«Раскажы, дзядуля, пра вайну», – часта просіць Івана Сільвестравіча Жырко праўнук Яфім

А гісторый у дзеда багата: як партызаніў на Хаваншчыне, як вучыўся падрыўной справе ў Колі Гойшыка, як служыў у Германіі, Кітаі, на Алясцы. Па падзеях яго лёсу можна было б стварыць кінастужку, і яна была б вострасюжэтнай, але са шчаслівым канцом.
…Ноччу ў хату, дзе жыў 17-гадовы Іван, прыйшлі партызаны, спыталі – хочаш далучыцца да партызанскага атрада? Іван,
Сільвестравіч адразу даў станоўчы адказ, ведаў – фашысты паляць вёскі, забіваюць людзей, зганяюць іх у Германію, а адтуль яшчэ ніхто не вяртаўся. Так чацвёра юнакоў са Святой Волі трапілі ў партызанскі атрад на Хаваншчыну.
– Тады патрапіць на востраў, не ведаючы шляху, было немагчыма. Пад вадой былі паваленыя дрэвы, па якіх і дабіраліся туды. Начавалі ў зямлянках на нарах, замест лямпы была гільза, у якую налівалі тлушч і ўстаўлялі кнот. Але ў партызанах былі ўсе маладыя, да 30 гадоў, цяжкія ўмовы нязручнасцей не стваралі. Нас, чатырох са Святой Волі, вучыў падкладаць міны на пуці Коля Гойшык, ён быў мой аднагодка. Мы чакалі і рыхтаваліся да вызвалення Мінска. Нам паступіў загад падарваць чыгунку ў раёне Броннай Гары, каб не паступіла падмогі немцам – ні жывой сілы, ні зброі, ні тэхнікі. Тады чыгунка вельмі добра ахоўвалася, была стратэгічным аб’ектам. Мы патрапілі пад агонь бронепоезда, некаторыя загінулі, але заданне выканалі.
Я памятаю, як стаяў у нарадзе на востраве Курылец каля в. Жытлін, глядзеў у начное неба – а там быццам зарава, усё чырвонае – то гарэлі вёскі. Пасля выкананага задання мяне адпусцілі дамоў на тры дні, вярнуўся я ў вёску, а яна спаленая. Тады ўсе дамы былі з саламянымі дахамі, лёгка загараліся, засталіся тыя, што былі пакрыты чарапіцай. Я пераначаваў толькі, а раніцай вярнуўся ў атрад. Дома не было… У той час у кожным двары была павозка з усім неабходным, калі што – людзі ўцякалі ў лес. Страшны быў час. Немцы забівалі людзей за сувязь з партызанамі, партызаны – за сувязь з немцамі. Усюды смерць… Калі падыходзілі войскі да Івацэвічаў, нас добра ўзброілі, далі паболей патронаў і мы ішлі насустрач вызваліцелям. Сустрэліся з войскам у вёсцы Яблонка, там цэлыя суткі ішлі баі з уласаўскай арміяй. Пасля вызвалення Целяханскага раёна тых, каму было васямнаццаць, забралі ў войска. Нам было па сямнаццаць, мы ў Целяханах ахоўвалі аўтабазу, склады, а калі сталі паўналетнімі, пайшлі ў армію. Я трапіў у Калужскую вобласць, дзе вучыўся на кулямётчыка, затым нас перакінулі ў Германію, мы чакалі, ці спатрэбіцца наша дапамога ва ўзяцці Берліна. Дапамога не спатрэбілася, але нам сказалі збірацца ў дарогу. Прыехаў поезд, мы не ведалі куды нас вязуць, камандзір нашага палка быў малады, малодшым за мяне, ён разлічваў, што нас ужо вязуць дамоў…
Але не наканавана было патрапіць маладым хлопцам на радзіму, чакала іх наступнае нялёгкае выпрабаванне – на Далёкім Усходзе.
– Нас давезлі да мангольскай граніцы, дзесяць сутак мы ішлі пешшу дзень і ноч. Ноччу было добра ісці, прахалодна, а днём – пекла. Салдаты з пяхоты падалі на смерць, нам пашанцавала болей, у нас на павозках была вада для кулямётаў, мы патрошку пілі яе, – расказвае Іван Сільвестравіч.
У Кітаі Іван Сільвестравіч праслужыў два гады, але на гэтым не скончыліся выпрабаванні – у складзе танкавага палка ў 1948 годзе ён трапіў на Чукотку.
– Сталін хацеў вярнуць Аляску ў склад СССР. Мы знаходзіліся ў 30 кіламетрах ад амерыканскай мяжы. Але кліматычныя ўмовы былі неспрыяльнымі. Бывала, ты-
дзень мы не маглі выйсці са штаба – такі буран, кругом цемень, быццам ноч. Снегам і артылерыю, і танкі занесла, – згадвае Іван Сільвестравіч.
На Чукотцы Іван Сільвестравіч праслужыў да 1951 года, потым вярнуўся на радзіму. Тады вырашыў ехаць на Далёкі Усход валіць лес.
– Бралі туды толькі жанатых. Я прыйшоў з арміі, а мая сястра сябравала з дзяўчынай, разам прыходзілі ў нашу хату на «зборкі» – вышывалі, спявалі. Яна была маладзейшая за мяне. Спытаў: ёсць кавалер у цябе? Не, кажа. Ну, будзем сябраваць. Калі ажаніліся, не раздумваючы, са мной на Далёкі Усход адправілася, – успамінае пра жонку Іван Сільвестравіч. – Тады са мной працавала шмат людзей і з Целяхан, і з Выганшчаў, і з Вялікай Гаці. Калі работы не стала, вырашылі вяртацца дамоў. Вярнуліся мы, у Святой Волі я ўладкаваўся ў калгас, дзе ўсё жыццё і прарабіў…
Не толькі ваеннай службай можа ганарыцца Іван Сільвестравіч, а і вялікай, дружнай сям’ёй – сынам, двума ўнукамі і дзвюма ўнучкамі, шасцю праўнучкамі і чатырма праўнукамі, якія часта наведваюць яго. Амаль што да 90 гадоў Іван Сільвестравіч трымаў гаспадарку, садзіў агарод. Сёння ўздыхае: калі тое жыццё праляцела? Як імгненне…
1 лютага Іван Сільвестравіч адзначыць свой 95-гадовы юбілей. Жадаем, каб расказаныя ім гісторыі яшчэ шмат гадоў слухалі праўнукі і праўнучкі. І ўсе мы, як напамін, што павінны цвёрда стаяць на варце нашай незалежнасці, захоўваць стабільнасць, дабрабыт і спакой на беларускай зямлі.

Ганна Ільяшэвіч, фота Валерыя Міскевіча.