Наш зямляк Дзяніс Аранскі – пераможца фестывалю драўляных скульптур у г. Чарапавец

Ураджэнец в. Югалін Дзяніс Аранскі стаў пераможцам на фестывалі драўляных скульптур, які праходзіў у расійскім горадзе Чарапавец у пачатку чэрвеня. Тэмай фестывалю сталі казкі А. С. Пушкіна.

– Фестываль доўжыўся шэсць дзён, за гэты час удзельнікі павінны былі паспець зрабіць скульптуру па эскізе. Выбар дрэва, з якога майстры будуць выразаць фігуры, вызначала жэрабя. Была яшчэ ўмова – кампазіцыя павінна быць пабудавана так, каб фігура выгадна глядзелася з любога боку. Узнікла ідэя самога Пушкіна ўласнай персонай зрабіць. Хацелася перадаць тое, як ён адпачывае, на яго найшло натхненне, ён вырашыў прысесці, памарыць пра нешта, напісаць… Побач дуб кучаравы, як дрэва жыцця, – расказаў Дзяніс Аранскі.
У конкурсе прымалі ўдзел каманды майстроў па дрэве з розных рэгіёнаў Расіі. Дзяніс Аранскі працаваў без напарніка, але гэта не перашкодзіла яму стаць лепшым. Яго фігуру пад назвай «І я там быў, і мёд я піў» журы прызнала лепшай работай на фестывалі.
Дзяніс Аранскі пасля заканчэння Дабромысленскай школы скончыў Кобрынскае вышэйшае прафесійнае вучылішча выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, працаваў на прадпрыемстве «Профітсістэм», а з 2005 года прафесійна займаецца разьбой па дрэве. Асноўныя напрамкі ў рабоце: разьба, садова-паркавая скульптура і мэбля, прадметы інтэр’еру. Ён з’яўляецца ўдзельнікам і прызёрам міжнародных фестываляў разьбы бензапілой у Карэліі, у Чувашыі і Ніжагародскай вобласці.
Тры гады таму Дзяніс пераехаў у Расійскую Федэрацыю, у Югаліне засталіся жыць маці і брат з сям’ёй, на жаль, з-за каранавіруса Дзяніс не можа часта наведваць родныя мясціны. Але заўжды памятае пра малую ра-
дзіму: на ўсіх спаборніцтвах прадстаўляецца ўдзельнікам з Брэсцкай вобласці.