Злодзей з душой… «жывёлавода»

У Івацэвіцкі РАУС паступіла заява ад кіраўніцтва ААТ «Перамога». Вось сутнасць: з памяшканняў малочнатаварнай фермы, што месціцца ў в. Жытлін, прапалі чатыры галавы буйной рагатай жывёлы агульнай вагой 1 662 кілаграмы. Сельгаспрадпрыемству нанесены маёмасны ўрон на суму 5 268 рублёў.
Як вынік, была ўзбуджана крымінальная справа.
Праз пэўны час міліцыя выйшла на след злачынцы, ім аказаўся 26-гадовы жыхар Івацэвічаў, які «гаспадарыў» на гэтай МТФ і ўкраў вышэйзгаданую жывёлу. Захоўваў яе ў памяшканнях нежылога дома ў в. Уласаўцы. Маладому чалавеку, які прызнаўся ў здзяйсненні дадзенага злачынства, прыйдзецца адказаць за свой учынак па ўсёй строгасці закона.
Просім кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў належную ўвагу накіраваць на ахову падобных аб’ектаў, бо, як бачыце, апетыты злодзея «прасціраюцца» вельмі шырока.

Сяргей ЮНКЕВІЧ, першы намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС.