«Івацэвіцкі мерыдыян-2021» збірае сяброў

У Івацэвічах адбыўся пяты абласны турзлёт для людзей з інваліднасцю «Івацэвіцкі мерыдыян-2021», у якім прынялі ўдзел 10 каманд аддзяленняў дзённага прабывання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў Брэсцкай вобласці: Івацэвіцкага ТЦСАН, філіяла Целяханы, Драгічынскага, Бярозаўскага, Кобрынскага ТЦСАН, Маскоўскага раёна г. Брэста, г. Баранавічы, г. Пінска, Баранавіцкага і Пінскага раёнаў. Традыцыйна ён праходзіць на базе СШ №3 г. Івацэвічы.

Летась з-за пандэміі турзлёт не праводзіўся, таму адчувалася, наколькі гэта было доўгачаканае спартыўнае мерапрыемства. Праграма турзлёту, арганізаванага пад эгідай ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН», абяцала быць насычанай і шматпланавай, у гэты дзень для ўсіх была нагода праверыць свае магчымасці і сілы, цудоўна адпачыць і набрацца станоўчых эмоцый.
Падчас урачыстага пастраення капітаны каманд пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь узнялі Дзяржаўны сцяг. З прывітальным словам да каманд – удзельнікаў турзлёту – звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Алег Раўчэня, які павіншаваў усіх, хто прыехаў на івацэвіцкую зямлю, са святам, пажадаў добрага, пазітыўнага настрою. Айцец Віталій, іерэй храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная» г. Івацэвічы, звярнуўся з пажаданнямі поспеху і перамог: «Кожнага Гасподзь надзяліў сваімі сіламі і магчымасцямі і кожны адкажа перад Богам, як ён іх сумеў прымножыць. Няхай Божае блаславенне будзе над усімі вамі, здароўя, павагі адзін да аднаго, творчасці…»
Далей адбылося знаёмства з членамі журы, у склад якога ўвайшлі Марыя Ізбіцкая, старшыня раённай грамадскай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Каспяровіч і старшыня журы – інструктар-метадыст раённай спартыўна-аздараўленчай установы «Вымпел» Вікторыя Лабановіч.
Галоўны суддзя Алена Чатырбок расказала аб праграме і этапах конкурсу, колькі часу адводзіцца на кожны конкурс, і ўсе турзлётаўцы перайшлі на стадыён рыхтавацца да першага конкурсу. Кацярына Анікей сваёй песняй «За Беларусь» запаліла бадзёры настрой ва ўдзельнікаў, і ўсё пайшло-паехала… Каманды абустройвалі бівак, рыхтавалі турыстычны сняданак, збіралі рукзак, пераносілі пацярпелага, пераадольвалі складаную пераправу, «будавалі калодзеж» кастра і спаборнічалі ў творчым конкурсе. Кожны этап праходзіў эмацыянальна, усе каманды адносіліся адзін да аднаго не як да канкурэнтаў, а як да сяброў, шчыра радаваліся і перажывалі адзін за аднаго. Але ўжо з першых крокаў вылучылася каманда «Крутыя бабры» г. Пінска, якая да кожнага этапу падышла з надзвычай творчым імпэтам.
Адной хвілінай праляцелі гадзіны спаборніцтваў. Пакуль журы падводзіла вынікі, для ўсіх была аб’яўлена танцавальная дыскатэка, падчас якой усе ад душы павесяліліся. І вось вядучая Вольга Папко, загадчыца аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН», выходзіць да мікрафона, каб павіншаваць усіх з гэтым яскравым і запамінальным днём, падзякаваць усім за ўдзел у турыстычным злёце і аб’явіць пераможцаў. Спачатку ўручаюцца дыпломы за актыўны ўдзел, падарункі і салодкія пірагі ўдзельнікам турзлёту, напрыканцы – камандзе «Маланка» ТЦСАН Пінскага раёна, якая заняла трэцяе месца, камандзе «Апельсін» ТЦСАН Баранавіцкага раёна – другое месца, і камандзе-пераможцы «Крутыя бабры» ТЦСАН г. Пінска – Дыплом за першае месца.
На цырымонію спуску Дзяржаўнага сцяга запрашаецца каманда-пераможца пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Турзлёт аб’яўляецца закрытым, але ўспаміны аб гэтым дні будуць саграваць сэрцы яго ўдзельнікаў яшчэ доўгі час.