкладзе бачна: калі ёсць жаданне, то занятак і заробак у сяле знойдуцца, а вясковае жыццё мае перавагі перад гарадскім. Адна з такіх сем’яў сустрэлася нам у вёсцы Сенькавічы, што ў Падстарынскім сельсавеце.

Малады і энергічны стараста Сенькавічаў Віктар Харза, як і яго жонка Вераніка, – карэнныя жыхары вёскі, якія дзе нарадзіліся, там і згадзіліся. Яны пабраліся шлюбам пяць гадоў таму – сям’я, лічы, маладая, але ў ёй ужо выхоўваецца чацвёра дзяцей: тры дачкі – пяцігадовая Кіра, Віталіна – ёй чатыры, Яна, якой два гады, а таксама пяцімесячны сынок Цімафей.
Сям’я атрымала мацярынскі капітал і вырашыла з яго дапамогай палепшыць жыллёвыя ўмовы. Віктар пачаў рэканструкцыю бацькоў-
скага дома, які цяпер належыць яму і дзе вялікая сям’я жыве разам з яго маці. Дом будзе светлы, вялікі. Адну кухню запланавалі памерам 4.5 на 6 м! Вось ужо будзе месца для прыёму гасцей – пакуль з гэтым няпроста. Невялічкая бацькоўская хата не здавалася маленькай у дзяцінстве – вырас у ёй і Віктар, і дзве яго сястры ды брат. Але для сваіх дзяцей хочацца прастору ў доме, а прастор па-за яго межамі ў іх ужо ёсць. І магчыма, гэта адзін з галоўных плюсаў вясковага жыцця для дзяцей. У вёсцы і дыхаецца інакш, а як цудоўна бывае сха-
дзіць на рэчку, што цячэ побач, каб пакупацца ў такую спякоту. Дапамагаць Віктару з будоўляй будзе спецыяліст – бацька яго памёр, цесць таксама.
У Сенькавічах прастора не толькі навокал, але і для дзеяння. Віктар, які доўгі час працаваў дарожнікам, ва-
дзіцелем пагрузчыка, цяпер вартаўнік – ахоўвае маёмасць сельгаспрадпрыемства. На палегчанай працы настойваюць урачы, якія пакуль не даюць дазвол ізноў стаць вадзіцелем. Змяніць работу прый-
шлося пасля аперацыі – з-за пазваночнай грыжы стала адказваць левая нага. Здароўе пагоршылася – і пачалі збываць вялікую гаспадарку, якую трымала сям’я. Але цяпер, здаецца, усё вяртаецца на свае кругі. «Напрацоўваем усё па-новаму», – кажа Віктар, які пры ўсіх цяжкасцях не мае намеру сядзець без справы.

Не лянуйся – і ўсё атрымаецца
На жывёльным двары паводдаль ад хаты за агароджай бегаюць… 18 свіней. Гэта з парасятамі, дарослых тры. Грабуцца ў пяску куры – іх гаспадары трымалі і па 80, і па 100. Віктар і Вераніка прадаюць парасят венгерскай пароды «Мангаліца» і яйкі са сваёй падсобнай гаспадаркі – і гэта добрая падмога да асноўнага заробку. Саджаюць і гародніну, частку бульбы таксама прадаюць. Пачнецца сезон кавуноў – Віктар будзе гандляваць і імі. Увогуле, на рынках у Косаве і Ружанах добра ведаюць і яго, і яго тавар.

Гаспадар прыкідваў, колькі ж сотак засадзіў ён сёлета рознымі культурамі – многа. Разам з дваром, дзе стаіць хата, ён даглядае прыкладна 1 га зямлі. Няблага разбіраецца ў тэхніцы, нават неяк сам сабраў трактар. Але цяпер са спецтэхнікі на хаду адзін мотаблок – з нацяжкай, але яго хапае для патрэб асабістай гаспадаркі такога памеру. Віктар завёў бы яшчэ і карову – надта выгадна прадаваць малако, але пакуль стрымлівае адсутнасць месца для выпасу блізка ад дома. Калі хочаш зарабіць у вёсцы, проста не лянуйся, лічыць гаспадар, і ўсё атрымаецца. Не выпадкова яго прозвішча Харза пайшло ад мянушкі, якую ў Сібіры давалі паляўнічым, хто паляваў на звярка, падобнага на куніцу – на харзу. Здаецца, і Віктар заўжды «палюе» на новыя магчымасці.
Але не толькі пра сваё дбае гаспадар – дбае і пра грамадскае. Ёсць намер газіфікаваць Сенькавічы, і няблага было б прывесці ў належны выгляд і па магчымасці прадаць усе недагледжаныя цяпер участкі, знесці трухлявыя дамы. Таму Віктар, як нядаўна абраны стараста, як актыўны чалавек, бярэ ў рукі і пілу, і касу і працуе поруч з нераўнадушнымі вяскоўцамі, старшынёй сельсавета. Ён адказны за парадак на могілках, ля царквы, за тое, каб не буяла трава на вуліцах – наймае работнікаў і многае робіць сам. Дапамагае аднавяскоўцам з вырашэннем бытавых пытанняў – то дзікія кабаны прыходзяць на соткі, то сабака душыць курэй, то ля безгаспадарнай хаты – вужы ды змеі… «Чым магу, тым дапамагаю і дзякую ўсім аднавяскоўцам, якія таксама адгукаюцца, калі патрэбна дапамога», – так разважае Віктар, які называе сябе патрыётам краіны і Сенькавічаў. Прага да жыцця менавіта на малой радзіме ў яго настолькі вялікая, што некалі кожны будны дзень ён ездзіў на работу на Волю, за 18 км ад хаты!

