Кааператары пачалі прымаць ягады з 1 ліпеня і пакуль што нарыхтавалі больш за 20 тон чарніц; гэта першае месца ў вобласці

Толькі вось у мінулым годзе ў гэты час у сховішчах было ўжо 40 тон, таму дырэктар філіяла «Каапнарыхтпрам» Сяргей Вабішчэвіч не ўпэўнены, што сёлета атрымаецца дасягнуць мінулагодняга рэзультату, калі кааператары нарыхтавалі і пасля рэалізавалі 100 тон чарніц. Але час пакажа.
Чаму такая карціна? Год на год не прыходзіцца, можа, ягада не ўрадзіла? Здаецца, і ёсць яна ў лесе, але людзі кажуць, што не паўсюль – месцамі. Да таго ж, не кожны нават заўзяты ягаднік пойдзе ў лес у такую спёку, як зараз. І яшчэ ў раёне працуе многа нарыхтоўшчыкаў ягад, у тым ліку прыватнікаў, якія ў барацьбе за кліентаў пастаянна павышаюць, дыктуюць цану. На момант напісання нататкі і ў прыватнікаў, і як вынік, у нарыхтоўшчыкаў сістэмы райспажыўкааперацыі чарніцы прымаліся па 6 руб. за кг (у мінулым годзе напрыканцы сезона прымалі па 5 руб.).
Закупачная цана ўжо значная, а яна яшчэ будзе павышацца, што ўскладняе для кіраўніцтва «Каапнарыхтпрама» пошук пакупнікоў на нарыхтаваную ягаду, бо і цана рэалізацыі мусіць быць высокай. Сяргей Вабішчэвіч шукае магчымасці для збыту і цяпер вядзе размовы з аптавікамі з Расіі, Польшчы, Украіны, краін Прыбалтыкі. Пакуль кантракты яшчэ не падпісаны, але ёсць вусныя дамоўленасці з шэрагам пакупнікоў.
Сёння чарніцы прымаюць усе магазіны райста, і яшчэ 40 нарыхтоўшчыкаў ад райста закупляюць чорныя ягады дома. У сховішчы «Каапнарыхтпрама» чарніцы паступаюць штодзень. Тут яны замарожваюцца, фасуюцца і захоўваюцца ў халадзільніку пры тэмпературы мінус 18 градусаў у чаканні свайго пакупніка.

Акрамя чарніц, у магазінах прымалі і прымаюць і іншыя ягады. Загадчыца магазіна «Славянка» філіяла «Каапнарыхтпрам» Наталля Мірашнічэнка кажа, што ў мінулым годзе ў гэты час у асноўным прымала чарніцы, а сёлета – вішні. З 1 ліпеня людзі прынеслі ў «Славянку» каля 200 кг чарніц, столькі ж кілаграмаў вішань яна прыняла ўсяго за тры дні, якія папярэднічалі нашаму візіту. Але ж прымаюць вішню па 50 кап. за кг, цана нават упала (прымалі па 70 кап.). Сезон на чырвоныя парэчкі ўжо прайшоў, рыхтуюцца прымаць чорныя парэчкі, але цана таксама не будзе надта высокай – па рублю за кілаграм.

Вольга Шэляговіч.
Фота Валерыя міскевіча.