Прафсаюзы: з падзякай за працу

У Івацэвіцкім раёне 9 чэрвеня пабываў старшыня Рэспубліканскага камітэта беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіль Хвацік.

Прафсаюзны лідар аграрыяў краіны разам са старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандрам Грыцуком і прадстаўнікамі райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама кіраўніцтвам ААТ «Квасевічы» накіраваўся ў поле, дзе кіпела работа па нарыхтоўцы кармоў.
Падтрымаць аграрыяў менавіта з ААТ «Квасевічы» і падзякаваць ім за нялёгкую працу ў такі адказны перыяд – такое рашэнне было не выпадковым – сёлета гаспадарка за поспехі ў рабоце занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару. І ўручаныя лепшым механізатарам падзякі, падпісаныя Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Крупко і старшынёй Рэспубліканскага камітэта беларускага прафсаюза работнікаў АПК – узнагарода высокага ўзроўню, якая запісваецца ў працоўную кніжку. Да таго ж, важкасць узнагароды падмацоўвалася канвертам з прэміяй і кветкамі. Падзякі за працу былі ўручаны тром трактарыстам-машыністам ААТ «Квасевічы»: Аляксандру Шчаснаму, Анатолію Шчурскаму і Міхаілу Шыманчыку.
«Праца ў сельскагаспадарчай галіне заўсёды была ганаровай. Людзей, якія працуюць у ёй, паважліва называюць кармільцамі, бо вынікамі вашай працы карыстаецца кожная сям’я, кожны чалавек. Дзякуй вам за адданасць, працалюбства, вернасць абранай прафесіі і адказнасць. Няхай вашым поспехам спрыяюць сучасныя тэхналогіі і надзейная тэхніка…» Да слоў, напісаных у Па-
дзяцы, Васіль Міхайлавіч паціснуўшы рукі трактарыстаў-машыністаў, дадаў: «Моцнага здароўя вам і вашым сем’ям, поспехаў у рабоце і добрай зарплаты, а яна ў вас, упэўнены, добрая з такім кіраўніком. Я яго ведаю і ў свой час хацеў забраць да сябе».
Падзяка за працу прагучала і з вуснаў старшыні райвыканкама Аляксандра Грыцука. «Здорава, што ёсць такія людзі, здорава, што ёсць такі кіраўнік, як Алексяюк. Кармы ёсць, ёсць віды на ўраджай, думаю, на дажынках сустрэнемся ў такім фармаце і будзем уручаць вам зноў заслужаныя ўзнагароды», – пакрэсліў кіраўнік раёна.
Усе механізатары, якія на той момант былі ў полі, атрымалі ад прафсаюза таксама падарункі і змаглі задаць хвалюючыя пытанні першай асобе прафсаюза аграрыяў краіны. Як аграному і эканамісту па прафесіі, ды вопытнаму кіраўніку, Васілю Міхайлавічу добра вядомыя і зразумелыя пытанні, якія хвалююць сёння аграрыяў. Размова атрымалася дзелавой. Пытанні тычыліся захавання тэхналагічных патрабаванняў у працэсе вытворчасці, забеспячэння бяспечных умоў працы, арганізацыі харчавання. Былі пытанні наконт дапрацоўкі заканадаўства, каб усе механізатары, жывёлаводы і некаторыя іншыя катэгорыі работнікаў сельскай гаспадаркі маглі атрымліваць ільготную пенсію, каб распрацоўваліся захады для магчымасці зацікавіць і замацаваць маладых спецыялістаў у вёсцы.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар гаспадаркі Віктар Алексяюк папрасіў механізатараў папрацаваць у гэты дзень да тае пары, пакуль не скончыцца закладка чарговай сянажнай ямы. І праз хвіліну зноў загудзелі трактары і корманарыхтоўчыя комплексы – задача ясная, усе з разуменнем прыступілі да яе выканання.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.