«Мае Сенькавічы ні на што не прамяняю»
– Мяне і пад пагрозай расстрэлу ў горад не загоніш. Мае Сенькавічы ні на што не прамяняю. Можа, таму што позна жаніўся, і да той пары ўжо прывык да нашай вёскі. Здаецца, і жонка туды не
рвецца, хоць, можа, і не прызнаецца проста, – гаворыць Віктар, з усмешкай паглядаючы на Вераніку.
А Вераніцы цікава было б пажыць у горадзе, але лепшае – вораг добрага, а ў вёсцы добра і ёй, і найперш дзецям. Па адукацыі яна псіхолаг-сацыяльны педагог, і хоць пакуль па спецыяльнасці яшчэ не працавала, у будучыні – плануе. Толькі і працоўныя месцы прыглядвае такія, каб усё роўна жыць у родным сяле і ездзіць адтуль на работу. Калі жаніліся, іншага варыянту, акрамя жыцця ў Сенькавічах, яны з Віктарам і не разглядалі.
Што важна для гаспадыні і маці? Каб было дзе купіць прадукты, каб было дзе вучыцца дзеткам. У Сенькавічах садка няма, але штораніцы аўтобус забірае старэйшых дзяўчынак літаральна ад парога і вязе ў Падстарынь. Там і садок, там і школа – зручна. Магазін у вёсцы таксама ёсць, хоць і працуе тройчы на тыдзень. Толькі, калі машына пад бокам, можна заў-
сёды з’ездзіць у Івацэвічы, да горада ўсяго нічога – 5 км. Віктар бывае ў райцэнтры ці не праз дзень.
А калі хочацца забаў, яны бяруць дзяцей і ў горад едуць разам, выбіраюцца сям’ёй на прыроду, на азёры. Віктар любіць рыбалку, асабліва зімовую, і аматар футболу, Вераніка яго захапленні падзяляе. Разам яны і рыбачаць, і глядзяць матчы з трыбун. Нядаўна на адзін з такіх, у Столін, бралі нават малодшага Цімафея, які с пялюшак расце аматарам спорту. Віктар і сам гуляў у футбол, пакуль не здарыліся праблемы за здароўем. Вечары пятніцы, суботы і нядзелі былі прысвечаны любімай гульні, калі ён яшчэ быў халасты. Там, на футбольным полі, яго і запрыкмеціла будучая жонка. А ён яе ведаў яшчэ дзіцём, бо старэйшы за Вераніку больш чым на 10 гадоў. Іх сем’і і жылі непадалёк, лічы, па-суседску.
Вераніка кажа, што цэніць у Віктары яго чэснасць, надзейнасць, адказнасць, працавітасць і дабрыню. Радая, што мае многа дзяцей, бо ў яе сям’і яна – адзінае дзіця. Аднаму сумна. Радая, што побач з ёю памочніцы – маці і свякроў, на якіх можна разлічваць. З мужам яны раздзялілі абавязкі – на ёй дзеці, на ім – гаспадарка, а бабулі дапамагаюць з унукамі і агародам.
Ці цяжка сёння быць шматдзетнымі бацькамі (і на гэта таксама пагаджаюцца нямногія!), да таго ж жыць у вёсцы, дзе столькі работы – і куры, і свінні, і бульба, і зарослыя чужыя ўчасткі?.. Віктар кажа, што і цяжка, і не. Дзеці малыя, але ж падрастаюць і становяцца памочнікамі. Той род заняткаў, які ён абраў, абавязвае круціцца, але ж на тое ён і мужчына, каб умець вырашаць пытанні і карміць сям’ю. І дзяржава аказвае відавочную падтрымку – і той жа сямейны ці мацярынскі капітал (каля 10 тыс. долараў), які можна скарыстаць на вырашэнне жыллёвага пытання, і дапамога на дзяцей: штомесяц і пры нараджэнні дзіцяці, ільготы ў дзіцячым садку і школе і гэтак далей.
– Так, праз тры гады ты гадуеш сваіх дзяцей самастойна, захацеў столькі – шукай варыянты, каб зарабіць, але ж дзякуй і за тыя тры гады, калі значна дапамагае дзяржава, – лічыць шматдзетны бацька.
Расчулілася маё мацярынскае сэрца, гледзячы на маленькага Цімафея, які качаўся з боку на бок у сваёй калясцы – такі ладны, «салодзенькі» хлопчык. Ліха раз’язджала па асфальтаванай вуліцы на веласіпедзе старэйшая Кіра, клекатаў у гняздзе бусел, пах язмін. Пракралася ў татаў мікрааўтобус маленькая Яна і ці спецыяльна, ці выпадкова ўключыла музыку на ўвесь двор, а сама схавалася пад ся-
дзенне. Тата спачатку не здагадаўся, чаго гэта раптам панеслася па двары мелодыя, а потым згледзеў малую і засмяяўся так шчыра, непадробна, узяў дачку на рукі, пагушкаў, паабяцаў, што завядзе на рэчку. Можна было б нічога і не пытаць мне ў Віктара і Веранікі – адно толькі паглядзець на гэтыя карціны сямейнага жыцця. Найлепшае тое месца, дзе ты шчаслівы, а дзе яно – не мае значэння. Можна быць шчаслівым на Паўночным полюсе і глыбока ня-
шчасным у мегаполісе, сярод магазінаў, машын і людзей, якім, дарэчы, да цябе няма ніякай справы. Май смеласць жыць так, як табе падабаецца, – і радасць асаблівых імгненняў абавязкова пастукае ў дзверы і ў сэрца.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.