Івацэвіцкія лесарубы – лепшыя

Пераможцам у абласным спаборніцтве вальшчыкаў лесу «Лесаруб-2021» стала каманда Івацэвіцкага лясгаса, якая ў камандным заліку заняла першае месца, пакінуўшы на другім і трэцім месцы каманды Пінскага і Баранавіцкага лясгасаў.
І ў асабістым заліку ёсць пераможца з Івацэвіцкага лясгаса – гэта Эдуард Міскевіч, які заняў трэцяе месца.
«Лесаруб-2021», арганізатарам якога традыцыйна выступае Брэсцкае ДВЛГА, праходзіў сёлета на базе Драгічынскага лясгаса. У ім прынялі ўдзел 17 каманд з усіх лясгасаў Брэсцкай вобласці.
Усе ўдзельнікі загадзя рыхтаваліся да спаборніцтваў, бо ў выпрабаваннях на хуткасць і якасць «з налёту» не станеш пераможцам. Удзельнікаў-лесарубаў у кожнай камандзе было па тры чалавекі. У камандзе Івацэвіцкага лясгаса гэта: машыніст тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны (вальшчык лесу) Івацэвіцкага лесапункта Эдуард Міскевіч, вальшчык лесу Барэцкага лясніцтва Іван Крэнь, ляснік Рэчыцкага лясніцтва Сяргей Кавалевіч. Усе яны з багатым стажам за плячыма, у кожнага з іх ёсць ужо перамогі ў папярэдніх абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Майстэрства ў кожным конкурсе традыцыйна ацэньвалася ў балах, колькасць якіх залежала ад шматлікіх паказчыкаў. Вальшчыкі дэманстравалі сваё майстэрства ў наступных выпрабаваннях: валка лесу, абрэзка сучча, замена ланцуга ў бензапіле за самы кароткі час, дакладнасць
распілоўкі, раскрыжоўка камбінаваным рэзам.
Спаборніцтвы праходзілі адразу на дзвюх пляцоўках: самага спрытнага ў валцы лесу выяўлялі на дзялянцы лясгаса, а вось астатнія этапы, яны ж і самыя відовішчныя, ладзіліся на пляцоўцы стадыёна Навапапінскай школы. Удзельнікі каманды Івацэвіцкага лясгаса справіліся з заменай ланцуга ў бензапіле за рэкордна кароткі час і ўзялі на гэтым этапе ўсе тры прызавыя месцы: Іван Крэнь – 1 месца, Эдуард Міскевіч – 2-е, Сяргей Кавалевіч – 3-е. На наступных этапах Івацэвіцкія вальшчыкі бралі таксама прызавыя месцы. Па суме пяці этапаў Эдуард Міскевіч і Сяргей Кавалевіч набралі па 1480 балаў, але штрафных балаў было менш у Эдуарда Васільевіча. У выніку трэцяе месца ў асабістым заліку заняў Эдуард Міскевіч, а чацвёртае – Сяргей Кавалевіч.
Потым адбылося эстафетнае шоу, у якім каманда Івацэвіцкага лясгаса заняла трэцяе месца, прадэманстраваўшы сапраўдную віртуознасць і прафесіяналізм, хут-
касць і якасць пры выкананні заданняў.
Гэта відовішчная дзея праводзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу, распаўсюджвання перадавога вопыту высокавытворчай і бяспечнай працы на лесасечных работах, павышэння прэстыжу прафесіі. Лепшыя з лепшых абласнога этапу прымуць удзел у рэспубліканскім чэмпіянаце, а тыя, хто стане на ім пераможцам, будуць прадстаўляюць краіну на сусветным першынстве, якое адбудзецца ў наступным годзе.
Пераможцы ўзнагароджаны не толькі кубкам, медалямі і дыпломамі, а і грашовымі сертыфікатамі на ўнушальную суму. Акрамя таго, прафесіяналізм вальшчыкаў Івацэвіцкага лясгаса адзначыў і родны калектыў, заахвоціўшы іх грашовымі прэміямі.
Валянціна БОБРЫК. Фота з архіву.